Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У КУРАПАТАХ БУДАЎНІКІ ПАКРЫСЕ ЗАСЫПАЮЦЬ КРЫЖЫ ЛЯ НАСЫПУ ДАРОГІ


Ганна Соусь, Менск

Апошнімі днямі будаўнікі падсыпаюць жвір на ўчастак кальцавой дарогі ля Курапатаў. Пры гэтым існуе небясьпека, што крыжы, ўсталяваныя тут раней, неўзабаве будуць засыпаныя. Валанцёрка Каця Карпенка некалькі разоў спрабавала спыніць рабочых.

(Карпенка: ) "Я проста пачала адкопваць крыжы. Падышлі будаўнікі, галоўны інжынэр лаяўся маскальскімі мацюкамі на нас, крычаў, каб крыжы не адкопвалі, што іх трэба ўвогуле выкапаць і аднесьці куды-небудзь, бо іх усё роўна закапаюць".

(Карэспандэнтка: ) "Якімі будуць вашыя наступныя дзеяньні, калі яны насамрэч пачнуць цалкам засыпаць крыжы?"

(Карпенка: ) "Раней была дамова пра тое, што гэтыя першыя крыжы ня будуць засыпаць. Калі яны іх будуць засыпаць як зараз, пакрысе, то мы будзем іх адкопваць. А калі будуць дзейнічаць нахабна, то яны будуць закопваць крыжы разам з намі".

Апошнімі днямі ў лягеры абаронцаў Курапатаў было багата замежных наведнікаў — былі нарвэжцы й французы, прыходзілі чэскія кінэматаграфісты. Не абмінаюць лягер і беларусы. Прыкладам, старшыня фонду "Дзецям Чарнобыля" Генадзь Грушавы чарговы раз прывёз валанцёрам харчоў. Завіталі ў Курапаты й актывісты з Барысава. Гаворыць Васіль Парфянкоў.

(Парфянкоў: ) "Прыяжджалі сюды два "зуброўцы" з Барысава. Яны, як даведаліся, што тут зараз няшмат народу (нас сёньня тры чалавекі начавала), то паабяцалі, што з Барысава на выходныя будуць прыяжджаць заўжды тры-чатыры чалавекі".

Валанцёры цяпер актыўна займаюцца фізычнымі практыкаваньнямі. Працягвае Антось Шкурынскі:

(Шкурынскі: ) "Адпрацоўваем сьценкі, клін, робім фізычныя практыкаваньні — бег, куляньне, адцісканьне".

(Карэспандэнтка: ) "А дзеля чаго гэта трэба ў Курапатах?"

(Шкурынскі: ) "Каб у выпадку нейкіх непрыемнасьцяў зь міліцыяй альбо зь іншымі засланымі людзьмі ўсім трымацца разам, і гэтае дасьць шанец уцалець".

Гэтыя засьцярогі не беспадстаўныя. Тлумачыць лідэр Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) "Ускладнілася становішча ў Курапатах. Шмат людзей ідуць, так бы мовіць, на прыроду. 31 сакавіка былі сутычкі зь імі. 30 сакавіка сюды прыйшлі каля 25 маладых людзей нападпітку, агрэсіўныя такія. Я ня веру ў выпадковыя групаваньні маладых людзей, якія прыходзяць сюды, так бы мовіць, паштурхацца з палітычнымі. Звычайна іх нехта скіроўвае.

Зараз ідзе новая форма вандалізму, калі пад'яжджае самазвал і высыпае жвір на крыжы. Нашыя падыходзяць туды пратэставаць, а ў гэты час пад'яжджае другі самазвал у іншым месцы. Фактычна гэта новая спроба пашырэньня трасы. І нам зараз тут патрэбная дапамога".

Сяржук Высоцкі заклікае ўсіх, каму неабыякавы лёс нацыянальнага нэкропалю, далучацца да бестэрміновай вахты памяці ў Курапатах.
XS
SM
MD
LG