Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МОЖНА ПРАСІЦЬ У БОГА РАСКОШНЫ ДОМ, НАЙНОЎШЫ МЭРСЭДЭС АБО ГАДЗІНЬНІК МАРКІ “РОЛЕКС”?


Кастусь Бандарук, Прага

Большасьць хрысьціянаў усяго сьвету адзначае вялікае, радаснае сьвята Ўваскрасеньня Хрыстовага – Вялікдзень. Каб належна сустрэць гэтае найвялікшае сьвята, папярэднічалі яму малітвы й пост. У сёньняшнім выпуску нашай рэлігійнай перадачы хочам пагутарыць пра моц хрысьціянскай малітвы – ці рэгулярныя малітвы гарантуюць Божую ласку? Ці існуе нейкая формула, якая забясьпечвае верніку, што яго просьбы будуць выслуханыя і задаволеныя?

У сёньняшняй перадачы ўдзельнічаюць: прафэсар Тадэвуш Лукашук з Папскай Тэалягічнай Акадэміі ў Кракаве, вернік царквы Эвангельскіх Хрысьціянаў Аляксандар Радкевіч, праваслаўны сьвятар з БАПЦ айцец Дзьмітры Беленькі й Маргарыта Пярова з роду Луцкевічаў.

(Бандарук: ) “Летась на амэрыканскім рынку зьявілася кніга Бруса Вількінсана “Малітва Явіса: прарыў у блаславёнае жыцьцё” (Bruce Wilkinson “Prayer of Jabez: Breaking Through to Blessing Life”). Кніга зрабілася бэстсэлерам у ЗША. Яна разышлася накладам 4,5 мільёнаў асобнікаў і апынулася на першых месцах сярод найбольш папулярных выданьняў таксама ў Канадзе і Аўстраліі.

Якая прычына такога небывалага посьпеху рэлігійнай літаратуры ў сэкулярызаваных грамадзтвах? Брус Вількінсан, прапаведнік Царквы Эвангельскіх Хрысьціянаў ў Атланце (штат Джорджыя), аўтар шэрагу кніг на рэлігійныя тэмы, гэтым разам скарыстаў мала вядомы пэрсанаж з І-й Кнігі Параліпамэнон – Явіса. У 4-м разьдзеле гэтай Кнігі ў 9-10 вершах чытаем:

“Явіс быў найбольш знакаміты сярод сваіх братоў. Маці дала яму імя “Явіс”, кажучы: я нарадзіла яго ў болю. І заклікнуў Явіс да Бога Ізраілевага і сказаў: О, каб Ты блаславіў мяне сваім блаславеньнем, пашырыў мае тэрыторыі, і рука Твая каб была са мною, каб я не гараваў… І Бог паслаў яму ўсё, чаго той прасіў”.

Явіс быў няшчасны, ён прагнуў свабоды, хацеў атрымаць магчымасьць памножыць усё, што было ў яго, каб расьці, разьвівацца, ісьці наперад. Явіс прасіў божай дапамогі, бо быў самотны, яму ніхто не дапамагаў, усе праблемы яму прыходзілася вырашаць самому. Жыцьцё Явіса было поўнае гора і няўдачаў. Яму здавалася, што ўвесь сьвет паўстаў супраць яго. Таму ён у сьлязах прасіў, “каб больш не пакутаваць”, і Бог паслухаў яго.

У Старым Запавеце імя чалавека акрэсьлівала ягоную будучыню. Многія бацькі давалі сваім дзецям імёны ў залежнасьці ад абставінаў, у якіх яны нарадзіліся. Маці нарадзіла Явіса, калі была хворая і дала яму адпаведнае імя. Таму лёс Явіса быў вызначаны наперад. Яго чакала гаротнае жыцьцё, у хваробах і бедах. Аднак Явіс вырашыў, што ён будзе верны Богу, і што ягонае жыцьцё зьменіцца.

Мінулае чалавека ня мае ніякага значэньня, калі Бог захоча зьмяніць ягоны лёс. Бог сільнейшы за праклёны, за праблемы, за паразы, расчараваньні й выклікі. Явіс зразумеў, што жыцьцё любога чалавека ў Божых руках, і што Бог зьменіць жыцьцё тых, хто імкнецца пазнаць Яго. Ён прагнуў божага блаславеньня, верыў, што яно прыйдзе, што ў адказ на гарачую малітву Бог можа зьмяніць лёс чалавека.

Вількінсан патлумачыў дзейнасьць малітвы Явіса правам кожнага чалавека на шчасьце й дабрабыт, пра што запісана і ў Канстытуцыі ЗША. Малітву Явіса ён прапануе як гарантыю посьпеху і зьдзяйсьненьня чалавечых задумаў. “Чытай гэтую малітву слова ў слова як найменш месяц, некалькі разоў на дзень, запішы на паперку ды прычапі на розныя прадметы, якімі часта карыстаесься і якія заўсёды ў цябе пад рукою – кшталту люстэрка. Увесь наступны месяц раз на тыдзень перачытвай поўнасьцю гэтую кнігу і прасі ў Бога, каб Ён выявіў табе знакі Свайго блаславеньня, якіх ты мог не прыкмеціць”.

Я запэўніваю вас, што Бог выслухае тых, якія з чыстым сэрцам зьвяртаюцца да Яго словамі малітвы Явэса, – піша Брус Вількінсан, які цытуе словы Апостала Якуба: “Многа можа настойлівая малітва справядлівага” (Якуб 5,16). Вількінсан кажа, што ўжо пасьля двух тыдняў вы заўважыце істотныя зьмены ў сваім жыцьці. А што думаюць пра гэта мае сёньняшнія суразмоўцы? Найперш думка прафэсара тэалёгіі Тадэвуша Лукашука”.

(Лукашук: ) “Самой кніжкі я не чытаў, прызнаюся, ня ведаю яе. Але чуў пра яе і бачу некаторы сэнс, калі размова йдзе пра пасьлядоўнасьць у малітве. Гэта трэба пахваліць. Напэўна, цярплівая, рэгулярная і настойлівая малітва дойдзе да Айца Нябеснага.

Калі ж форма пераважае над зьместам і праз форму нехта нібыта прымушае, падштурхоўвае Бога выканаць сваю просьбу, дык гэта ўжо мяжуе з магіяй, зь нейкім паганскім заклінаньнем – асабліва калі просьба тычыцца матэрыяльных дабротаў. Такім чынам, у тэзах Вількінсана бачу агульны сэнс, але на практыцы засьцерагаю ад нейкай формулы як гарантыі выкананьня нашых спадзяваньняў”.

(Бандарук: ) “Летась у траўні газэта “New York Times” адзначыла: “Малітва Явіса гучыць многа дзе ў Амэрыцы. Бізнэсоўцы кажуць, што дзякуючы ёй павялічыліся іхныя прыбыткі, самотныя знайшлі сабе сябрыну, пастары адзначаюць, што павялічылася іхная паства”.

Брус Вількінсан кажа, што ён сам чытае малітву Явіса ўжо 30 гадоў і мяркуе, што яна – прычына ўсіх ягоных посьпехаў. Заснаваная ім місіянэрская арганізацыя “Walk Through the Bible” безупынна разьвіваецца. Зараз яна налічвае некалькі соцень місіянэраў, якія працуюць у 40 краінах сьвету. Мяркуючы па колькасьці прададзеных кніжак, многія яму паверылі, аднак жа ня ўсе. Ня ўсе вераць, што на посьпех паўплывала малітва Яіэса. “Збаўленьне, шчырасьць сэрца, малітвы, пакорлівасьць. У гэтым уся справа, а не ў тым, каб казаць адпаведныя словы”, – напісаў адзін з удзельнікаў палемікі ў Інтэрнэце. Ваша думка, айцец Дзімітры”.

(Беленькі: ) “Гэта зразумела, я думаю, кожнаму добраму хрысьціяніну. Каб просьбы былі задаволеныя, трэба мець шчырую веру. Тое самае, дарэчы, тычыцца споведзі. Каб адбылася добрая споведзь, чалавек мусіць шчыра шкадаваць за свае грахі.

Малітва – гэта нашыя зносіны з Богам, нашая размова зь Ім. Мы зьвяртаемся да Бога, які заўсёды прысутны з намі. Ня мы галоўныя, ня нашыя пажаданьні, а Госпад. У Дабравесьці кажацца: “Дзе два або тры сабраліся ў Імя Маё, там і Я”. Малітва – у Імя Госпада.

Калі мы пачынаем малітву бяз шчырай веры, а толькі таму, што ў нейкай кнізе прачыталі: адчытвай адпаведную малітву тры разы на дзень ды атрымаеш ўсё, чаго просіш… Безумоўна, чалавек можа многае атрымаць ад Госпада. Час цудаў не мінуў. Усё магчымае, але дзеля гэтага неабходная нашая шчырая вера. Калі людзі прыступаюць да малітвы з думкамі кшталту: “О, каб у мяне была лепшая хата, лепшая машына” – натуральна, гэта не падставы для размовы з Госпадам. Гэта не нагода для малітвы наагул, для таго, каб нашы просьбы зьдзейсьніліся”.

(Бандарук: ) “Гэтак лічыць айцец Дзьмітры з Кліўленду. Дарэчы, спасылаючыся на Апостала Якуба, які кажа: “Жадаеце і ня маеце… ня маеце, бо ня просіце” (Якуб 4.2), Вількінсан піша, што “Бог заўсёды выслухоўвае малітвы справядлівых” і што “не атрымоўвае той, хто ня просіць”.

Аднак апанэнты нагадваюць яму цытаты са Сьвятога Пісьма, якія сьведчаць пра адваротнае. Пс. 65.18: “Калі б я меў у думцы сваёй беззаконьне, Госпад мяне б не паслухаў”, Прытчы: 21.13: “Хто затыкае вуха сваё ад плачу беднага, той і сам будзе заклікаць, але ня будзе пачуты”, (1.28) “Будуць клікаць Мяне, і Я не пачую іх, з раніцы будуць шукаць Мяне, і ня знойдуць”, або ў Кнізе Ераміі (11.11): “Калі заклічуць Мяне, ня выслухаю іх”.

Інакш кажучы, Бог мае для нас падарункі, якія могуць нас абмінуць, калі ня будзем іх прасіць. Дарэчы, як піша адна з чытачак Вількінсана Брыт Джоўнз, пад уплывам ягонай кнігі яна кожны дзень тройчы малілася гэткім чынам: “Добры Божа! Зрабі, каб я магла купіць новую хату”. Выкананьня просьбы ёй прыйшлося чакаць усяго пару тыдняў. Неспадзявана яна атрымала ў сваёй фірме ў Каларада Спрынгз пасаду кіраўніка аддзяленьня. Дзякуючы гэтаму лёгка ўзяла крэдыт у банку і купіла хату. Інакш кажучы, Вількінсан знайшоў цудоўную формулу посьпеху ў жыцьці, якая не патрабуе асаблівых намаганьняў… Думка пратэстанцкага верніка спадара Радкевіча”.

(Радкевіч: ) “Я думаю, што няма ніякай формулы, нічога такога, што магло б проста так, аўтаматычна гарантаваць посьпех. Наш Бог – жывы, гэта жывая асоба, і таму Ён хоча мець з намі жывыя дачыненьні. Ён хоча, каб нашая малітва выходзіла з сэрца.

Сапраўдная малітва – тое, што прыносіць і гарантуе посьпех, гэта жаданьне ў адпаведнасьці з Божым жаданьнем. Я павінен маліцца, выказваць нейкія словы, але такія, якіх хоча Сам Бог. А калі нейкія выпадковыя словы, хай сабе ўзятыя і са Сьвятога Пісьма, мы прыцягваем да нашай цяперашняй сытуацыі, да нашах патрэбаў, дык такія патрэбы могуць не супадаць з Божай воляй.

Я думаю, што гэтак рабіць няправільна. Мы павінны маліцца суладна з Божай воляй адносна нас, паддавацца кіраваньню Сьвятога Духа. Сам Бог укладвае ў нашыя сэрцы нейкія словы, просьбы, малітвы, і толькі яны гарантуюць посьпех. Вера – гэта ня магія, ня чары”.

(Бандарук: ) “Вось менавіта на магію і паганскія замовы зьвярталі ўвагу многія апанэнты Вількінсана. Будысты лічаць, што “калі кожны дзень будзеце чытаць мантру… вашы просьбы будуць выкананыя”. Мусульмане пяць разоў на дзень чытаюць адну шаблённую малітву.

“Гэта не жывыя адносіны, гэта рутына, рытуал. Уявіце сабе, што скажа мая жонка, калі я дзень у дзень буду зьвяртацца да яе тымі самымі словамі? Ці паверыць у шчырасьць маіх пачуцьцяў? Хутчэй падумае, што кплю зь яе, лясьне дзьвярыма і пойдзе”, – піша адзін з апанэнтаў кнігі Вількінсана.

Кансэрватыўныя тэолягі абураюцца, што “Малітва Явіса” прапагандуе эгаізм, скарыстоўвае біблійныя цытаты для апраўданьня прагі грошай і багацьця. “Амэрыканская культура арыентаваная на чэкавую кніжку і вялікія дамы, і такія ж сьвецкія каштоўнасьці ў рэлігійнай абгортцы прапануе і кніга Вількінсана”, – лічыць пастар Дэніел Грант зь лютэранскай царквы.

На думку Джэфрэя Магана, прафэсара з Тэалягічнай Школы Іліф у Дэнвэр, кніжка Вількінсана адлюстроўвае нарцысізм нашага часу – маўляў, рэлігійнае жыцьцё канцэнтруецца на мне і маіх патрэбах. Нагадаю пра чытачку кнігі Вількінсана Брыт Джоўнз, якая штодзённымі малітвамі “Добры Божа, зрабі, каб я магла купіць новую хату” дамаглася крэдыту ў банку і купіла хату”.

(Беленькі: ) “Для мяне гэта ня ёсьць сьцьверджаньнем веры. Я ня думаю, што добры хрысьціянін будзе зьвяртацца да Бога з падобнымі просьбамі й праблемамі. Натуральна, што ў Амэрыцы стаўленьне да ўсяго матэрыяльнага і сам лад жыцьця вельмі адрозьніваюцца ад беларускага, прыкладам. Але ёсьць шмат людзей, якія нягледзячы на гэта, застаюцца вельмі добрымі вернікамі. Ёсьць шмат праваслаўных людзей, якія захоўваюць сваю веру такой жа, якая яна ў Беларусі, у Грэцыі або іншых праваслаўных краінах.

Ёсьць таксама іншыя хрысьціяне, якія не прымаюць, і хутчэй за ўсё ніколі ня прымуць такога мэркантыльнага падыходу да малітвы, да свайго ўласнага жыцьця. На маю думку, тое што прапануе Вількінсан, – не найлепшы прыклад малітвы. Не нармальна для хрысьціяніна турбаваць Бога сваімі зямнымі, чыста прагматычнымі, матэрыяльнымі патрэбамі. Таму я цалкам згодны з тымі, хто кажа, што ў гэтай малітве некаторыя спрабуюць знайсьці апраўданьне сваім учынкам і паводзінам”.

(Бандарук: ) “Гэтак мяркуе праваслаўны сьвятар з БАПЦ у Кліўлендзе айцец Дзьмітры Беленькі. Кніга Вількінсана была ўспрынятая многімі як працяг вульгарнага матэрыялізму, што быў папулярны ў 1950-60-я гады. Паводле тагачасных прапаведнікаў гэтак званага “Эвангельля дабрабыту”, ня сорамна прасіць у Бога нават чырвоны кадыляк, гадзіньнік маркі “Ролекс” або посьпех на біржы.

Вількінсан таксама не адмаўляе чалавеку права на асабісты посьпех, але пры ўмове, што гэта служыць нейкай найвышэйшай мэце. “Явіс быў земляробам або пастухом, і ён прасіў у Бога больш зямлі. Калі б Явіс працаваў на Ўол Стрыт, магчыма ён маліўся б гэтак: “Божа, хай падаражэюць мае акцыі”. Калі я сустракаюся з мэнэджэрамі або бізнэсоўцамі, я кажу ім, што калі іхны бізнэс шануе грамадзтва, калі яны добра ставяцца да сваіх падначаленых, яны маюць права прасіць у Бога пашырэньня й разьвіцьця свайго бізнэсу”, – кажа Вількінсан.

Такая пазыцыя характарызуе хутчэй пратэстантаў, чым праваслаўных і каталікоў… Калі ласка, спадар Радкевіч”.

(Радкевіч: ) “Я ўпэўнены, што Бог хоча каб у нас былі і аўтамабілі, і дарагія гадзіньнікі, каб даражэлі нашыя акцыі на біржах. Бог ня хоча, каб мы былі беднымі, апошнімі людзьмі. Наадварот – Ён хоча, каб мы ва ўсім мелі посьпех, каб дасягнулі дабрабыту і нашыя малітвы – дзеля посьпеху. Але пры ўмове, што мы адчуваем, якая адносна нас Божая воля, якое нашае прызначэньне найперш у духоўнай сфэры.

Таму калі я малюся, я згаджаюся з Божай воляй адносна мяне, бо я ўпэўнены, што Бог хоча для нас толькі дабра, у нашай працы і ва ўсіх нашых справах. І таму малітва “Пашыр мае тэрыторыі”, я лічу, правільная малітва. Тут справа ня ў формуле. Гэтыя словы можна разумець па-рознаму, прыкласьці іх да розных сфэраў жыцьця. “Пашырыць тэрыторыі” – гэта таксама пашырыць нашую дзейнасьць, павялічыць плён нашай актыўнасьці ў грамадзкім жыцьці, на працы, у сям’і й гэтак далей”.

(Бандарук: ) “Тэзе Вількінсана пярэчаць словы Эвангельля: “Молячыся не гавары лішняга, як паганцы, якія думаюць, што ў шматслоў’і сваім будуць пачутыя. Ня будзьце падобныя да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней чым папросіце ў Яго. Маліцеся ж гэтак” (Мацьв. 6,7-9) – і тут Хрыстос як узорную малітву прадставіў слухачом “Ойча наш”.

Сучасны амэрыканскі тэоляг Джэймс Малгалэнд цьвердзіць, што ня Явіс, але менавіта Хрыстос у малітве “Ойча наш” паказаў, як трэба зьвяртацца да Бога. Гэта традыцыйны спосаб, які грунтуецца на пакорлівасьці, адданасьці, спачуваньні і ўдзячнасьці. Галоўнае ў гэтай малітве – не атрымаць тое, што я хачу, але што мне сапраўды патрэбнае, што неабходнае”.

(Лукашук: ) “Гэта праўда. Малітва, якой навучыў нас Хрыстос, – вельмі сьціплая. У ёй гаворыцца: “Хлеб наш штодзённы дай нам сёньня”. Гэта значыць: дай нам гэтулькі, каб мы маглі жыць і ўслаўляць Тваё Сьвятое Імя. Калі аднак нехта просіць: хачу прадметы раскошы, хачу камфорту, дык гэта далёка ад таго, чаму вучыў нас Хрыстос. Гэта ў некаторай ступені вельмі амэрыканская рыса: нават у Бога вытаргаваць як мага болей, атрымаць нешта толькі для сябе. На жаль, гэта ня самая лепшая рэлігійная пазыцыя”.

(Бандарук: ) “Дарэчы, бацька Рэфармацыі Мартын Лютэр (а гэта значыць, аўтарытэт і для Вількінсана) гаварыў, што “не існуе на зямлі больш высакароднай і ўзвышанай малітвы, чым “Ойча наш”, бо ў ёй надзвычайнае сьведчаньне таму, што Богу падабаецца чуць яе, а гэта для нас павінна быць вышэй за ўсе багацьці гэтага сьвету.

Дарэчы, у Эвангельлі сказана: “Прасіце, і будзе вам дадзена, шукайце – і знодзеце, стукайце – і адчыняць вам” (Мацьв. 7.7), але сказана і іншае.“Не турбуйцеся і не кажэце: што нам есьці, ці што піць, ці ў што адзецца? Усяго гэтага шукаюць паганцы, дый Айцец ваш нябесны ведае, што ўсё гэта вам патрэбнае. Шукайце ж найперш Царства Божага і праўды Яго, а тое ўсё прыложыцца вам” (Мацьв. 6, 31-33).

Ведаючы, што думкі й мары людзей тычацца хутчэй матэрыяльнага, чым духоўнага, Апостал Якуб піша: “Просіце і не атрымліваеце, бо дрэнна просіце, каб ужыць атрыманае на раскошы вашыя” (Якуб. 4,2-3).

Як пацьверджаньне гэтаму я хачу прывесьці аповед Маргарыты Пяровай з роду Луцкевічаў, якая зараз жыве ў Санкт-Пецярбургу і працуе над успамінамі пра пецярбурскі эпізод з жыцьця Івана і Антона Луцкевічаў”.

(Пярова: ) “Малітва… Што такое малітва ў нашым жыцьці? Мне прыгадваецца нашае сямейнае паданьне. Гэта было роўна сто гадоў таму, калі наша хата, дзе жыла мая прабабка Зося Лычкоўская, на Садовай вуліцы ў Менску, якой зараз няма, перайшла да яе нашчадкаў. У вялікімі пакоі вісеў абраз-літаграфія, галава Хрыста ў цярновым вянку, выкананая ў Вене паводле арыгіналу мастака Стросмайера. На адвароце гэтай літаграфіі нашчадкі знайшлі надпіс, зроблены рукою Зосі Лычкоўскай, маці Івана і Антона Луцкевічаў. Я б хацела поўнасьцю яго працытаваць:

“У 1902-м годзе, на парозе 1903-га году, на палову 12-й гадзіны, я стаяла на каленях з двума сваімі дзецьмі: дачкой Эміліяй і сынам Стэфанам, каб малітвай сустрэць Новы Год. Былі запаленыя дзьве сьвечкі. Калі перахрысьціўшыся, я падняла вочы на абраз, то вельмі зьдзівілася. Вочы Збавіцеля зьвернутыя былі на мяне. Я вельмі спалохалася і не адразу магла зьвярнуцца да дзяцей, ці і яны бачаць тое, што я. Працягвалася гэта коратка, можа адну хвіліну, але я вельмі выразна бачыла, як Хрыстос Збавіцель ізноў падняў вочы ўгару і застаўся так, як цяпер. Відаць, Бог як бы мяне папярэджваў, што мяне чакаюць вялікія непрыемнасьці.

Я хацела прасіць у Бога, каб Ён дазволіў мне выйграць у лятарэю, але Яму мабыць гэта не спадабалася. Ён зірнуў на мяне нібыта кажучы, што аб такіх рэчах я прашу дарэмна, не спадзяюся, што чакае мяне, што ёсьць больш важныя рэчы, аб якіх Яго трэба прасіць. І гора спасьцігла мяне. У 1903 годзе мой старэйшы сын Іван быў арыштаваны і пасаджаны ў турму, а праз год другі мой сын Антон таксама быў арыштаваны. Адначасова з арыштам Антона памерла мая дарагая маці. Апрача таго, у гэтым годзе, адбылося шмат стыхійных бедаў. Таму, дарагія дзеці, ніколі не прасіце ў Бога аб усялякіх дробных рэчах, а толькі аб Яго сьвятой ласцы і абароне. Зь вялікім шанаваньнем захоўвайце гэты абраз і маліцеся перад ім, прасіце абароны ў цяжкія хвіліны жыцьця”.

Вось такі надпіс. Гэты абраз знаходзіцца цяпер у сям’і Яніны Каханоўскай і Юліі Андрусышынай у Нью-Ёрку. І таксама ў кожнай хаце, дзе жывуць Луцкевічы, – у Менску, Вільні, Празе, Санкт-Пецярбургу і Сыэтле – ёсьць копіі гэтага абраза. Выконваючы наказ Зосі Лычкоўскай, і я гляджу на гэты абраз, які лунае і над маёй сям’ёй”.

(Бандарук: ) “Гэта расказала нам па тэлефоне з Санкт-Пецярбургу Маргарыта Пярова з роду Луцкевічаў.

Ніхто з удзельнікаў нашага абмеркаваньня ня выказаў захапленьня тым, што прапануе ў сваё кнізе Брус Вількінсан. Сапраўды, мы не павінны задавальняцца тым, што маем цяпер. Наш бізнэс павінен пашырацца, у нас павінны быць буйныя праекты. У нас, вернікаў, могуць быць найлепшыя кватэры, найлепшая праца, самы высокі ўзровень жыцьця. Могуць, але ня мусяць. Для верніка гэта сродак, а ня мэта.

Тое, чаго мы сабе жадаем, можа быць цалкам для нас не прызначана. У адказ на нашыя памылковыя і неразумныя просьбы Бог пасылае нам ня тое, чаго мы чакалі, але лепшае. Аўраам усё жыцьцё шукаў зямлі, якой ён не дасягнуў. Маці Сьвятога Аўгустына – Маніка – малілася, каб сын ня ехаў у Мілана, але Бог не паслухаў іхныя малітвы для іхнага ўласнага дабра.

Бывае, нам цяжка ў жыцьці, але калі мы будзем вернымі Богу, калі будзем прагнуць зьмены ў сваім жыцьці, то незалежна ад словаў наш лёс зьменіцца, як зьмяніўся ў Явіса”.
XS
SM
MD
LG