Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ ПАЎПЛЫВАЛА ІНТЭГРАЦЫЯ НА ПАЎСЯДЗЁННАЕ ЖЫЦЬЦЁ ШАРАГОВЫХ ГРАМАДЗЯНАЎ БЕЛАРУСІ?


Галіна Абакунчык, Менск

У 1997 годзе ўказам Лукашэнкі 2 красавіка прызнаны днём яднаньня народаў Беларусі й Расеі, які адзначаецца на дзяржаўным узроўні. З году ў год колькасьць людзей, якія з настальгіяй згадваюць савецкае мінулае і бачаць у беларуска-расейскім саюзе своеасаблівы эрзац СССР, зьмяншаецца. Аднак іх усё яшчэ нямала. Гэта пераважна людзі сталага ўзросту, пэнсіянэры.

(Жанчына: ) "З аднаго боку можа быць і лепей, бо ня сталі мы ў чэргах стаяць. Я ня супраць таго, каб аб’ядналіся, бо было б лепей, лягчэй нам жыць разам. Але як будзе далей — Бог яго ведае".

(Мужчына: ) "Яго ж няма, саюзу. Вось калі будзе саюз, то будзе жыць лягчэй, бо засталіся сувязі старыя".

(Жанчына: ) "Як мы жылі адразу пасьля распаду, то цяпер лепей. Кошты стабілізуюцца, інфляцыя зьмяншаецца. Беларусь падымаецца, на ногі становіцца, і саюз гэтаму дапамагае магчыма".

(Жанчына: ) "Я лічу, што сталі жыць лепш”.

Іншыя мае суразмоўцы не адважыліся даваць адназначную ацэнку так званаму саюзу Беларусі й Расеі, але адзначылі, што рэальных вынікаў сёньня яны ня бачаць.

(Мужчына: ) "Цяжка сказаць, як паўплывала гэта на нашае жыцьцё. Напэўна, якія прымаюцца рашэньні ў Расеі, такія і ў Беларусі".

(Мужчына: ) "Асабліва нічога не зьмянілася. Адно, што праехаць у Расею стала без праблемаў".

(Жанчына: ) "Як было, так і ёсьць. Мне ўсё роўна".

(Мужчына: ) "Я не сказаў бы, што гэта неяк палепшыла маё жыцьцё. Сваякоў у Расеі ў мяне няма. Вельмі добра мне гэта не зрабіла. Тое, што мы не спрачаемся, напэўна, добра. Ну, хай будзе так".

А пераважная бальшыня маіх сёньняшніх выпадковых суразмоўцаў на пытаньне “Ці палепшыла вашае жыцьцё беларуска-расейская інтэграцыя?” адказвалі наступным чынам:

(Карэспандэнтка: ) "Як памянялася вашае жыцьцё? Ці палепшылася яно?"

(Юнак: ) "Я не адчуваю, каб маё жыцьцё палепшылася".

(Іншы юнак: ) "Я не адчуў, каб маё жыцьцё палепшылася ці пагоршылася. Як было, так і засталося".

(Мужчына: ) "Пакуль не відаць ніякага рэальнага выніку ад гэтага аб’яднаньня, і разам з тым відаць, што той, хто мае сваю справу, перавёў яе ў Расею".

(Жанчына: ) "Нічога не палепшылася. Я працую на заводзе й выніку ня маю. Атрымоўваю тыя ж грошы. На цукеркі дзецям хапае".

(Жанчына: ) "Мае бацькі жывуць у Расеі. І мяне вельмі не задавальняе, што падаражэў праезд, тэлефонныя перамовы. А ў эканамічным пляне мы лепш жывем, чым некаторыя рэгіёны Расеі".

(Мужчына: ) "Нічога не памянялася. Тое, што друкуюць і пра што кажуць — хацелася, каб гэта было, але ж яго няма”.

(Жанчына: ) "Трэба выбіраць лепшае, каб было добра для ўсіх людзей. А за што яны змагаюцца ўсе гэтыя гады? За партфэлі? Невядома за што яны змагаюцца".

(Юнак: ) "Ды нічога не памянялася. Толькі сьцягі вісяць, і ўсё".

(Мужчына: ) "Няма ніякага аб’яднаньня. Ёсьць толькі нейкія палітычныя гульні. Нехта некага падтрымлівае, а аб’яднаньня нуль. І зьменаў ніякіх няма”.
XS
SM
MD
LG