Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОЛЬКІ ЧАТЫРЫ САМАЛЁТЫ БЕЛАРУСКАГА АВІЯПАРКУ АДПАВЯДАЮЦЬ МІЖНАРОДНЫМ СТАНДАРТАМ


Ігар Карней, Менск

Толькі чатыры самалёты Ту-154М нацыянальнага авіяпарку адпавядаюць патрабаваньням Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) паводле ўзроўню шумоў і экалягічнай бясьпекі. Гэтая акалічнасьць кардынальна паўплывае на працу кампаніі "Белавія".

(Мэнэджэр "Белавія":) "Некаторыя рэйсы ўжо скасаваныя, некаторыя яшчэ не. Да 22 красавіка захаваецца рэгулярны маршрут у Парыж. Наўпроставыя палёты ў Вену, Бэрлін і Франкфурт скасаваныя, але сумесна з польскай авіякампаніяй "LOT" мы прапануем паводле дамоўных коштаў рэйсы праз Варшаву. Пакуль у ранейшым рэжыме па панядзелках будзе самалёт на Шэнан; захоўваецца рэйс на Лёндан (толькі крыху зьменіцца расклад), на няпэўны час застаецца Рым. Але ўвогуле да канца красавіка становішча вельмі нестабільнае. І што будзе далей — цалкам залежыць ад канкрэтных краінаў: ці будуць яны пускаць да сябе нашыя самалёты, ці не".

Сем самалётаў Ту-134, чатыры Ту-154Б і каля двух дзясяткаў Іл-76 ад сёньня на лётнішчах краінаў Эўразьвязу прымацца ўжо ня будуць. Зрэшты, праз чатыры гады да гэтай колькасьці далучацца і раней згаданыя Ту-154М.

Напярэдадні першы намесьнік кіраўніка Дзяржаўнага камітэту авіяцыі Вадзім Мельнік ўпершыню выказаўся пра неабходнасьць набыцьця не расейскіх Ту, а амэрыканскіх “Боінгаў” (дагэтуль пра такі варыянт чыноўнікі стараліся маўчаць). Але ніякіх рэальных прапановаў на ўзроўні ўраду пакуль няма. Да таго ж, спадар Мельнік акцэнтуе, што ўчорашняя прапанова, якую ён агучыў у інтэрвію БТ — цалкам ягонае асабістае меркаваньне:

(Мельнік: ) "Гэта маё асабістае меркаваньне як адмыслоўца. Я за гэта адказваю: мне гэты самалёт імпануе, а не некаму іншаму. І вам вырашаць, адэкватна гэта сытуацыі альбо не. Я выказаўся як звычайны чалавек. Маю права? Ці будзе пытаньне ўздымацца ва ўрадзе, ня ведаю; я не чалец ураду. Але калі запросяць выкласьці аргумэнты, я гатовы ў любы момант. Сытуацыя зараз тупіковая. Нават сучасныя Ту-204, Ту-214, Ту-304, Іл-96 паводле чацьвертай часткі статуту ІКАО ад 2006 году ня будуць адпавядаць міжнародным патрабаваньням... Да таго ж, уявіце, чаго мне каштавала гэтае асабістае меркаваньне з улікам саюзу Расеі і Беларусі".

Пакуль дзяржаўная пазыцыя ў гэтым пытаньні ніяк не акрэсьленая, тысячы шэраговых беларусаў цікавіць пэрспэктыва летняга адпачынку за мяжой. Але, здаецца, і лёс чартэрных праграмаў пакуль пад вялікім пытаньнем. Вось што кажа кіраўніца турыстычнага бюро “Latinserviss” Марыя Рацэнэ.

(Рацэнэ: ) "Чартэрныя рэйсы (прынамсі, нам абяцаюць) пакуль застануцца: "Белавія" паводле патрабаваньняў да турыстычных перавозак больш-менш падыходзіць. Але ўсё канчаткова высьветліцца падчас выставы "Турбізнэс", што пройдзе ў Менску 11 — 14 красавіка. Тады будзе больш зразумела, хто й чым зьбіраецца лётаць. Пакуль адзінае, што можна прагназаваць дакладна — ня будзе праблемаў на такім папулярным кірунку як Баўгарыя. Што да Гішпаніі ці Італіі, то нешта казаць ўпэўнена не бярэцца ніхто".

У Дзяржкамавія спадзяюцца, што патрэбу ў міжнародных перавозках Беларусь будзе задавальняць сумесна з авіякампаніямі сумежных краінаў (найперш Расеі і Польшчы), якія валодаюць “Боінгамі”, “Эйрбасамі” ды іншымі сучаснымі самалётамі. Але пакуль гэта зьвязана ня толькі з дадатковым часам у чаканьні стыковачных рэйсаў, але і з падвышэньнем коштаў квіткоў.
XS
SM
MD
LG