Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ РАСПАЧАЛАСЯ РЭКАНСТРУКЦЫЯ ПЛЯЦУ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ


Галіна Абакунчык, Менск

Пляц Незалежнасьці ў Менску сёньня нагадваў вялікую будаўнічую пляцоўку: хоць стаянка аўтамабіляў яшчэ не кранутая, рабочыя разбураюць асфальт, выкопваюць кустоўе, а трактары здымаюць пласты зямлі на месцы нядаўняга сквэрыку. Старыя ліпы насупраць будынку Менгарвыканкаму сьпілавалі яшчэ пяць дзён таму, хоць пачатак рэканструкцыі быў прызначаны толькі на сёньня, 1 красавіка. Але сталічная мэрыя на чале з Міхаілам Паўлавым так імкнецца выканаць сваё абяцаньне — "ажывіць" пляц Незалежнасьці, каб ён ня выглядаў мёртвай чыноўніцкай часткай Менску, што першыя дні будаўнічыя работы вядуцца без праектна-каштарыснай дакумэнтацыі. Гаворыць кіраўнік будаўнічага ўпраўленьня №73 Павал Улашчанка:

(Улашчанка: ) "Сёньня, 1 красавіка, я павінен атрымаць праектную дакумэнтацыю першага этапу. Але работы мы пачалі праводзіць раней, бо для рэалізацыі нам пастаўленыя вельмі жорсткія тэрміны. А праектавальнікі працуюць у тых жа ўмовах, што й мы".

У выніку першага этапу рэканструкцыі, разьлічанага да канца году, транспарт з праспэкту Скарыны на вуліцу Маскоўская будзе рухацца праз пляц напрасткі, а пешаходам давядзецца спускацца ў падземныя пераходы, якіх будзе два. У наступныя два гады плянуецца будаўніцтва пад зямлёй шматузроўневай аўтастаянкі, а таксама так званага падземнага гораду з крамамі й кавярнямі. Паводле архэолягаў, земляныя работы на пляцы Незалежнасьці не прычыняць шкоды культурнаму слою, бо архэалягічных напластаваньняў у гэтай частцы гораду няма.

Але папярэднія пляны могуць быць істотна зьмененыя зь іншых прычынаў. Многае залежыць ад сродкаў інвэстараў, якіх гарадзкім уладам яшчэ трэба знайсьці, бо бюджэтныя грошы выдаткоўваюцца толькі на наземную частку работаў. Таму сёньня ніхто не бярэцца спрагназаваць нават, колькі паверхаў будзе мець аўтастаянка, а тым больш — ці будзе пад зямлёй разьвітая інфраструктура. І гэта пры тым, што праект рэканструкцыі, распрацаваны архітэктарамі "Менскградо", адзін з найпрасьцейшых сярод васьмі прапанаваных у свой час на конкурс. Паводле сяброў конкурснай камісіі, сярод самых цікавых была прапанова збудаваць для аўтамабіляў падземны тунэль ад парку Янкі Купалы аж да вуліцы Маскоўская й гэтую частку праспэкту Скарыны вызваліць для пешаходаў. Але з прычыны адсутнасьці сродкаў гарадзкія ўлады пайшлі самым простым шляхам — кажа віцэ-прэзыдэнт беларускай асацыяцыі архітэктараў Аляксандр Калантай — і тое, што зроблена на Манежным пляцы ў Маскве, будзе паўторанае на пляцы Незалежнасьці ў Менску:

(Калантай: ) "Станоўчае ў цяперашнім праекце, што пешаходы атрымаюць пляц, а ня транспартную разьвязку, як зараз. Другое — першы паверх цяперашняга будынку мэтрапалітэну будзе аддадзены пад гандаль і абслугоўваньне. Што да адмоўнага, то я праводзіў бы больш радыкальную рэканструкцыю наземнай часткі пляцу. Пляц вялікі й пастаяннае захаваньне цяперашняга маштабу ня ёсьць ягонай вартасьцю".

Нязьменным у новым абліччы пляцу Незалежнасьці Менску застанецца яшчэ адзін аб'ект — помнік Леніну. Такім было абавязковае патрабаваньне цяперашніх уладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG