Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АКТЫВІСТКА АГП НАТАЛЬЛЯ БРЭЛЬ СУСТРЭНЕ ВЯЛІКДЗЕНЬ У БЭЛЬГІІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Сёньня мне ўдалося зьвязацца па тэлефоне з Натальляй Брэль у Бэльгіі. Натуральна, напачатку спытаў пра самаадчуваньне, настрой:

(Брэль: ) “Настрой? Настрой досыць аптымістычны, таму што я ў бясьпецы. Мною зараз апякуюцца нашыя беларусы зь Беларускага цэнтру. Яны пра мяне клапоцяцца, можна сказаць, што я ў іхных надзейных руках”.

Слухачы Радыё Свабода ведаюць, што ніякіх правапарушэньняў Натальля Брэль, маладая асьпірантка Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, не рабіла. Рэчыцкая пракуратура распачала крымінальны перасьлед за тое, што Натальля летась у жніўні праз гарвыканкам перадала да дня народзінаў Аляксандра Лукашэнкі падарункі, якія сабрала моладзь. Там былі розныя дробныя рэчы з адмысловымі подпісамі.

Пракуратура ацаніла гэта як абразу і паклёп на прэзыдэнта і перадала справу ў суд. Максымальнае пакараньне паводле абвінавачаньня — чатыры гады пазбаўленьня волі. Распавядае спадарыня Брэль:

(Брэль: ) “Я да апошняга спадзявалася, што ўсё абыдзецца. Я ня верыла, што да гэтага дойдзе, што мне давядзецца пакінуць Беларусь.

(Карэспандэнт: ) “Натальля, а чым вы займаецеся зараз?”

(Брэль: ) “Зараз я знаёмлюся з краінай і вывучаю нідэрляндзкую мову… Увечары я іду ў касьцёл. Хутка каталіцкі Вялікдзень, і я наведаю касьцёл тут, у Бэльгіі”.

Лідэр партыі Анатоль Лябедзька, да якога я зьвярнуўся па камэнтар, усьцешаны, што маладая актывістка з Рэчыцы зараз у бясьпецы:

(Лябедзька: ) “Я хацеў бы адзначыць, што ў Беларусі не існуе судовай сыстэмы. Разьлічваць, што ў судзе ў сёньняшніх умовах справа Натальлі Брэль будзе разгледжаная неперадузята, было б вялікай мрояй. Мы вельмі прагматычна ацэньваем сытуацыю.

Я думаю, што Натальля Брэль не баіцца нейкага судовага перасьледу. Проста няма прынцыпу падзелу ўладаў, не існуе нармалёвай судовай сыстэмы. Пра гэта сьведчаць судовыя працэсы ў стасунку да Аляксандра Чыгіра, да дзясяткаў людзей, затрыманых падчас сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску і Гародні. Што Натальля за межамі Беларусі, гэта вельмі станоўчы, пазытыўны фактар”.

Анатоль Лябедзька з жалем канстатуе: у апошнія гады ягоная партыя панесла празь перасьлед уладаў ці ня самыя вялікія страты. Згадваліся прозьвішчы Генадзя Карпенкі, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, гучныя палітычныя справы Андрэя Клімава, Уладзімера Кудзінава. Дзясяткі людзей зазналі рэпрэсіі ў выглядзе штрафаў, адміністрацыйных арыштаў, звальненьняў з працы. Праблема абароны сяброў партыі, на думку спадара Лябедзькі, вельмі блізкая, знаёмая, яна сапраўды існуе.

(Лябедзька: ) “Мы, на вялікі жаль, ня здольныя яшчэ гарантаваць поўную бясьпеку кожнаму, але разам з тым у выключных сытуацыях мы, натуральна, робім усё мажлівае, каб нашыя людзі адчувалі сябе ў бясьпецы”.
XS
SM
MD
LG