Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

“Жывіце доўга”. 30 сакавіка

Як прадухіліць захворваньне на дыябэт і як гэта робіцца ў ЗША?

Якія харчовыя дадаткі могуць пашкодзіць нашаму здароўю, а якія – не?

Практычныя парады амэрыканскай арганізацыі “Realage”, як захаваць добрае здароўе – слухайце перадачу ў суботу. Падрыхтаваў Сяргей Абламейка.


“Суботні дыялёг”. 30 сакавіка

У чацьвер за ўдзел у мітынгу на Дзень Волі актывіст БНФ Вячаслаў Сіўчык быў асуджаны на 15 сутак арышту. Учора судзілі ягоную жонку Ганну — яна атрымала папярэджаньне. Ганна Сіўчык пад судом была першы раз. Затое яна — прафэсійная жонка “зэка”. Гэта яе другая прафэсія. Ганна ўжо ня можа дакладна падлічыць, колькі разоў ёй даводзілася чакаць мужа з турмы. Ганна Сіўчык — госьця “Суботняга дыялёгу”. Перадачу вядзе Ірына Халіп.


“Навіны культуры”. 30 сакавіка

- У Нацыянальным музэі гісторыі й культуры можна пабачыць асабістыя рэчы Якуба Коласа, ягоныя рукапісы й прыватныя лісты.
- Полацкі гарсавет зацьвердзіў геральдычную сымболіку гораду.
- Нямецкі рок-гурт “Rage” зьняў свой новы відэакліп на студыі “Беларусьфільм”.
- Прыпыніўся выхад адзінага ў Беларусі мастацтвазнаўчага штомесячніка “Мастацтва” – гэтыя ды іншыя навіны культуры, што падрыхтаваў Юрась Барысевіч, слухайце ў суботу.


“Чорны каляндар”. 30 сакавіка

Дэпутат Андрэй Клімаў стаў на ўлік у міліцыі, дзе яго ніхто не чакаў. А Ігнатовіч і Малік, якіх прызналі вінаватымі ў выкраданьні Зьмітра Завадзкага, абскардзілі вынесены ім прысуд. Нашая рубрыка “Чорны каляндар” прапануе апошнія зьвесткі з гучных працэсаў і справаў зьніклых палітыкаў – слухайце ў суботу.


“Сымбаль Веры”. 31 сакавіка

Пераважная большасьць нашых малітваў Богу – гэта не падзяка і ўслаўленьне Яго, але просьбы. Не задумваючыся над тым, ці сапраўды гэта паслужыць нашаму дабру, мы просім найперш для сябе – здароў’я, шчасьця, посьпеху.

А ці выпадае прасіць у Бога раскошны дом, найноўшы мэрсэдэс або гадзіньнік маркі “Ролекс”?

Брус Вількінсан, аўтар бэстсэлеру “Малітва Явіса: прарыў у блаславёнае жыцьцё”, кажа, што ня грэх прасіць нават вялікіх прыбыткаў на біржы. Калі тройчы штодня цягам месяца вы будзеце чытаць кароткую малітву Явіса са Старога Запавету, ужо пасьля двух тыдняў вы адчуеце зьмену да лепшага, – абяцае аўтар кнігі, якая ў Амэрыцы карыстаецца небывалай папулярнасьцю.

Што гэта за цудоўная малітва і што за кніга? Пра гэта слухайце ў суботняй перадачы “Сымбаль Веры”.


“Праскі акцэнт”. 31 сакавіка

“Пад звон літаўраў наконт саюзу расейскія алігархі ўмацоўваюць свае пазыцыі ў беларускай эканоміцы. І менавіта гэта ёсьць галоўным фактарам узаемаадносінаў Беларусі й Расеі”.

“Усё працягваецца на ўзроўні “дам–ня дам, адбяру–падару”. І разьлічваць на тое, што нейкія новыя перашкоды на гэтым шляху ня ўзьнікнуць, немагчыма. Гэта пачнецца бартэрам, пачнецца скарачэньнем экспарту, псэўдаэкспартам – такім махлярствам, якога яшчэ сьвет ня бачыў”.

Гэтыя выказваньні належаць удзельнікам перадачы “Праскі акцэнт”. Гутараць намесьнік галоўнага рэдактара маскоўскага тыднёвіка “Новое время” Барыс Туманаў і эканамічны аглядальнік беларускай “Свабоды” Міхал Залескі. Слухайце дыскусію за круглым сталом на тэму саюзу Беларусі й Расеі ў нядзелю, 31 сакавіка.


“Нядзельны круглы стол”. 31 сакавіка

Летась у хрысьціянаў Беларусі быў рэдкі шанец раз і назаўсёды пазбыцца каляндарнага падзелу ў адзначэньні царкоўных сьвятаў, бо Вялікдзень у вернікаў заходняга і ўсходняга звычаю прыпадаў на адзін і той жа дзень. Шанец, аднак, не скарыстаны.

Ці мажліва наагул калі-небудзь пазбыцца сытуацыі, калі нават сьвецкае заканадаўства краіны замацоўвае розныя дні шанаваньня датаў нараджэньня і ўваскрашэньня адзінага на ўсіх хрысьціянаў Бога?

Пра гэта за нашым нядзельным круглым сталом разважаюць два вядомыя беларускія паэты, якіх лучыць хрысьціянская тэматыка ў творчасьці, але падзяляе канфэсійная прыналежнасьць. Гэта кандыдат філялёгіі й грэка-каталіцкая верніца Ірына Багдановіч ды творца ў трох іпастасях — філёзаф Алег Бембель, паэт Зьніч і інак Жыровіцкага праваслаўнага манастыра брат Мікалай. Праграму падрыхтавала і вядзе Валянціна Аксак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG