Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ НАВУКІ


Сяргей Шупа, Вільня

Тонга падпісала пагадненьне з каліфарнійскай кампаніяй “InterOrbital Systems” аб выкарыстаньні аднаго зь яе 170 астравоў у якасьці стартавай пляцоўкі для палётаў у космас. Кампанія зьбіраецца ад 2005 году пасылаць у космас усіх ахвочых. Тыднёвае падарожжа будзе каштаваць каля мільёна даляраў. Першым касьмічным турыстам пажадала быць 62-гадовая жыхарка штату Тэксас Ўолі Фанк, якая раней праходзіла падрыхтоўку ў рамках касьмічнай праграмы “Мэркуры”, аднак у космас так і не паляцела.

РЫМ. Італьянскія археолягі паведамілі пра адкрыцьцё ў паўдзённай Італіі “Вэнэцыі бронзавага веку” – старажытнага гораду з каналамі й дамамі, збудаванымі на сваях. Горад быў разьмешчаны на беразе ракі каля цяперашняга мястэчка Поджамарына на поўдзень ад Нэапалю. Мяркуецца, што ў горадзе жыло каля 700 чалавек, горад існаваў ад 1500 да 600 году да нашай эры, калі ён быў зьнішчаны паводкай. Паводле дасьледаваньняў, ацалелыя жыхары пасьля заснавалі рымскі горад Пампэі за некалькі кілямэтраў адтуль.

КЕМБРЫДЖ. Навукоўцы з Інстытуту палярных дасьледаваньняў у Кембрыджы папярэджваюць, што раставаньне арктычнай палярнай шапкі можа прывесьці да выміраньня палярных мядзьведзяў. Белыя мядзьведзі часам вымушаныя доўгі час праводзіць не на лёдзе, а на зямлі, дзе ім значна цяжэй знаходзіць ежу. Да таго ж вельмі шмат медзьведзянятаў гінуць, калі растаюць і абвальваюцца іх ледзяныя бярлогі. За апошнія 20 гадоў таўшчыня палярнай шапкі зьменшылася ўдвая. Паводле прадказаньняў навукоўцаў, з прычыны глябальнага пацяпленьня да 2080 году яна можа зьнікнуць зусім.

КЕМБРЫДЖ (МАСАЧУСЭТС). Астраномы цьвердзяць, што пашырэньне сусьвету паскараецца. Амэрыканскія і аўстралійскія навукоўцы даказалі існаваньне гэтак званай “цёмнай энэргіі”, якая спрычыняе гэткае паскарэньне. Гэтую ідэю ўпершыню выказаў Эйнштэйн, аднак пазьней прызнаў яе сваёй найбольшай навуковай памылкай. Навукоўцы пацьвердзілі яе, параўноўваючы будову цяперашняга сусьвету са структурамі фонавай радыяцыі, якія даюць уяўленьне пра карціну сусьвету адразу пасьля яго ўзьнікненьня. Як заявіў прафэсар Эфсатыю з Кембрыджскага Ўнівэрсытэту, Эйнштэйн зусім не памыляўся – “цёмная энэргія” існуе і пануе над больш звыклымі формамі матэрыі.

ТОКІЁ. На думку японскіх дасьледнікаў зь Сельскагаспадарчага факультэту Такійскага Ўнівэрсытэту, варонам падабаецца смак мыла. Адмысловыя дасьледаваньні пачаліся пасьля таго, як у адным зь дзіцячых садкоў у ваколіцах гораду Ціба, вароны былі засьпетыя за крадзяжом мыла з мыйняў на двары. Навукоўцы паўстаўлялі ў кавалкі мыла мініятурныя перадатчыкі й выявілі, што вароны хавалі мыла ў свае схованкі для ежы. Усяго за пяць тыдняў дасьледаваньня вароны паскрадалі 60 кавалкаў мыла, хаваючы іх на будоўлях, у полі або ў кучах лісьця. Некаторыя кавалкі былі надкусаныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG