Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ ТЭХНАЛЁГІІ


Сяргей Шупа, Вільня

Невялікая прылада вагою 400 грамаў прымацоўваецца да нагі плыўца і ўтварае электроннае поле, якое ўзьдзейнічае на нэрвовую сыстэму акулаў. Падчас выпрабаваньняў прылады ў Паўдзённай Аўстраліі і Паўдзённай Афрыцы акулы ўцякалі, наблізіўшыся да плыўца на 2–3 мэтры. Супрацьакульная прылада коштам 240 даляраў уяўляе сабой мініятурную вэрсію вялізных стацыянарных прыстасаваньняў, ужываных падчас Алімпіяды 2000 году ў Сыднэі.

ТАМПЭРЭ (ФІНЛЯНДЫЯ). Фінскі вынаходнік Ісма Ракалайнэн з тэхналягічнага ўнівэрсытэту ў Тампэрэ распрацаваў мадэль віртуальнага кінаэкрана са штучнага туману. Выявы праектуюцца на туманную сьцяну, створаную двума сустрэчнымі патокамі паветра рознай тэмпэратуры. Туманны экран можа выкарыстоўвацца ў рэкляме або пры сымуляцыі віртуальнага асяродзьдзя. Паводле вынаходніка, экран дазваляе атрымаць надзвычайныя эфэкты — карціны проста вісяць у паветры, празь іх можна прайсьці, нічога не адчуўшы.

ЛОС-АНДЖЭЛЕС. Фэдэральны апэляцыйны суд ЗША пастанавіў, што кампанія “Напстэр” ня можа аднавіць паслугі бясплатнага абмену музычнымі файламі праз Інтэрнэт. Суд патрабуе ад “Напстэру” гарантыяў таго, што яго карыстальнікі ня будуць абменьвацца запісамі, ахоўванымі аўтарскім правам. Цяпер “Напстэр” разам з кампаніяй “Бэртэльсман” распрацоўвае пляны стварэньня платнай сеткі абмену музычнымі файламі. Новы, платны “Напстэр” пачне працаваць да канца гэтага году.

ВАШЫНГТОН. Навукоўцы з Каліфарнійскага Ўнівэрсытэту ў Бэрклі абвясьцілі пра стварэньне плястыкавых сонечных батарэяў, якія могуць наносіцца, як фарба, на любую паверхню. З часам гэткія батарэі могуць замяніць цяперашнія грувасткія і дарагія крэмніевыя сонечныя батарэі. Батарэя складаецца з нанаэлемэнтаў, заплаўленых у плястык. Яна можа быць вырабленая без адмысловых вакуумных камэраў і складанага тэхналягічнага працэсу, неабходнага для стварэньня крэмніевых батарэяў. Плястыкавыя батарэі могуць наносіцца на адзеньне і сілкаваць радыё або кампутарны працэсар.

ТОКІЁ. Японская кампанія “NTT DoCoMo” распрацоўвае мадэль мабільнага тэлефона, які пакладзе канец гучным тэлефонным размовам у публічных месцах. Уладальніку тэлефона ня трэба будзе спрабаваць перакрычаць навакольны шум — дастаткова будзе ціха вымавіць словы, і тэлефон трансфармуе іх у голас або тэкст. Кантактныя сэнсары каля мікрафона будуць счытваць электрычныя сыгналы, пасыланыя мышцамі твару, і сынтэзаваць іх у мову. Чакаецца, што першы тэлефон такога тыпу зьявіцца праз 5 гадоў.

ТОКІЁ. Японская фірма “Мінолта” з мэтай эканоміі затратаў на працоўную сілу пастанавіла да 2006 году перанесьці ўсю вытворчасьць прынтэраў і капіравальных машынаў у Кітай. Цяпер у Кітаі зьбіраецца 70% прадукцыі фірмы. У Японіі надалей захаваецца вытворчасьць высокатэхналягічных мадэляў і новых распрацовак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG