Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША СТАЛІ ЎСЁ БОЛЬШ ХІЛІЦЦА НА БОК ІЗРАІЛЮ


Віталь Цыганкоў, Прага

У панядзелак прэзыдэнт ЗША Джордж Буш стаў на абарону ізраільскага прэм’ера Арыэля Шарона і заклікаў Ясіра Арафата спыніць тэрарыстычныя акты палестынцаў. Варта адзначыць, што заява Буша прагучала на тле ўсё большага ціску на ЗША з боку лідэраў арабскага сьвету, на тле шматтысячных антыізраільскіх дэманстрацыяў у Эўропе.

Тым ня менш, Буш адмовіўся заклікаць Шарона вывесьці ізраільскія войскі з палестынскіх паселішчаў Заходняга Берагу і зьняць аблогу Арафата ў ягонай штаб-кватэры. Ізраіль, сказаў прэсавы сакратар Белага дому Ары Флейшнэр, дае абгрунтаваны адказ на апошнія акты тэрору. А вось што сказаў з гэтай нагоды сам прэзыдэнт ЗША:

(Буш: ) “Тут ніколі ня будзе міру, пакуль тут існуе тэрор. І ўсе мы павінны змагацца – змагацца супраць тэрору. Я бы хацеў, каб старшыня Арафат асудзіў тэрарыстычную дзейнасьць, гэтыя няспынныя атакі”.

Некаторыя крытыкі сьцьвярджаюць, што адміністрацыя Буша занадта хістаецца і вагаецца ў сваёй блізкаўсходняй палітыцы. Напрыклад, выступаючы на амэрыканскім нацыянальным тэлебачаньні, Зьбігнеў Бжэзіньскі, былы дарадца прэзыдэнта Картэра ў канцы 1970-х, сказаў, што палітыка Буша падае вельмі супярэчлівыя сыгналы. З аднаго боку, ЗША галасавалі за рэзалюцыю ААН, якая заклікае Ізраіль вывесьці войскі з палестынскіх тэрыторыяў. Зь іншага, Джордж Буш фактычна ўхваліў прысутнасьць ізраільскіх войскаў на гэтых землях, заявіўшы, што Ізраіль мае права абараняць сябе ад тэрарыстаў.

На пачатку свайго прэзыдэнцтва Джордж Буш і найвышэйшыя прадстаўнікі ягонай адміністрацыі пераважна заклікалі абодва бакі канфлікту да стрыманасьці. Аднак за апошнія месяцы амэрыканская адміністрацыя стала больш хіліцца на бок Ізраілю, яна вінаваціць Арафата за працяг гвалту і падтрымлівае права Ізраілю абараняць сябе.

Зрэдку Буш крытыкуе Шарона – прыкладам, 13 сакавіка, калі ізраільскія ваенныя акцыі, паводле Буша, “не былі карысныя”. Але за апошнія дні крытыка Бушам Ізраілю была вельмі абмежаванай. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША чарговы раз даў зразумець, што ЗША чакаюць ад Арафата першых крокаў дзеля спыненьня гвалту.

Колькасьць ахвяраў канфлікту расьце, расьце й незадаволенасьць цяперашняй амэрыканскай пазыцыяй. У Кувэйце ў парлямэнце прагучала рэдкая для гэтай краіны крытыка ЗША і заклік да амэрыканцаў спыніць спрыяньне ізраільскай агрэсіі. Тысячы людзей выходзяць на антыізраільскія і антыамэрыканскія дэманстрацыі ў Эгіпце, Лібіі, Ярданіі і Лібане. Лібійскі лідэр Муамар Кадафі заявіў, што арабскія дзяржавы павінны дазволіць дабраахвотнікам перасячы мяжы і далучыцца да палестынскай інтыфады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG