Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны культуры


Юрась Барысевіч, Менск

У Нацыянальным музэі гісторыі й культуры адчынілася выстава, прысьвечаная 120-м угодкам з дня народзінаў Якуба Коласа. Экспануюцца арыгіналы ілюстрацыяў Васіля Шаранговіча да паэмы “Новая зямля”, якую сёлета выдаў у беларускай, польскай і расейскай мовах Беларускі Фонд Культуры, а таксама ўсе выданьні “Новае зямлі”, што выйшлі за апошнія 80 гадоў. Апроч таго, можна пабачыць асабістыя рэчы Якуба Коласа, ягоныя рукапісы й прыватныя лісты.


Полацкі гарсавет зацьвердзіў геральдычную сымболіку гораду, які колісь быў сталіцаю наймагутнага беларускага княства. Сьцяг Полацку цяпер складаецца з трох роўных гарызантальных пасак — блакітнай, белай і блакітнай. Пасярод яго зьмешчаны герб гораду — трохмачтавы карабель. Новы герб у асноўным паўтарае гістарычны герб Полацку, вядомы з XVI стагодзьдзя.


Нямецкі рок-гурт “Rage”, дзе грае вядомы беларускі гітарыст Віктар Смольскі, зьняў свой новы відэакліп на студыі “Беларусьфільм”. У ліпені гурт “Rage” плянуе выступіць з канцэртам у Менску на стадыёне “Дынама”.


З прычыны нястачы бюджэтных сродкаў прыпыніўся выхад адзінага ў Беларусі мастацтвазнаўчага штомесячніка “Мастацтва”. Часопіс мае вялікія выдаткі з друкам каляровых рэпрадукцыяў, і ўсё ж ён на чвэрць самаакупны. Цяпер супрацоўнікі рэдакцыі на чале з драматургам Аляксеем Дударавым мусяць пайсьці на два месяцы ў адпачынак за свой кошт, а выпуск ужо падрыхтаваных нумароў адкласьці на няпэўны тэрмін.


У гісторыка-культурным запаведніку “Заслаўе” працуе выстава “Наіўны партрэт”. Сярод гэтых 40 палотнаў, створаных за апошнія 50 гадоў, вылучаецца трыптых Юрыя Малаша “Трагедыя чалавецтва”, які сымбалічна зьяднаў Чарнобыльскую катастрофу, аварыю на падводным крэйсэры “Курск” і напад тэрарыстаў на Ўсясьветны гандлёвы цэнтар у Нью-Ёрку. Дырэктарка запаведніку “Заслаўе” Алена Краснова спадзяецца, што на подзе гэтае калекцыі будзе заснаваны Музэй інсытнага мастацтва.


Магілёўскае грамадзкае аб’яднаньне “Кола сяброў” пры падтрымцы нямецкіх фундатараў абвесьціла конкурс для студэнтаў і школьнікаў “Мой родны горад”. На конкус прымаюцца эсэ, насьценныя газэты, відэафільмы ды Інтэрнэт-сайты на ангельскай ці нямецкай мове, прысьвечаныя Магілёву. Пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы й падарункі зь Нямеччыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG