Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ШЭРАГУ ГАРАДОЎ БЕЛАРУСІ АДБЫЛІСЯ ПРАФСАЮЗНЫЯ АКЦЫІ


Міхал Стэльмак, Менск

Каля васьмісот чалавек адгукнулася на заклік кіраўніцтва Фэдэрацыі правесці ў яе сядзібе ў Менску сход у рамках Адзінага дня прафсаюзных дзеяньняў. Гэты Дзень, як прагучала на сходзе, стаў вынікам антыпрафсаюзнай палітыкі ўладаў. Старшыня Фэдэрацыі Франц Вітко нагадаў у сваім выступе пра забарону безнаяўнага пералічэньня прафсаюзных складак і зьбядненьне працоўных.

Як вынікала са словаў іншых выступоўцаў, менавіта гэта справакавала прафсаюзны пратэст. Меркавалася, што гэты пратэст набудзе характар агульнанацыянальнай акцыі ў форме мітынгаў і пікетаў. У Менску плянаваўся мітынг пратэсту. Але на мінулым тыдні большасьць сяброў прэзыдыюму Фэдэрацыі прыняла рашэньне замест мітынгу правесьці ў будынку Фэдэрацыі агульнагарадзкі сход. На працягу дзьвюх гадзінаў сябры Фэдэрацыі абмяркоўвалі становішча, у якім апынуліся сёньня беларускія прафсаюзы. Падсумоўваючы вынікі сходу, Франц Вітко зазначыў нашаму Радыё:

(Вітко: ) "Наконт палітыкі ўладаў гучала адно. Гэта палітыка, якая не павінна праводзіцца. Прафсаюзы — гэта органы, якія прадстаўляюць працоўных людзей, і таму яны ёсьць суб'ектам сацыяльнага партнэрства на дзяржаўным узроўні. Зь іх меркаваньнем трэба лічыцца.

Я лічу, што сёньняшняе мерапрыемства не супярэчыць і другім формам, але гэтая форма даволі эфэктыўная. Магчыма, гэта першае ўражаньне, эмацыйнае ўспрыняцьце таго, што сёньня адбылося, але гэта адна з эфэктыўных формаў, я мяркую так".

Некаторыя ўдзельнікі сёньняшняга сходу выказалі крытычнае стаўленьне да сходу як формы прафсаюзнага пратэсту. Вось, напрыклад, што заявіў нашаму радыё рабочы Менскага падшыпнікавага заводу Рычард Каросьцік:

(Каросьцік: ) "Да гэтага сходу я стаўлюся так. Спачатку гэта меркавалася як акцыя пратэсту — вывесьці людзей на вуліцы. Гэта было б добра. Што кіраўніцтва дзяржавы спалохаецца таго, што мы тут пасядзім на мяккіх крэслах, ці пастаім у цішыні? Зусім не. Яны дамагліся, каб людзі ня вельмі ведалі пра гэта. Праца праводзілася напярэдадні, улёткі раскідваліся, я сам браў удзел у гэтым. Людзі рэагавалі па-рознаму. Адны казалі, што ім гэта ня трэба, іншыя жыва цікавіліся.

Але мне вельмі крыўдна за кіраўніцтва Фэдэрацыі прафсаюзаў, за тое, што мы тут схаваліся пад дах, у мяккія крэслы. Трэба ісьці на вуліцы".

Падтрымаць Фэдэрацыю прыйшлі на сёньняшні прафсаюзны сход менскія камуністы. Вось як пракамэнтавала гэты ўдзел сакратар Партыі камуністаў Алена Скрыган:

(Скрыган: ) "Гэтая акцыя праходзіць пад лёзунгамі, якія вельмі блізкія і нам. Гэта супраць росту цэнаў, супраць таго, каб штомесячна рабіліся больш недаступнымі для нас і адукацыя, і мэдыцына. Мы падтрымліваем прафсаюзы, таму што лічым іх апошняй масавай арганізацыяй у Рэспубліцы Беларусь, якая можа абараніць правы працоўных. Таму сёньня мы прыйшлі на гэтую акцыю, і ня толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах краіны, дзе гэтыя акцыі праводзяцца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG