Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ СТАЛА НА АДЗІН БАНК МЕНШ: СПЫНЕНАЯ ДЗЕЙНАСЬЦЬ "БЕЛАРУСКАГА БІРЖАВОГА БАНКУ"


Міхал Стэльмак, Менск

Вось што зазначыў на гэты конт прэсавы сакратар старшыні Нацбанку Міхаіл Журавовіч:

(Журавовіч: ) "Рабіліся аздараўленчыя захады, аднак сёньняшняя сытуацыя паказвае, што банк цяжка "выцягнуць" з такога становішча. І таму праўленьне Нацыянальнага банку прыняло рашэньне адклікаць ліцэнзіі на зьдзяйсьненьне банкаўскіх апэрацыяў і генэральную ліцэнзію на ажыцьцяўленьне апэрацыяў у замежнай валюце. Такім чынам, на сёння банк ня мае ніводнай ліцэнзіі, і паўстала пытаньне аб спыненьні яго дзейнасьці".

Паводле словаў спадара Журавовіча, у адпаведнасьці з заканадаўствам справа "Беларускага біржавога банку" неўзабаве будзе перададзеная ў гаспадарчы суд для прызнаньня яго банкрутам. Што да самога банку, то, як вынікае з тлумачэньня шэраговых супрацоўнікаў, сёньняшняе рашэньне Нацыянальнага банку было для іх нечаканым.

"Беларускі біржавы банк" — адзін з найстарэйшых камэрцыйных банкаў Беларусі. Ён быў створаны 10 гадоў таму і да нядаўняга часу займаў, паводле банкаўскіх паказчыкаў, "залатую сярэдзіну". Толькі ў апошнія месяцы ён крыху здаў свае пазыцыі. Але ці была неабходнасць спыненьня ягонай працы? Вось як адказаў на гэтае пытаньне прэзыдэнт незалежнага навуковага цэнтру Мізеса Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) "У кантэксьце таго, што ўрад і Нацыянальны банк Беларусі ўзяліся за тое, каб у краіне працавалі толькі буйныя банкі, — гэта якраз вельмі лягічна тлумачыць тое, што адбылося сёньня зь "Беларускім біржавым банкам". Я ня думаю, што гэта паўплывае на сытуацыю ў цэлым у эканоміцы, таму што доля гэтага банку малая. Але з увагі на тое, што ў гэтага банку ёсьць заснавальнікі, ёсьць кліенты, такія захады падрываюць як аўтарытэт самой банкаўскай сыстэмы, так і ўраду ў цэлым".

Яраслаў Раманчук лічыць памылковай палітыку ўраду і Нацыянальнага банку, скіраваную на ліквідацыю ў Беларусі невялікіх банкаў. Таму што, як зазначыў спадар Раманчук, гэта дэстабілізуе працу ўсяе банкаўскай сыстэмы.
XS
SM
MD
LG