Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ МЭДЫЦЫНЫ


Сяргей Шупа, Вільня

Яны сталіся прычынай дэпрэсіі й псыхічных траўмаў шматлікіх жыхароў Нью-Ёрку. Тэлефоннае апытаньне жыхароў Мангэтэну выявіла, што сымптомы дэпрэсіі адчуваюць каля 10% рэспандэнтаў, а 7,5% пакутуюць на бяссоньніцу, нэрвовыя парушэньні ды іншыя праявы пасьлятраўматычнага стрэсу – гэта прыблізна ўдвая перавышае звычайныя паказьнікі. Дадатковымі прычынамі псыхалягічных парушэньняў сталіся пагроза біятэрарызму, пасылка амэрыканскіх вайскоўцаў у Афганістан, катастрофа самалёта над раёнам Куінз 12 лістапада.

ПАРЫЖ. Напярэдадні Вялікадня францускія навукоўцы ўпершыню пасьпяхова правялі клянаваньне трусоў з дарослых клетак. Дагэтуль у іншых краінах сьвету былі клянаваныя авечкі, каровы, козы, мышы, сьвіньні й каты. На думку навукоўцаў, клянаваньне жывёлаў дапаможа лепшаму разуменьню мэханізму чалавечых хваробаў, бо яно дазваляе назіраць за ўплывам вірусаў на паасобныя гены. Клянаваныя трусы асабліва важныя, бо яны фізіялягічна значна больш блізкія да чалавека, чым пацукі або мышы.

БАГДАД. Ірацкія вэтэрынары цьвердзяць, што ў рыбных гадавальніках у навакольлях Багдаду памірае рыба. Прычынай гэтага яны называюць ужываньне брытанскай і амэрыканскай авіяцыяй забароненай зброі. Падчас вайны ў Пэрсыдзкай затоцы 1991 году саюзная авіяцыя скінула на Ірак каля 300 тонаў зьбедненага ўрану. Паведамляецца таксама, што за апошняе дзесяцігодзьдзе сярод насельніцтва Іраку павялічылася колькасьць ракавых захворваньняў. Летась вывучэньнем вынікаў бамбаваньня Іраку бомбамі са зьбедненым уранам занялася Ўсясьветная Арганізацыя Аховы Здароўя.

МЭЛЬБУРН. Праведзенае ў Аўстраліі дасьледаваньне паказала, што бальшыня людзей, якім больш за 100 гадоў, адчувае сябе здаровымі й шчасьлівымі. Прафэсар Джон МакКормак з Мэльбурнскага Ўнівэрсытэту цьвердзіць, што дзьве траціны з 55 удзельнікаў дасьледаваньня задаволеныя сваім жыцьцём. Навуковец выказаў спадзяваньне, што пры сучасных тэхналёгіях людзі могуць жыць да 150 гадоў.

ЧЫКАГА. Кармленьне грудзьмі ўяўляе сабою магутны абязбольвальны сродак для нованароджаных дзяцей, цьвердзяць аўтары дасьледаваньня, праведзенага ў Чыкагскім Унівэрсытэце. Кормленыя грудзьмі немаўляты падчас стандартных шпітальных аналізаў і ўколаў плакалі й крывіліся значна менш, а іхны пульс заставаўся раўнейшы, чым у немаўлятаў на штучным кармленьні. Ранейшыя досьледы на жывёлах паказалі, што смак і пах матчынага малака можа блякаваць балявыя сыгналы ў хрыбтовых нэрвах.

АМСТЭРДАМ. Ад 1 красавіка ў Нідэрляндах легалізаваная эўтаназія. Такім чынам Нідэрлянды сталіся першай краінай у сьвеце, дзе дазволена пазбаўляць жыцьця безнадзейна хворых, якія самі жадаюць памерці. Пастанову пра гэта парлямэнт краіны прыняў год таму. У адпаведным выпадку пацыенту мусяць пагражаць невыносныя і невылечныя пакуты, ён мусіць выказаць жаданьне памерці добраахвотна і абгрунтавана. Лекар і пацыент мусяць быць упэўненыя, што іншага выйсьця няма, гэта мусіць засьведчыць яшчэ адзін лекар і, урэшце, жыцьцё мусіць быць спыненае адпаведным з гледзішча мэдыцыны спосабам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG