Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ЯСІР АРАФАТ – ВОРАГ УСЯГО ВОЛЬНАГА СЬВЕТУ”


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Выглядае, піша “New York Times,” што сваім выступам Шарон рыхтаваў сьвет да галоўнага наступу Ізраілю на Заходні Бераг і, магчыма, атакі на офіс Арафата. Паводле ізраільскіх афіцыйных асобаў, у месьце Рамалах, у будынку, дзе знаходзіцца офіс Арафата, усё яшчэ хаваюцца асобы, якія падлягаюць арышту.

Сёньня раніцай ізраільскія сілы занялі пазыцыі ў прымесьцях Тулкарму, на Заходнім Беразе Ярдану і прасунуліся бліжэй да места Бэтлеем. Напярэдадні ноччу ізраільскія танкі і бульдозэры ўвайшлі ў падкантрольную палестынцам тэрыторыю Заходняга Берагу – Куалкуіла.

Ясір Арафат і іншыя лідэры арабскіх краінаў зьвінавацілі Злучаныя Штаты ў цяжкім становішчы палестынцаў, пасьля таго як прэзыдэнт ЗША Джордж Буш блаславіў ізраільскія атакі, а дыпляматы Злучаных Штатаў не праявілі апошнімі днямі ніякай актыўнасьці.

У велікодным звароце папа Ян Павал ІІ заклікаў спыніць драматычнае раскручваньне сьпіралі гвалтоўнага накіданьня сваёй волі і забойствы, якія акрываўліваюць Сьвятую Зямлю.

Тым часам ізраільскі ўрад працягваў заяўляць, што ягоныя вайскоўцы ўжываюць патрэбныя засьцярогі, каб не пашкодзіць Арафату пэрсанальна. У прамове Шарона выразна гучала параўнаньне Ізраілю і Злучаных Штатаў у справе глябальнай вайны супраць тэрарызму, які для Шарона выразна сканцэнтраваўся ў месьце Рамалах. Шарон назваў Арафата “лідэрам тэрарыстычнай кааліцыі”, а ягоную дзейнасьць “стратэгіяй тэрарызму”. Ён сказаў, што палестынскі лідэр ёсьць “перашкодай міру на Блізкім Усходзе” і “небясьпекай для ўсяго рэгіёну”.

Палестынскія афіцыйныя асобы назвалі выступ Шарона дэклярацыяй вайны, а, незадоўга перад тым лідэры арабскіх краінаў ахарактарызавалі ізраільскі напад на офіс Арафата як пагрозу рэгіянальнай стабільнасьці, а сам Арафат сказаў: “Ізраільцы павінны зразумець, што палестынцы будуць цьвёрдыя. Яны не здадуцца, бо ўпэўненыя ў сваёй перамозе”.

Адзін зь лідэраў групоўкі Ясіра Арафата “Фатах” – Марван Баргоўдзі адносна нядаўніх атакаў палестынскіх бамбістаў-самагубцаў сказаў: “Калі вашыя танкі здолелі ўзяць у аблогу прэзыдэнта Арафата, нашыя героі дамагліся добрых вынікаў у штурме ізраільскіх гарадоў. Нашыя героі праходзяць на вашыя вуліцы, у вашыя гарады. Вы ня будзеце атрымліваць асалоду ад абароны і міру, калі наш народ ня мае такой асалоды”. Толькі ад мінулае серады – нагадвае “New York Times” – гэтыя штурмы забралі жыцьці 44 мірных ізраільцаў.

Паводле Арафата, ізраільская агрэсія – “гэта агрэсіся з амэрыканскай згоды і амэрыканскай зброяй. Цяпер Амэрыка забясьпечвае прыкрыцьцё для тэрарызму і падтрымлівае тэрарызм”.

У часе тэлефоннай размовы зь дзяржаўнам сакратаром ЗША Колінам Паўэлам Арафат сказаў: “Мы патрабуем тэрміновай прысутнасьці міжнародных сілаў, каб спыніць агрэсію і ваенны ўздым”.

Тым часам прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш ізноў паўтарыў, што Арафат мусіць зрабіць больш, каб спыніць гвалт і зразумець патрэбу Ізраілю ў самаабароне.

Трэці дзень у Рамалаху ізраільскія войскі ідуць ад хаты да хаты, бяруць у аблогу звычайных палестынцаў і падлеткаў і называюць гэта паляваньнем на тэрарыстаў – піша пры канцы публікацы газэта “New York Times”.
XS
SM
MD
LG