Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК У СЬВЕЦЕ ЗМАГАЮЦЦА З ДЫЯБЭТАМ І ЯКІЯ З ХАРЧОВЫХ ДАДАТКАЎ МОГУЦЬ ПАШКОДЗІЦЬ НАШАМУ ЗДАРОЎЮ?


Сяргей Абламейка, Прага

Колькасьць хворых на цукровы дыябэт (або папросту цукроўку) імкліва расьце ва ўсім сьвеце. Гэта зьвязана з паляпшэньнем узроўню жыцьця, у выніку чаго расьце колькасьць тоўстых людзей, з аднаго боку, і з другога – з пагаршэньнем стану навакольнага асяродзьдзя, што таксама вельмі адмоўна адбіваецца на стане чалавечага арганізму.

У Злучаных Штатах Амэрыкі колькасьць хворых на цукроўку людзей складае 17 мільёнаў чалавек, і яшчэ 16 мільёнаў амэрыканцаў маюць падвышаны ўзровень цукру ў крыві, што рэзка падвышае рызыку сардэчных хваробаў і можа прывесьці да паўнавартаснага захворваньня на дыябэт.

Таму 27 сакавіка сакратар Амэрыканскай службы здароўя Томі Томпсан зьвярнуў увагу амэрыканскага ўраду на незадавальняючы стан барацьбы з цукроўкай і абвесьціў пра новыя правілы, якія заклікаюць мільёны амэрыканцаў сярэдніх гадоў праверыць узровень цукру ў крыві.

Стан падвышанага ўтрыманьня цукру ў крыві адгэтуль вырашана называць “перад-дыябэтам”, каб зрабіць яго больш зразумелым для людзей. Калі чалавек зь перад-дыябэтам ня зробіць захадаў, каб зьменшыць рызыку хваробы, ён абавязкова захварэе на цукроўку ў наступныя 10 гадоў, – заявіў доктар Фрэнсын Каўфман, абраны нядаўна на пасаду прэзыдэнта Амэрыканскай дыябэтычнай асацыяцыі.

Хворыя на перад-дыябэт людзі маюць на 50% большую рызыку сардэчнага прыступу або кровазьліцьця ў мозг. У гэтай сувязі сакратар Амэрыканскай службы здароўя Томі Томпсан паведаміў, што каб усе 16 мільёнаў амэрыканцаў зь перад-дыябэтам захварэлі на цукроўку і колькасьць хворых на яе ў ЗША дасягнула б 33 мільёнаў чалавек, дык выдаткі амэрыканскай службы аховы здароўя ўзрасьлі б на 100 мільярдаў даляраў.

Дасьледаваньні паказалі, што дыета і фізычныя практыкаваньні могуць прадухіліць або прынамсі адцягнуць пераход перад-дыябэту ў так званы дыябэт другога тыпу або набыты дыябэт, бо ўроджаны дыябэт называецца цукроўкай першага тыпу. І вось пытаньне палягае ў тым, як ідэнтыфікаваць і як дапамагчы людзям з высокай рызыкай, паколькі адсочваньне дыябэтыкаў – ня простая задача.

Новыя правілы, уведзеныя амэрыканскім урадам сумесна з Амэрыканскай дыябэтычнай асацыяцыяй, заахвочваюць амэрыканскіх лекараў зьвярнуць больш увагі на людзей з падвышаным узроўнем цукру ў крыві. Амэрыканскі ўрад спадзяецца, што інфармаваньне людзей зь перад-дыябэтам аб іх стане і рызыках заахвоціць гэтых людзей зрабіць простыя зьмены ў стылі свайго жыцьця, каб вярнуць узровень цукру ў крыві да нармальнага стану.

Новыя амэрыканскія правілы асабліва заклікаюць лекараў зьвярнуць увагу на людзей з падвышанай вагой – вядома, што сярод хворых на дыябэт абодвух тыпаў людзі з набытым дыябэтам або цукроўкай другога тыпу складаюць да 95%. Бо менавіта ў сярэдніх гадах падстраўнікавая залоза часта траціць здольнасьць выпрацоўваць інсулін, што дазваляе глюкозе назапашвацца ў крыві. Гэта – вядучая прычына сьлепаты, адмовы нырак, ампутацыяў канцавін і сапраўднай эпідэміі сардэчных хваробаў, якая штогод забірае жыцьці 180 тысяч амэрыканцаў.

Новыя правілы, зацьверджаныя амэрыканскім урадам і Амэрыканскай дыябэтычнай асацыяцыяй, прадугледжваюць наступныя захады:

1. Кожны чалавек, які дасягнуў 45 гадоў, і ўсе старэйшыя людзі павінны прайсьці тэст на падвышаны ўзровень цукру ў крыві. Тэсты настойліва рэкамэндуюцца людзям з падвышанай вагой.
2. Лекары павінны разгледзець магчымасьць абсьледаваньня і маладзейшых людзей, калі яны вельмі тоўстыя і маюць дадатковыя фактары рызыкі, да якіх належаць наяўнасьць хворага на цукроўку сваяка,, падвышаны ўзровень халестэролу ў крыві й высокі крывяны ціск. Дадатковымі фактарамі рызыкі прызнаныя і так званая цукроўка падчас цяжарнасьці, а таксама нараджэньне дзіцяці з вагой больш за 4 кіляграмы і прыналежнасьць да расавай меншыні.
3. Калі тэст даў нармальны вынік, яго трэба паўтараць кожныя тры гады.

Амэрыканскія навукоўцы сьцьвярджаюць, што стан перад-дыябэту не зьяўляецца прысудам і сытуацыю можна зьмяніць. Паколькі пераважная большасьць людзей зь перад-дыябэтам мае падвышаную вагу, дык навукоўцы сьцьвярджаюць, што датрыманьне рэкамэндаванай лекарам дыеты і фізычныя практыкаваньні могуць зьменшыць вагу цела аж на 10%. А 30-хвілінныя штодзённыя прагулкі й скарачэньне вагі цела на 7 кіляграмаў здольныя скараціць рызыку пераходу перад-дыябэту ў паўнавартасны дыябэт напалову.

Лекары таксама сьцьвярджаюць, што штодзённае прыняцьцё таблеткі мэтфарміну амаль на траціну скарачае рызыку разьвіцьця паўнавартаснага дыябэту, аднак пакуль што не стае зьвестак аб выгодах і рызыках прыёму гэтага леку людзьмі ў стане перад-дыябэту, дык новыя амэрыканскія правілы барацьбы з цукроўкай не рэкамэндуюць мэдыкамэнтознае лячэньне перад-дыябэту. Поўная вэрсія новых амэрыканскіх правілаў барацьбы з дыябэтам будзе апублікаваная ў наступным месяцы.


* * *
Апошні час ва ўсім сьвеце расьце культура спажываньня харчовых тавараў. Часткай гэтай культуры ёсьць інфармаванасьць спажыўца аб хімічным складзе таго ці іншага прадукту і рэчывах, якія былі скарыстаныя для яго вырабу, прыгатаваньня ці захаваньня. Адным з такіх рэчываў зьяўляюцца так званыя харчовыя дадаткі, якія на цэтліках харчовых тавараў азначаюцца лацінскай літарай Е, што па-беларуску можна чытаць як Е, і адпаведнай лічбай каля яе – напрыклад, Е210 або Е325.

Гэта могуць быць натуральныя або штучна вырабленыя хімічныя злучэньні, якія дапамагаюць харчам даўжэй захоўвацца, паляпшаюць іх смак і пах, мяняюць іх колер, структуру і выгляд, аблягчаюць іх апрацоўку і захаваньне. Гэта могуць быць антыаксыданты, якія запавольваюць працэс распаду тлушчоў і алеяў, а іншыя зь іх утрымліваюць сухасьць або вільготнасьць у харчах.

Існуюць дадаткі, якія робяць харчы крохкімі або цьвёрдымі, а ёсьць і такія, што сваёй паверхняй утвараюць як бы натуральную абалонку для садавіны і гародніны. Пералік гэтых дадаткаў зацьвярджаецца нацыянальнымі ўрадамі, а ў аб’яднанай Эўропе – адпаведнымі органамі Эўрапейскага Зьвязу. Да ліку азначаных літарай Е дадаткаў адносяцца фарбавальнікі, кансэрванты, антыаксыданты, эмульгатары і стабілізатары.

Сёньня ўжо дакладна вядома, што некаторыя з гэтых дадаткаў людзям шкодныя. Алергія, астма, праблемы са страўнікам і гіпэрактыўнасьць дзяцей могуць мець простую сувязь з ужываньнем разам зь ежай тых ці іншых харчовых дадаткаў групы Е.

Зь іншага боку, каб не было гэтых рэчываў, людзі павінныя былі б хадзіць у краму кожны дзень і купляць толькі тыя тавары, што не сапсуюцца да заўтра, а сам выбар тавараў у харчовых крамах быў бы абмежаваны сэзонным іх вырабам – папросту кажучы, мы не маглі б есьці многія летнія харчы зімой, а гэта шмат каго не задавальняла б. Таму лекары проста пастанавілі інфармаваць спажыўцоў аб адмоўных якасьцях тых ці іншых харчовых дадаткаў.

Вось пералік асноўных дадаткаў, пры падрыхтоўцы якога выкарыстаныя зьвесткі навукоўцаў з Мэдычнага цэнтру ў францускім горадзе Шамонт. (Для зручнасьці мы не заўсёды будзем побач зь лічбамі называць літару Е.)

Абсалютна бясшкоднымі й прыдатнымі для спажываньня нават немаўлятамі зьяўляюцца дадаткі Е170, Е260, 261, 262, 263, 270, 296 і 301-309 322, 325, 326, 327, 330-336, 338-341, 354, 401, 410, 412, 414, 415, 440, 450а, 507, 524, 525,526, 575, 1414, 1420, 1422, 1450.

Дадаткі з нумарамі ад Е100 да Е199 зьяўляюцца фарбавальнікамі й мінэраламі. Зь іх нумары 102, 104, 107, 110, 120, 122 і 124, 127, 128, 132, 133, 142, 150С, 151, 154, 155, 173 зьяўляюцца для немаўлятаў шкоднымі. Напрыклад, шкодныя дадаткі Е110 і Е123 утрымліваюцца ў вядомых дзіцячых цукерках “Мамба”.

Дадаткі з нумарамі ад Е200 да Е299 зьяўляюцца кансэрвантамі. Нумары ад Е230 да Е233 – фэнолавыя злучэньні, якімі абараняецца садавіна, таму плады трэба абрэзаць, а рукі да таго ж добра вымыць. Дадаткі з нумарамі ад Е249 да Е252 дадаюцца да вэнджанінаў і зеляніны. Нумары ад Е211 да Е217 – гэта бэнзолавая кіслата, якая сёньня лічыцца канцэрагенам – інакш кажучы рэчывам, якое спрыяе разьвіцьцю рака.

Нумары ад Е300 да Е399 – гэта антыаксыданты, яны ня ёсьць рызыкоўныя, за выключэньнем Е310-312, якія могуць выклікаць алергію. Е330 – гэта славутая лімонная кіслата, якая сёньня таксама лічыцца канцэрагенам і ўтрымліваецца ў ліманадах і ў некаторых садавінных напоях.

Нумары ад Е400 да Е499 – гэта носьбіты і растваральнікі, зь якіх нумар 407 ёсьць рызыкоўны. Дадаткі Е450а, 450в і 450с – гэта бясьпечныя фасфаты.

Дадаткі ад 500 да 599-га – арганічныя мінэралы, зь якіх нумары 512, 520 і 523 могуць быць небясьпечныя.

Нумары ад 600 да 699 – кіслоты, зь іх дадаткі ад 620 да 625 – так званыя кіслоты-глютаміны і іх солі, якія шкодныя для немаўлятаў. Таму дзецям да трох год можна спажыць толькі невялікую колькасьць харчоў зь іх утрыманьнем.

Паводле францускіх навукоўцаў, рак у людзей могуць выклікаць дадаткі Е121 і, адпаведна, Е131, 142, 210-217 і 239. Пашкоджаньне сьценак кішэчніку могуць выклікаць дадаткі Е338-341, 407, 450, 461 і 239. Хваробы судзінаў могуць выклікаць нумары 250-252.


* * *
А зараз – некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі “Realage”, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе:

1. Калі вы наважыліся зрабіць здаровую перамену ў сваім жыцьці і адмовіцца ад белага хлебу на карысьць так званага буйна- або цэльназернявога хлебу, вы ня прайграеце. Аднак трэба быць асьцярожным і зьвяртаць увагу на колькасьць натрыя (або папросту солі) у гэтым хлебе. Спэцыялісты “Realage” сьцьвярджаюць, што дзьве тонкія скібкі некаторых гатункаў буйназернявога хлебу могуць утрымліваць аж 340 міліграмаў солі, у той час як сутачная патрэба чалавека скаладае 1600 міліграмаў.
2. Калі вы хочаце падвысіць колькасьць антыаксыдантаў (рэчываў, якія запавольваюць працэс старэньня) у вашай ежы, вы можаце дадаваць у ежу зёлку арэгана, якую кожны можа вырасьціць у сябе на гародзе. Дасьледаваньні паказалі, што арэгана ўтрымлівае ў пяць разоў больш антыаксыдантаў, чым больш прывычныя зёлкі кшталту кропа ці базыліка.
3. Вынікі дасьледаваньняў паказваюць, што ўладальнікі сабак маюць лепшае здароўе, чым тыя, у каго іх няма. Гэтак адбываецца таму, што сабакі трымаюць сваіх гаспадароў у больш актыўным стане. У той жа час вынікі нядаўніх дасьледаваньняў у Аўстраліі паказалі, што палова ўладальнікаў сабак не выгульвае іх рэгулярна. Таму “Realage” раіць рэгулярна прагульвацца са сваім чацьвераногім сябрам.
4. Калі вы шукаеце спосаб дадаць да свайго мэню рэчывы, якія дапамогуць вам змагацца з хваробамі, вы можаце зрабіць гэта з дапамогай вострага чырвонага перцу. Гэты перац утрымлівае саліцылавыя кіслоты, які маюць антызапаленчае дзеяньне і могуць прадухіліць разьвіцьцё раку і падтрымліваюць добрую форму судзінаў. Такое ж дзеяньне маюць і прыправы кары і тыміян.
XS
SM
MD
LG