Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РАСПАЧАЛОСЯ СУДОВАЕ ПАСЕДЖАНЬНЕ Ў СПРАВЕ ПАЗБАЎЛЕНЬНЯ БАЦЬКОЎСКІХ ПРАВОЎ НАМЕСЬНІЦЫ ПРАКУРОРА МЕНСКАГА РАЁНУ


Галіна Абакунчык, Менск

Акрамя чыноўнікаў органаў апекі й адукацыі сёньня ў суд прыйшлі прадстаўнікі школы №219, дзе вучыцца хлопчык, а таксама далёкія сваякі Мікіты Князева. Ніна Халадзінская й Алена Шынкевіч прыехалі з Калодзішчаў, з-пад Менску, дзе пяць гадоў таму з маці й дзедам жыў Мікіта. Пра цяперашні лёс хлопчыка жанчыны даведаліся толькі з мэдыяў, і ў суд іх ніхто не запрашаў. Але судзьдзя паабяцала выслухаць іх як сьведак, бо сваячкам Мікіты ёсьць што паведаміць.

Да прыкладу, паводле словаў Ніны Халадзінскай, калі дом, дзе жыла сям’я малога, згарэў, а ў агні загінула маці хлопчыка, дзед Мікіты Ўладзімер Кахновіч — чалавек пэнсійнага ўзросту — раптам ажаніўся з будучай усынавіцелькай унука — Тамарай Князевай, а зямлю з пабудовамі прадаў:

(Халадзінская: ) "Яна зь ім расьпісалася, як афармляла Мікіту пяць гадоў таму, а дзед прадаў участак. Там і гараж стаяў, і хлеў, як летні домік, і газ прыродны там быў праведзены — добры ўчастак быў, упарадкаваны. Усё ён прадаў, а грошы ёй засталіся. Дзед казаў, што яна будзе ня супраць, каб мы прыяжджалі й адведвалі Мікіту. Але якое там адведваць, калі ён па тэлефоне баяўся размаўляць. Сам мне казаў — баюся, бо мама будзе сварыцца".

Паводле ейных словаў, хворы на сухоты дзед Мікіты хутка памёр, а Тамара Князева прадала кватэру сваёй маці, у якой жыла, і разам зь Мікітам пераехала у службовую, не пакінуўшы ніякіх каардынатаў. Так сувязь з хлопчыкам у сваякоў перапынілася канчаткова.

Але малому пашанцавала на добрых людзей, бо акрамя настаўнікаў, якія цяпер патрабуюць пазбаўленьня Тамары Князевай бацькоўскіх правоў, пра лёс хлопчыка клапоцяцца таксама бацькі аднаклясьнікаў Мікіты. Яны вазілі адзеньне й харчаваньне малому ў шпіталь, цяпер адведваюць яго ў санаторыі ў Астрашыцкім гарадку, дзе хлопчык жыве ўжо другі месяц. У суд бацькоў таксама ніхто не выклікаў, але яны прыйшлі й патрабуюць выступіць сьведкамі. Паводле іх словаў, разгляд гэтай справы неапраўдана зацягваецца. Гавораць Ала Беразінская й Ірына Радзько:

(Беразінская: ) "Першыя два тыдні мы проста ўсе плакалі. Якім павінен быць чалавек, каб дзіця ад макаўкі да пятак было ўсё скрамсанае. Асабліва полавыя органы. Хлопчык праляжаў у шпіталі тры тыдні — ужо за гэты час трэба было нешта вырашыць. Затым усе тэрміны прайшлі ў санаторыі. Атрымліваецца — не патрэбна нікому. Калі мы зразумелі, што нічога ня робіцца, мы напісалі лісты ў органы апекі, Гельсынскі камітэт. А ў РАНА нам адказалі, што мы ўвогуле ня мелі права агучваць гэтую справу".

(Радзько: ) "Сыстэма нашая такая, як нам сказалі — гэта ўнутранае расьсьледаваньне. А ўнутранае расьсьледаваньне ніхто ж ня можа пракантраляваць, як яны яго праводзяць".

Ад часу хадайніцтва аддзелу апекі Маскоўскага раёну сталіцы ў суд да сёньняшняга паседжаньня прайшло больш за месяц. Але калі канчаткова будзе вырашаны лёс хлопчыка — пакуль невядома, бо, паводле непацьверджаных зьвестак, пракуратура Менскай вобласьці, якая дасьледуе гэтую справу, зьбіраецца выставіць памочніцы пракурора Тамары Князевай абвінавачаньне за катаваньне, якое адпавядае артыкулу Крымінальнага кодэксу. Зрэшты, шмат будзе залежыць ад паказаньняў пацярпелага Мікіты Князева. Судзьдзя зьбіраецца выслухаць хлопчыка заўтра, 4 красавіка.
XS
SM
MD
LG