Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУЗЫЧНЫЯ ПІРАТЫ ШУКАЮЦЬ ПРЫТУЛКУ Ў БЕЛАРУСІ


Алесь Грыневіч, Менск

Большасьць кампакт-дыскаў і касэтаў, якія прадаюцца сёньня ў Беларусі, ёсьць пірацкімі — вытворцы гэтай прадукцыі парушаюць аўтарскія правы, лічаць прадстаўнікі Міжнароднай фэдэрацыі вытворцаў фанаграмаў. Гэтая арганізацыя змагаецца з музычным пірацтвам па ўсім сьвеце, абараняючы інтарэсы найбуйнейшых кампаніяў гуказапісу.

Рэгіянальны дырэктар фэдэрацыі па Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў Ігар Пажыткаў кажа, што каля 80% прадукцыі на беларускім рынку кампакт-дыскаў і касэтаў ёсьць пірацкімі. Гэта прыблізна адпавядае ўзроўню іншых краінаў СНД. За 2001 год у Беларусі было прададзена каля васьмі мільёнаў пірацкіх касэтаў і амаль тры мільёны пірацкіх кампакт-дыскаў, кажа ён.

Паводле рэгіянальнага дырэктара па Ўсходняй Эўропе Стэфана Краўчыка, у самой Беларусі ў асноўным вырабляюцца пірацкія кампакт-касэты. Значная частка зь іх трапляе на польскі рынак; ёсьць таксама непацьверджаная інфармацыя аб пастаўках беларускіх нелегальных касэтаў у Літву ды іншыя краіны. Датычна ж вытворчасьці пірацкіх кампакт-дыскаў спадар Краўчык кажа, што Беларусь пакуль што нельга ставіць у адзін шэраг з Расіяй і Ўкраінай.

(Краўчык: ) "Тут ёсьць вытворчасьць, і значная частка яе — відавочна пірацкая. Але па памерах гэта далёка ня так шмат, у параўнаньні з тым, што сыходзіць з Расеі, ці з тым, што апошнім часам сыходзіць з Украіны. Беларусь прысутнічае на гэтым рынку, там адбываюцца незаконныя рэчы, але Беларусь ня ёсьць вытворцам нумар адзін. Пакуль што, але гэта можа зьмяніцца".

Спадар Краўчык кажа, што ўжо ёсьць інфармацыя аб стварэньні ў Беларусі маштабнай вытворчасьці неліцэнзійных кампакт-дыскаў.

(Краўчык:) "Прынамсі адзін былы буйны вытворца пірацкіх кампакт-дыскаў з Украіны перавез частку свайго абсталяваньня ў Берасьце. І у нас ёсьць падставы лічыць, што гэты завод у Берасьці зноўку, як гэта было ва Ўкраіне, займаецца нелегальнай вытворчасьцю, у асноўным на экспарт".

Некаторыя вытворцы пірацкай прадукцыі пераяжджаюць з Украіны ў Беларусь і Расею, бо апошнім часам Украіна трапіла пад асабліва пільную ўвагу Злучаных Штатаў, дзе базуюцца найбуйнейшыя музычныя карпарацыі. ЗША абвінавацілі ўкраінскія ўлады ў бязьдзеяньні датычна пірацкай вытворчасьці, і ўвялі гандлёвыя санкцыі супраць Украіны прыкладна на 75 мільёнаў даляраў штогод. Амэрыканскія ўлады кажуць, што Ўкраіна штогод вырабляе дзясяткі мільёнаў пірацкіх кампакт-дыскаў. Украінскія ўлады збольшага адкідалі такія абвінавачаньні, але былі вымушаныя зрабіць захады супраць сваіх "піратаў". Гаворыць Ігар Пажыткаў, дырэктар па СНД Міжнароднай фэдэрацыі вытворцаў фанаграм.

(Пажыткаў: ) "Быў моцны міжнародны ціск на Ўкраіну, у выніку чаго некаторыя заводы па вытворчасьці кампакт-дыскаў ці закрыліся, ці згарнулі сваю дзейнасьць. Некаторыя зь іх перавезьлі свае лініі па вытворчасьці кампакт-дыскаў у іншыя краіны СНД. У прыватнасьці, некаторыя лініі пераехалі ў Расею, а некаторы лініі пераехалі ў Беларусь — на мяжу з Польшчай, у Берасьце".

Спэцыфіка Беларусі яшчэ і ў тым, што краіна ляжыць на шляху паміж Расеяй і Цэнтральнай Эўропай, і таму празь яе транзытам праходзяць буйныя партыі нелегальнай прадукцыі. Спадар Краўчык кажа, што пры канцы 1999 і на пачатку 2000 году беларускія мытнікі двойчы затрымлівалі пірацкія кампакт-дыскі, вырабленыя ва Ўкраіне — у дзьвюх канфіскаваных партыях тады агулам быў 1 мільён 300 тысяч дыскаў.

Увогуле ж музычнае пірацтва зьяўляецца адным з найбольш прыбытковых нелегальных бізнэсаў. Прыкладна кожны трэці кампакт-дыск у сьвеце — пірацкі. Агульны кошт усясьветнага нелегальнага музычнага рынку ацэньваецца прыкладна ў 4,5 мільярды даляраў.
XS
SM
MD
LG