Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ТЫДЗЕНЬ ГАЛАДАЕ ЗА КРАТАМІ СТАРШЫНЯ ГАРАДЗЕНСКАЙ АРГАНІЗАЦЫІ БНФ СЯРГЕЙ МАЛЬЧЫК


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сяргей Мальчык абвесьціў аб сваёй галадоўцы яшчэ ў судзе. Пасьля таго, як атрымаў прысуд — 10 сутак арышту. Гэта адбылося ў мінулую пятніцу. У нядзелю тэрмін ягонага знаходжаньня за кратамі закончыцца.

А на дзень раней выйдзе на волю Вадзім Саранчукоў — кіраўнік гарадзкой арганізацыі Маладога Фронту. Яго таксама пакаралі арыштам за Дзень Волі. Ён знаходзіцца ў тым жа ізалятары часовага ўтрыманьня Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі Горадні.

Сяргей Мальчык паводле адукацыі доктар і ведае, як галадаць з найменшай шкодай для здароўя. Два гады таму ён першым разам правёў галадоўку за кратамі ў ізалятары Кастрычніцкага РАУС.

Да апошняга часу стан сп-ра Мальчыка быў адносна неблагім. Яго ўдалося наведаць Аляксандру Антанюку — кіраўніку Рэгіянальнага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту. Па словах апошняга, умовы ўтрыманьня за кратамі крыху зьмяніліся. Цяпер у камэры трымаюць не чатырох, а двух чалавек. Ахвотных водзяць мыцца, чаго раней не было. Дазваляюць раніцай паліць і гарбату зь белым хлебам.

Але Сяргею Мальчыку апошняе непатрэбна. Сябры штодня перадаюць яму 2-літровую бутэльку вады і газэты. А празь дзень — адзін лімон. Праўда, цяпер кожнага разу даводзіцца пісаць заяву на імя начальніка райаддзелу міліцыі. Раней такога не было.
XS
SM
MD
LG