Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗЬВЯЗ БЕЛАРУСКІХ ПАЛІТЫЧНЫХ УЦЕКАЧОЎ У ПОЛЬШЧЫ ПАДТРЫМАЕ БЕЛАРУСАЎ, ЯКІХ ПЕРАСЬЛЕДУЮЦЬ НА РАДЗІМЕ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У дэклярацыі, распаўсюджанай напярэдадні, гаворыцца, што галоўнымі мэтамі Зьвязу ёсьць юрыдычная, інфармацыйная і псыхалягічная падтрымка грамадзянаў Беларусі, які зьехалі ў Польшчу з-за перасьледу па палітычных матывах. Акрамя гэтага, Зьвяз плянуе займацца адаптацыяй беларусаў, якія ўжо атрымалі ў Польшчы статус уцекача, а таксама дапамагаць у кантактах з польскімі дзяржаўнымі органамі.

Як гэта будзе рабіцца, я запытаўся ў старшыні Зьвязу Яся Абадоўскага:

(Абадоўскі: ) “Будзем дапамагаць гэтым людзям знайсьці працу. А калі гэта студэнты, якіх выключылі з ВНУ ў Беларусі з палітычных матываў, будзем дапамагаць ім уладкавацца тут ва ўнівэрсытэты”.

(Карэспандэнт: ) “У дэклярацыі таксама гаворыцца, што сябры Зьвязу зьяўляюцца палітычнымі праціўнікамі Аляксандра Лукашэнкі, аднак выступаюць супраць ізаляцыі Беларусі на міжнароднай арэне. Як гэта можна патлумачыць?”

(Абадоўскі: ) “Маецца на ўвазе, што мы выступаем супраць эканамічнай блякады. Мы лічым, што гэта не прынясе нічога добрага беларускаму народу. Але адначасова мы выступаем супраць дыктатуры Лукашэнкі й хочам, каб усіх людзей з каманды Лукашэнкі тут не прымалі на высокім узроўні”.

Спадар Абадоўскі адзначыў таксама, што апошнім часам актыўна дзейнічае і варшаўскае прадстаўніцтва Зьвязу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы. Гаворыць кіраўнік прадстаўніцтва, намесьнік старшыні Зьвязу Валер Кругавы:

(Кругавы: ) “У Варшаве наша бюро ўжо стала працуе. І займаецца тым, пра што мы гаворым у дэклярацыі. Тут можна атрымаць кансультацыі й прававую інфармацыю. Людзі прыяжджаюць да нас з розных частак Польшчы, і мы дапамагаем з інфармацыяй: як праходзіць працэдура атрыманьня статусу ўцекача, якія патрэбныя дакумэнты, якія ўцякач мае правы.

Акрамя таго, што тычыцца адаптацыі, дык некаторыя сябры Зьвязу ўжо стала займаюцца распрацоўкай праграмаў і праектаў у гэтай справе. Цяпер мы наладжваем кантакты зь іншымі недзяржаўнымі арганізацыямі, заяўляем пра сябе і шукаем фінансаваньня праектаў Зьвязу. Карацей кажучы, пакуль мы займаемся працай, якая дазволіць Зьвязу быць дзейнай арганізацыяй”.

Цяпер сябры Зьвязу рыхтуюцца да рэалізацыі праграмаў, якія маюць дапамагчы уцекачам зь Беларусі псыхалягічна адаптавацца ў польскім грамадзтве – даведацца пра палітычны і дзяржаўны лад Польшчы, гісторыю і культуру гэтай краіны.

Акрамя гэтага, заплянаваная спэцыяльныя курсы дзеля прыстасаваньня прафэсійных ведаў беларусаў да аналягічных спэцыяльнасьцяў у Польшчы.
XS
SM
MD
LG