Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫ ФРОНТ АРГАНІЗАВАЎ У МЕНСКУ АКЦЫЮ ПАД НАЗВАЮ ДЗЕНЬ ЭЎРОПЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Актывісты Маладога Фронту адмыслова прымеркавалі сваю акцыю да гадавіны ўтварэньня так званай саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі.

У Менску адзначэньне маладафронтаўскага Дня Эўропы пачалося а 5-й гадзіне раніцы.

У гэты час на доме па вуліцы Старажоўскай, 8 — якраз насупраць амбасады Расеі — былі вывешаныя два вялікія сьцягі 3 на 6 мэтраў — бел-чырвона-белы й Эўрапейскага зьвязу. Такім чынам маладафронтаўцы прадэманстравалі расейскім дыпляматам свае геапалітычныя прыхільнасьці. (На слупах цэнтральных менскіх вуліцаў сёньня вывешаныя сьцягі іншых колераў — чырвона-зялёныя й расейскія трыкалёры.)

Сёньня ж актывісты Маладога Фронту перадалі чатыром менскім бібліятэкам кампакт-дыскі з матэрыяламі пра Эўрапейскі Зьвяз, а таксама правялі віктарыны на тэму эўрапейскай інтэграцыі ў вышэйшых навучальных установах, ПТВ і школах. Там навучэнцам і студэнтам раздавалі адпаведныя матэрыялы, дасланыя Эўрапейскай камісіяй з Брусэлю.

На вуліцах Менску таксама было арганізаванае апытаньне. Хлопцам і дзяўчатам задавалі пытаньне: які шлях разьвіцьця ёсьць лепшым для Беларусі — эўрапейскі ці расейскі. Гаворыць адзін з арганізатараў правядзеньня Дня Эўропы ў Менску, намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шэін:

(Шэін: ) "Сваімі дзеяньнямі Малады Фронт паказвае, што Беларусь так ці інакш вернецца туды, адкуль яна выйшла — а выйшлі мы з цывілізаванай Эўропы. У нас няма іншага шляху, як проста вярнуцца да сябе дадому. І таму знаёмства маладых людзей празь бібліятэкі, праз раздачы ва ўнівэрсытэтах, знаёмства з тым, чым і як зараз жыве Эўропа, выказваньне моладзьдзю сваёй пазыцыі безумоўна будзе спрыяць таму, каб мы хутчэй пачалі жыць нармальным жыцьцём".

Сёньня ж маладафронтаўцы арганізуюць у цэнтры Менску вулічную акцыю. Гаворыць актывіст Маладога Фронту Міхал Шарамет:

(Шарамет: ) "На гэтай акцыі будзе касьцюмаванае прадстаўленьне, будуць узьнятыя ўсе сьцягі краінаў Эўразьвязу, сьцяг самога Эўразьвязу, а таксама бел-чырвона-белыя сьцягі. Гэта будзе нешта накшталт маленькага сьвяточнага прадстаўленьня".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG