Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВОШТА КІТАЙЦЫ ПАДРАБЛЯЮЦЬ СТАТЫСТЫКУ?


Віталь Цыганкоў, Прага

Вось ужо дзесяцігодзьдзе сьвет спрабуе растлумачыць кітайскі цуд. Пэкін атрымлівае найбольшы ў Азіі аб’ём замежных інвэстыцыяў і нават будуе самую дарагую ў сьвеце чыгунку праз Тыбэт. Аднак многія дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што прыведзеныя кітайцамі лічбы наўрад ці абгрунтаваныя.

Цяперашні эканамічны бум пачаўся з гістарычнага візыту ў 1992 годзе кітайскага лідэра Дэн Сяопіна ў горад Шэньжэнь, калі Сяопін пераконваў мясцовыя ўлады падвоіць свае намаганьні дзеля прыцягненьня замежных капіталаў. З таго дня мінула дзесяцігодзьдзе, і за гэты час сукупны ўнутраны прадукт краіны якраз падвоіўся. “Ці сапраўды падвоіўся?” – задаецца пытаньнем часопіс “Newsweek”.

Многія гарачыя лічбы КНР зьявіліся ў 1980-я і 1990-я, і зараз іх ацэньваюць як сьпечаныя ўгодніцкімі мясцовымі кадрамі. Ціск з боку цэнтральных чыноўнікаў узмацніўся пасьля азіяцкага фінансавага крызысу 1997 году, калі Пэкін вырашыў, што краіна эканамічна павінна расьці як мінімум 7% штогод, каб ствараць шмат працоўных месцаў для прадухіленьня сацыяльных узрушэньняў. Ня дзіва, што ўзровень росту з таго часу не апускаўся ніжэй за вызначаныя ўладамі лічбы.

“Пасьля згаданай паездкі Дэн Сяопіна лічбы, што падавалі мясцовыя ўлады, сталі важным крытэрам ацэнкі іхнай дзейнасьці, – тлумачыць Ванг Ксяолу з кітайскага Інстытуту нацыянальных эканамічных дасьледаваньняў. – Гэта пацягнула статыстычныя фальсыфікацыі”.

Красамоўны прыклад – апошнія масавыя пратэсты рабочых у гарадах Дадзынь і Ліолянг. Тысячы звольненых рабочых, якія выйшлі на вуліцы, нават не існуюць у афіцыйнай кітайскай статыстыцы беспрацоўя. Гэта так званыя “сягань” – працаўнікі, якія атрымліваюць мінімальную дапамогу ад сваіх былых кампаніяў і таму ня лічацца беспрацоўнымі. І калі рэальны рост сукупнага ўнутранага прадукту нашмат меншы за афіцыйна аб’яўленыя 7,3% (а некаторыя эканамісты лічаць, што гэтая лічба складае ўсяго 3%), то падобныя пратэсты могуць толькі ўзмацніцца.

Увогуле, у Кітаі многія лічбы нерэальныя. Нават не спрабуйце дазнацца пра ваенны бюджэт. Афіцыйна ён складае 17 мільярдаў даляраў, аднак сапраўдныя лічбы могуць быць у пяць разоў вышэйшыя.

Праблема ў тым, што лічбы ў Кітаі – гэта часта палітычны, а не навуковы інструмэнт. Колькасьць ахвяраў – ці гэта землятрус у 1976 годзе, ці падзеі на плошчы Цяньаньмэнь у 1989-м, ці лічба хворых на СНІД – непазьбежна заніжаюцца. Ад 1998 году ўсе мясцовыя ўлады завышаюць парамэтры эканамічнага росту, што прыводзіць да забаўнай сытуацыі, калі сума частак чагосьці становіцца большай за цэлае.

Напрыклад, летась усе кітайскія правінцыі акрамя адной даклалі пра лічбы росту, якія перавышаюць агульнанацыянальныя 7,3%. У студзені ўплывовая ганконгская брокерская фірма абвесьціла, што зьвесткі, якія прэзэнтуюць Кітай як краіну з эканомікай, што расьце найхутчэй у сьвеце, не каштуюць нават той паперы, на якой яны напісаныя. Гэтая фірма нават адмовілася складаць прагноз эканамічнага росту для Кітаю на 2002 і 2003 год.

Прафэсар унівэрсытэту ў Пітсбургу Томас Раўскі падрыхтаваў найбольш вычарпальны агляд зьвестак кітайскага эканамічнага росту, параўноўваючы іх са спажываньнем энэргіі, вытворчасьцю сельскагаспадарчай прадукцыі ды іншымі чыньнікамі, як засухі й залевы. Раўскі кажа, што на справе ў 1998-99 гадах кітайская эканоміка нават скарачалася – адпаведна на 2,2% і 2,5%.

Зь іншага боку, некаторыя зьвесткі наўмысна зьніжаюцца – напрыклад, лічбы беспрацоўя, каб хаваць праблемы, зьвязаныя з эканамічнымі рэформамі й рэструктурызацыяй. Афіцыйная лічба беспрацоўя 3,6% не ўключае гэтак званых “сягань”, якія прыкладна 10 мільёнаў чалавек. Гэтыя лічбы не ўключаюць і сялян, якія пакідаюць свае палеткі, каб знайсьці працу ў гарадох – каля 150 мільёнаў, якіх можна назваць сэзонна беспрацоўнымі. Прафэсар Хі Анганг лічыць, што рэальны ўзровень беспрацоўя – 7,6% у сельскіх раёнах і 8,5% у гарадох.

Яшчэ больш страшная і непазьбежная бомба можа быць схаваная ў лічбах кітайскіх запазычанасьцяў. Нават старшыня Цэнтральнага Банку Кітая Дай Сянглонг прызнаў нядаўна ў парлямэнце, што нацыянальны ўнутраны доўг нашмат большы за афіцыйную лічбу 16% сукупнага ўнутранага прадукту і складае 60%. Нечаканая шчырасьць Дая – добрая навіна. Але дрэнная навіна ў тым, што напраўду гэтая лічба яшчэ большая і складае ад 100 да 125%. Колькасьць пратэрмінаваных крэдытаў у дзяржаўных банках проста жахлівая. Калі ацэньваць яе па кітайскай мэтадалёгіі й заходняй, то розьніца складае 2,6 раза.

Дасьледчык Гордан Чанг у сваёй кнізе прадказвае каляпс Кітаю на працягу бліжэйшага дзесяцігодзьдзя, ён сьцьвярджае, што рэжым неўзабаве будзе няздольны фінансаваць бюджэтны дэфіцыт, якім стымулюецца эканамічны рост. Аднак гэткія змрочныя сцэнары не бяруць у разьлік беспарадку ў кітайскай статыстыцы. Статыстыка скажоная ня толькі палітычным дыктатам, але й тым вялікім аб’ёмам тэхнічных складанасьцяў, якія зьбіваюць усіх з панталыку.

Часам разьдзьмутыя лічбы ў адной галіне часткова касуюцца недаацэненай эканамічнай актыўнасьцю ў іншай. Раней ужо згаданы прафэсар унівэрсытэту ў Пітсбургу Томас Раўскі кажа, што лічбы да 1997 году былі заніжаныя, бо ня ўлічвалі росквіту кітайскага сэктару паслугаў.

“Некаторыя лічбы адносна слушныя, але іншыя цалкам непраўдападобныя, – кажа аўтар Ніколас Ларду, які часта піша пра кітайскую эканоміку і банкаўскую сыстэму. – Несправядліва ўпрымаць усе кітайскія статыстычныя зьвесткі ў чорнай фарбе”.

Існуюць сур’ёзныя палітычныя і практычныя прычыны паведамляць пра заніжаны рост. Правінцыя Жэянг на ўсходнім узьбярэжжы Кітаю, як лічыцца, заніжае свае зьвесткі, каб не паказваць хуткае разьвіцьцё прыватнага сэктару. Іншая правінцыя заніжае паказчыкі, каб пазьбегнуць некаторых падатковых выплат цэнтральнаму ўраду.

Нават калі Пэкін на самой справе зацікаўлены ў дакладнай і празрыстай статыстыцы, улады пакуль ня маюць сродкаў, каб гэтага дасягнуць. Як і іншыя цэнтралізаваныя плянавыя эканомікі, Пэкін выводзіў свае лічбы з чыноўніцкіх дакладаў, а ня з выбарных дасьледаваньняў. Чыноўнікі Нацыянальнага статыстычнага бюро паведамілі, што ўнутранае дасьледаваньне летась выявіла прынамсі 60 тысяч парушэньняў кітайскага статыстычнага заканадаўства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG