Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МЕНСКУ ПРАЙШОЎ ПРАФСАЮЗНЫ ПІКЕТ СУПРАЦЬ ЗЬБЯДНЕНЬНЯ НАСЕЛЬНІЦТВА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньняшняя прафсаюзная вулічная акцыя ў Менску праходзіла пад сацыяльнымі лёзунгамі. Першымі, а 16-й гадзіне дня, у парк Дружбы народаў прышлі некалькі дзясяткаў актывістаў Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці. Пасьля колькасьць пікетчыкаў значна павялічылася.

У руках яны трымалі блакітныя прафсаюзныя сьцягі й транспаранты з надпісамі “Не – даўгам па зарплаце!”, “Забясьпечыць нармальныя ўмовы жыцьця!”, “У адзінстве наша сіла!” ды іншыя.

Першапачаткова плянавалася, што акцыя “Дзень супольных прафсаюзных дзеяньняў” у Менску пройдзе каля Трактарнага заводу, Опэрнага тэатру і на праспэкце Машэрава. Узначаліць яе мелася Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Аднак калі ўлады забаранілі праводзіць мерапрыемствы ў гэтых месцах, прэзыдыюм ФПБ прыняў рашэньне абмежавацца правядзеньнем сходу прафсаюзнага актыву.

З гэтым рашэньнем не пагадзіліся актывісты прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці ды Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, якія вырашылі ладзіць пікет на плошчы Бангалор. Гаворыць арганізатар гэтай акцыі, лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч:

(Фядыніч: ) “Я быў супраць таго, каб праводзіць паседжаньне ў Фэдэрацыі прафсаюзаў, бо лічу, што гэта несапраўдная акцыя пратэсту. І лічу, што гэта памылка нашага прэзыдыюму Фэдэрацыі, і я лічу, што гэта быў бы цудоўны пікет. Лепей, калі людзі чытаюць нашыя лёзунгі й патрабаваньні. І думаю, тады нас будзе падтрымліваць больш людзей, бо будуць ведаць, што яны не адны”.

Звычайныя мінакі й кіроўцы машынаў віталі ўдзельнікаў акцыі. Паколькі пікет быў афіцыйна дазволены ўладамі, міліцыя не перашкаджала яго правядзеньню. Людзі ў цывільным толькі здымалі ўсіх удзельнікаў на відэа. Аднак калі да пікету далучылася сталага веку жанчына зь бел-чырвона-белым сьцягам, нейкі хлопец выхапіў сьцяг у яе з рук і хутка схаваўся ў міліцэйскай машыне.

Пікетчыкі з заводу “Гарызонт” ды іншых прадпрыемстваў так тлумачылі свой удзел у гэтым мерапрыемстве:

(Спадар: ) “Прэзыдэнт падманвае. Калі яго абіралі, я асабіста чуў ягоныя словы, што ў нас ніколі ніколі ня будзе пэнсія ў 65 ці ў 62 гады. А цяпер атрымліваецца, што жанчынам у 60, мужчынам у 62 гады”.

(Спадарыня: ) “На гэтую акцыю мы выйшлі, каб выказаць пратэст уладам супраць таго, як яны абыходзяцца з народам. Калі атрымліваем свае грошы, то выходзіць, што нешта мы маглі купіць два тыдні таму, а цяпер гэтага сабе дазволіць ужо ня можам”.

Пазьней да акцыі далучыліся прэзыдэнт Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Мікалай Канах са сваімі сябрамі, а таксама лідэр прафсаюзу аўтамабільнага й сельскагаспадарчага машынабудаваньня Аляксандар Бухвостаў. Спадар Бухвостаў таксама быў не задаволены рашэньнем ФПБ замяніць сапраўдныя акцыі пратэсту сходам прафактыву і заявіў, што цяпер ён і ягоныя паплечнікі зробяць усё магчымае, каб неўзабаве рабочыя выйшлі на вулічныя акцыі пратэсту.
XS
SM
MD
LG