Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КІРАЎНІК ХОЦІМСКАГА РАЙВЫКАНКАМУ МІКАЛАЙ ЧЭПІКАЎ ЗАБАРАНІЎ ЗАВОЗІЦЬ ПАЛІВА Й КАРМЫ Ў КАЛГАС “ЧЫРВОНЫ МАЯК”


Аляксандар Сердзюкоў, Менск

Канфлікт паміж Мікалаем Какатковым і Мікалаем Чэпікавым распачаўся пасьля таго, як улады вырашылі аб’яднаць калгас імя Карла Маркса і калгас “Чырвоны маяк” у адну гаспадарку. На першым сходзе працаўнікоў абодвух калгасаў кіраўнік райвыканкаму прапанаваў свайго чалавека, Мікалая Ільюшчанку. Старшыня калгасу “Чырвоны маяк” заявіў, што ён ня будзе ўдзельнічаць у галасаваньні, бо сход, які ня мае кворуму, ня можа лічыцца легітымным.

Пасьля гэтага ён пачаў збор подпісаў за скліканьне новага сходу. Паводле калгаснага статуту, адна трэць ад усіх калгасьнікаў мае права ініцыяваць правядзеньне пазачарговага сходу. Людзі ведалі спадара Какаткова як прынцыповага чалавека, які крытычна ставіцца да чыноўнікаў, і 26 сакавіка на сходзе адзінагалосна абралі яго старшынём аб’яднанага калгасу. Намесьнікам у яго пагадзіўся быць старшыня калгасу імя Карла Маркса Васіль Лудчанкоў.

Калі і раней у Мікалая Какаткова былі непрыемнасьці з уладамі, дык зараз супраць яго пачалася сапраўдная вайна. У ягоным кабінэце адключаны тэлефон. Да яго ўжо прыяжджалі і Мікалай Чэпікаў, і начальнік міліцыі, і кіраунік раённага ўпраўленьня сельгасхарчу. Усе яны патрабавалі, каб спадар Какаткоў пакінуў пасаду старшыні. Аднак ён не здаецца.

На гэты час і паліва, і кармы завезьлі ў цэнтар калгасу імя Карла Маркса. Вось тады кіраўнік раённай вэртыкалі загадаў былому старшыні гэтага калгасу не даваць працаўнікам “Чырвонага маяка” ні кармоў для жывёлы, ні паліва для трактароў. Паводле загаду Чэпікава, супрацоўнікі аўтаінспэкцыі адмовіліся правесьці тэхагляд трактароў. Каля ста трыццаці калгасьнікаў на нейкі час апынуліся бяз працы.

Такая сытуацыя, калі ад галоўнага вэртыкальшчыка цалкам залежыць разьвіцьцё сельскай гаспадаркі, характэрная ня толькі для гэтага калгасу, але і для іншых гаспадарак раёну.

Распавядае старшыня калгасу “Чырвоны маяк” Мікалай Какаткоў:

(Какаткоў: ) “Можа ўвогуле даць каманду і будзе паралізаваны ўвесь раён. Гэта можа быць воля толькі аднаго чалавека. А тое, што сказаў народ, што народ патрабуе, на гэта абсалютна ніхто не прарэагуе. Калі сказаў старшыня райвыканкаму, значыць, усё так і зробяць. Хай стаіць, хай валіцца, хай жывёла някормленая, абы толькі выканалі ягоную волю”.

(Карэспандэнт: ) “Значыць, наша пасяўная залежыць толькі ад кіраўніка вэртыкалі?”

(Какаткоў: ) “Толькі ад кіраўніка вэртыкалі”.
XS
SM
MD
LG