Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УСЕАФГАНСКАЯ АСАМБЛЕЯ ЛОЯ ДЖЫРГА МУСІЦЬ ПАЧАЦЦА 10 ЧЭРВЕНЯ


Віталь Цыганкоў, Прага

Незалежная камісія абвесьціла сёньня канчатковыя пляны і правілы скліканьня нацыянальнай асамблеі старэйшынаў Лоя Джыргі. Лоя Джырга – сход прадстаўнікоў плямёнаў Афганістану – пачне працу 10 чэрвеня. Паседжаньні адкрые былы кароль Афганістану – 87-гадовы Захір Шах, які зьбіраецца вярнуцца на радзіму ў сярэдзіне красавіка. Многія афганцы чакаюць ягонага вяртаньня (яно ўжо адкладалася тройчы), гэта для іх надзея на аб’яднаньне краіны.

Сход працягнецца тыдзень – магчыма, ён стане першай спробай у сучаснай гісторыі Афганістану абраць легітымны і прадстаўнічы ўрад. Чвэрць стагодзьдзя ў Афганістане ішла вайна, было грамадзянскае супрацьстаяньне, трымалася рэлігійная экстрэмісцкая ўлада талібаў.

Незалежная камісія паведаміла, што любы афганец (нават і былыя ўдзельнікі “Талібану” альбо іншых узброеных фармаваньняў) можа быць абраны ў Лоя Джыргу, якая будзе складацца з 1500 чалавек. Адна ўмова абраньня – каб ён альбо яна ня мелі сувязяў з тэрарыстычнымі групамі і ня ўдзельнічалі ў злачынставах альбо злоўжываньнях правамі чалавека.

Каб абараніць выбары ад сабатажу і гвалту, прадстаўнікі ААН і афганскай часовай адміністрацыі будуць прысутнічаць падчас абраньня дэпутатаў. Яны ў асобных выпадках будуць гатовыя перанесьці працэс галасаваньня ў больш бясьпечныя месцы.

“Нашы намаганьні накіраваныя на забесьпячэньне правоў афганцаў свабодна абіраць уласны лёс і палітычную будучыню, – заявіў на прэсавай канфэрэнцыі старшыня камісіія ў справе падрыхтоўкі Лоя Джыргі Ісмаіл Касімі. – Мы робім гэта бяз страху і бязь ціску зь якога-небудзь боку”.

Многія ўсё ж непакояцца, што антыдэмакратычныя сілы ў Афганістане, уключна з рэгіянальнымі камандзірамі ўзброеных ісьлямскіх груповак, будуць спрабаваць дамінаваць у Лоя Джырзе ці паспрабуюць падарваць яе аўтарытэт гвалтоўнымі акцыямі падчас выбараў. Многія афганцы спадзяюцца, што міжнацыянальныя міратворчыя сілы, якія зараз патрулююць Кабул, будуць пашыраныя па ўсёй краіне дзеля бясьпекі выбараў у асамблею. Аднак жа міратворцы настойваюць на сваёй вельмі абмежаванай ролі.

У сход з 1450 прадстаўнікоў абяруць каля тысячы прадстаўнікоў – будуць прадстаўленыя ўсе 350 афганскіх тэрытарыяльных адзінак. Каля 400 чалавек возьмуць удзел у паседжаньні Лоя Джыргі як прадстаўнікі ўцекачоў, выгнаньнікаў, жанчын, прадпрымальнікаў і рэлігійных дзеячоў.

Паводле рашэньняў Бонскай канфэрэнцыі, на якой прысутнічалі асноўныя палітычныя фракцыі й групоўкі Афганістану, Лоя Джырга створыць часовы ўрад Афганістану, які будзе кіраваць краінай 18 месяцаў. Гэты ўрад мусіць рыхтаваць новую канстытуцыю і правядзеньне ўсеагульных выбараў.
XS
SM
MD
LG