Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПА ЎСТУПЛЕНЬНІ ПОЛЬШЧЫ Ў ЭЎРАЗЬВЯЗ ЗЬНІКНУЦЬ ПАМЕЖНЫЯ ПЕРАХОДЫ СА СПРОШЧАНЫМ ПАРАДКАМ ПЕРАСЯЧЭНЬНЯ МЯЖЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Цяпер на польска-беларускай мяжы існуе сем памежных пераходаў са спрошчаным парадкам перасячэньня мяжы. Імі ад 8-й раніцы да 10-й вечара могуць скарыстацца толькі грамадзяне Польшчы і Беларусі, якія жывуць у памежных рэгіёнах абедзьвюх краінаў.

Паводле міждзяржаўнага пагадненьня яшчэ савецкага часу замест ваўчараў ці візаў суседзям патрэбная толькі даведка, якая сьведчыць аб прапісцы ў памежным рэгіёне. Такія пераходы ў Белавежы, Ліпшчанах ці Кузьніцы вельмі папулярныя сярод жыхароў памежжа.

Аднак напярэдадні прадстаўнікі Польскай службы аховы межаў паведамілі, што з днём уступленьня Польшы у Эўразьвяз памежныя пераходы са спрошчаным парадкам перасячэньня мяжы павінны зьнікнуць альбо набыць статус звычайных міжнародных памежных пераходаў. Ад 1 студзеня 2004 году ўсходняя мяжа Польшчы стане зьнешняй мяжой аб’яднанай Эўропы.

Але паводле польскіх памежнікаў зь сямі пераходаў атрымаць статус міжнароднага мае шанец толькі адзін – Палоўцы, ён жа зь беларускага боку завецца Пяшчатка. Астатнія ня маюць неабходнай інфраструктуры для працы памежных і мытных службаў, а некаторыя нават і адпаведнай якасьці дарогаў, каб да іх можна было даехаць.

У часе нядаўняй сустрэчы ў Беластоку прадстаўнікі памежных войскаў Беларусі й Польшчы выказалі намер як мага хутчэй распачаць абмеркаваньне захадаў дзеля мадэрнізацыі пераходаў. Аднак дзеля гэтага патрэбныя міждзяржаўныя пагадненьні ды значныя сродкі.

Калі праблема пераабсталяваньня пераходаў са спрошчаным парадкам перасячэньня мяжы ня вырашыцца, дык па ўступленьні Польшчы ў Эўразьвяз паездка беларуса ў Варшаву (ці паляка ў Берасьце) зробіцца яшчэ больш цяжкай. Да клопатаў па атрыманьні візы дададуцца доўгія чэргі на меншай колькасьці памежных пераходаў.

Варта адзначыць, што на 400-кілямэтровай польска-беларускай мяжы на сёньняшні дзень разьмешчаныя 14 пераходных пунктаў, у той час як на амаль аднолькавай паводле працягласьці мяжы зь Нямеччынай Польшча мае пераходаў у два з паловай разы больш.

Цікава таксама, што летась у параўнаньні з 2000 годам рух на беларуска-польскай мяжы зьменшыўся на 12%, аднак колькасьць беларусаў, якія былі затрыманыя ў часе спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з Польшчай, узрасла ў 4 разы.
XS
SM
MD
LG