Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧАЛА ВЯШЧАНЬНЕ ПАЎНОЧНА-КАЎКАСКАЯ РЭДАКЦЫЯ РАДЫЁ СВАБОДА


Алена Радкевіч, Прага

Вяшчаньне на Паўночны Каўказ мела пачацца ў лютым, аднак выхад у эфір быў адкладзены ў сувязі з засьцярогамі Дзярждэпартамэнту ЗША – гэта магло, як сьцьвярджала Расея, дэстабілізаваць сытуацыю ў Чачэніі. Масква і цяпер выказала заклапочанасьць. Прадстаўнік прэзыдэнта Пуціна Сяргей Ястржэмбскі, камэнтуючы адкрыцьцё новай рэдакцыі, заявіў:

(Ястржэмбскі: ) “Натуральна, мы будзем надаваць такую ж пільную ўвагу зьместу вяшчаньня на чачэнскай мове радыёстанцыі “Свабода”, бо мы не хацелі б, каб гэтае вяшчаньне прывяло да ўскладненьня і стала б дадатковым фактарам дэстабілізацыі сытуацыі на Паўночным Каўказе. Такія, на жаль, прагнозы існуюць”.

Цяпер чачэнцы, аварцы ды чаркесы маюць магчымасьць атрымліваць інфармацыю на сваёй мове. Пакуль што ўсяго гадзіну на дзень будзе гучаць перадача, дзе 15 хвілінаў будзе адведзена кожнай з нацыянальных праграмаў і перадачы па-расейску.

Пра сэнс адкрыцьця новай праграмы мы гаворым з дырэктарам Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандрам Лукашуком.

(Лукашук: ) “Калі зусім проста: народы Паўночнага Каўказу – у бядзе. У бядзе людзі, правы чалавека, свабоды, у бядзе грамадзтвы – і праўдзівая інфармацыя можа дапамагчы. Рэдакцыя вяшчаньня на Паўночны Каўказ – першая новая рэдакцыя, створаная пасьля адкрыцьця вяшчаньня на Афганістан.

Адзначу, што ад сёньняшняга дня Радыё Свабода выходзіць у эфір на 34-х мовах, а агульны аб’ём вяшчаньня перавысіў 1000 гадзінаў на тыдзень – гэта адбылося ўпершыню ў гісторыі радыёстанцыі. За апошнія некалькі гадоў Свабода пачала вяшчаць на Іран, Ірак, дадалося некалькі рэдакцыяў для вяшчаньня на Балканы, нядаўна Свабода загучала на мове крымскіх татараў – кароткія выпускі рыхтуе наша татара-башкірская служба. Тыднёвая аўдыторыя Свабоды перавышае 20 мільёнаў чалавек.

(Карэспандэнтка: ) “Дакладна, бесстароньне, з павагай да правоў усіх людзей у зьнявечанай вайной зоне”, – так акрэсьліў характар вяшчаньня, якое пачнецца сёньня, прэзыдэнт Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа Том Дайн у сваёй заяве. Дзе будзе рыхтавацца і як будзе выглядаць новая праграма?”

(Лукашук: ) “Праграма будзе запісвацца ў Празе. У штаце рэдакцыі – 9 чалавек, акцэнт – на бягучыя падзеі ў рэгіёне і сьвеце, на навіны мясцовай палітыкі, культуры, гісторыі. Я гаварыў з калегамі, яны плянуюць перадачы, прысьвечаныя мове, рэлігіі, дэмакратычнаму працэсу.

Перадачы будуць на кароткіх хвалях ад 8-й да 9-й вечара паводле менскага часу, і паўтарацца будуць ад 7-й да 8-й раніцы. Мы ведаем, што ў Беларусі даволі шмат выхадцаў з паўночна-каўкаскага рэгіёну, у тым ліку ўцекачы з раёну ваенных дзеяньняў – яны таксама змогуць пачуць паўночна-каўкаскія навіны, рэпартажы, інтэрвію на родных мовах штовечар. Музыкі шмат ня будзе – усё ж гэта кароткія хвалі, і з надыходам лета прыём ня надта стабільны, што, на жаль, ведаюць і нашыя слухачы.

Дарэчы, спадзяюся, што і слухачы Беларускай Свабоды цяпер будуць мець лепшую магчымасьць сачыць за падзеямі на Паўночным Каўказе – паводле традыцыі, мы рэгулярна запрашаем у свой эфір супрацоўнікаў іншых службаў, будуць у нас суразмоўцамі і новыя калегі з паўночна-каўкаскай рэдакцыі”.

Новую праграму Радыё Свабода на чачэнскай, аварскай і чаркескай мовах можна пачуць ужо сёньня. Яе можна слухаць і ў Інтэрнэце, адрас: http://www.rferl.org/listen/live/bd/ca/
XS
SM
MD
LG