Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛІМПІЙСКАГА ЧЭМПІЁНА Ў ФІГУРНЫМ КАТАНЬНІ ПАДАЗРАЮЦЬ Ў ДАТЫЧНАСЬЦІ ДА ГАНДЛЮ ЎСХОДНЕЭЎРАПЕЙСКІМІ ЖАНЧЫНАМІ


Алена Панкратава, Менск

Атрымаўшы ў 1968 годзе залаты мэдаль на Алімпійскіх гульнях у францускім Грэноблі, Вольфганг Шварц на доўгі час стаў кумірам Аўстрыі і, галоўным чынам, аўстрыйскіх жанчын. Фотаздымкі гэтага пасьпяховага спартоўца, а потым прадпрымальніка доўгі час друкаваліся на старонках папулярных часопісаў. У 1990 гады мясцовая прэса шмат пісала пра ягонае супрацоўніцтва з краінамі былога СССР у галіне шоў-бізнэсу.

Аднак колькасьць публікацыяў пра Шварца, што зьявіліся ў апошнія тыдні, можна параўнаць хіба што з самым зорным часам былога фігурыста. 54-гадовы Вольфганг Шварц падазраецца ў гандлі жанчынамі. Як піша венская “Der Standard”, на працягу трох месяцаў супрацоўнікі венскай крымінальнай паліцыі праслухоўвалі ўсе тэлефонныя размовы падазраванага, а таксама кантралявалі ўсе паступленьні на ягоныя банкаўскія рахункі. Паводле выданьня, праваахоўчыя органы маюць доказы, што прынамсі сем жанчын (чацьвёра зь іх — беларускі) трапілі ў бардэлі Вены, Зальцбургу і Грацу менавіта пры непасрэдным удзеле Шварца.

У гэтым надзвычай прыбытковым крымінальным бізнэсе партнэрамі Шварца, як піша “Der Standard”, былі Надрын з Арменіі, а таксама аўстрыец беларускага паходжаньня Барыс. У дачыненьні да апошняга пакуль што даказаная выключна ягоная перакладчыцкая дзейнасьць. Што да Надрын, то ў абавязкі гэтае асобы ўваходзілі пошукі найбольш прыгожых дзяўчат у Беларусі, Літве, Украіне, Расеі, гутаркі зь імі і запрашэньне на заробкі ў Аўстрыю.

Часьцей за ўсё прапаноўваліся месцы танцорак у клюбах альбо кельнэрак у барах. Згодна з дамоўленасьцямі, жанчыны павінны былі штотыдзень аддаваць прынамсі 1000 даляраў аўстрыйскаму боку. Мяркуецца, што “гэты бок” і ёсьць Шварц. Аднак адвакаты алімпійскага чэмпіёна ўсяляк адмаўляюць датычнасьць іхнага падабароннага да гэтых грошай.

Сам Шварц ужо прызнаўся ў тым, што менавіта ён дапамагаў жанчынам у атрыманьні аўстрыйскіх візаў. Цікава, што кожная зь іх у адмысловых анкетах аўстрыйскай амбасады ў графе “прафэсія” пісала “мастачка”. “Мастачкі”, пра візавую падтрымку якіх прасіў дыпляматычных супрацоўнікоў сам Шварц, атрымлівалі візу за кароткі час – традыцыйныя запыты на іх у аўстрыйскае МУС амбасады звычайна не накіроўвалі.

Вольфганг Шварц усяляк адмаўляе, што дапамагаў жанчынам з карысьлівых мэтаў. Інакш кажучы, — іранізуюць аўстрыйскія журналісты, — ён "нічога ня ведаў" пра тое, што жанчыны могуць трапіць у бардэлі.

Ня сьведчылі супраць Шварца пакуль і самі жанчыны. Пасьля падобных прызнаньняў яны адразу ж будуць дэпартаваныя на радзіму. Паводле праваахоўчых органаў, хуткаму завяршэньню справы перашкаджае і тая акалічнасьць, што супрацоўніцтва органаў паліцыі й сьледзтва Аўстрыі і краінаў СНД на цяперашні момант яўна недастатковае.

Паводле аўстрыйскай прэсы, выпадак са Шварцам – гэта толькі вяршыня айсбэргу. Гандаль жанчынамі зь Беларусі, Расеі і Ўкраіны з кожным годам набывае ў Аўстрыі ды іншых краінах Заходняй Эўропы ўсё большыя памеры.
XS
SM
MD
LG