Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 СУТАК АРЫШТУ ЗА СЬВЯТКАВАНЬНЕ ДНЯ ВОЛІ ДАЛІ ВЯЧАСЛАВУ СІЎЧЫКУ


Любоў Лунёва, Менск

Свой прысуд, 15 сутак арышту, Вячаслаў Сіўчык пракамэнтаваў Радыё Свабода ў судовай залі Цэнтральнага суду Менску:

(Сіўчык: ) “Пасьля таго, як да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка, не было ніводнага спакойнага, нармальнага, годнага сьвяткаваньня Дня Беларускай Народнай Рэспублікі. Людзі, якія дарваліся да ўлады ў 1994 годзе, ненавідзяць усё беларускае – і беларускі сьцяг, і беларускую мову, і, натуральна, Дзень 25 Сакавіка.

Таму калі я ішоў на суд, я быў гатовы да любога прысуду. Адзінае, мяне пацешыла, што ўсё гэта адбывалася ў дастаткова іранічнай форме. Я меркаваў, што будзе 10 сутак, хаця падкрэсьліваю, што маю віну на судовым паседжаньні ня вызначылі, тым больш не даказалі. Мусіць, пакуль будзе Лукашэнка пры ўладзе, такі ідыятызм будзе працягвацца”.

Акрамя Вячаслава Сіўчыка за ўдзел у сьвяточным шэсьці на Дзень Волі судзілі Алену Рашэтнікаву, Кірыла Папкова і прадпрымальніка Юрася Пальчэўскага. Усе яны атрымалі папярэджаньні.

У Цэнтральным судзе засталося некалькі неразгледжаных справаў. Суду чакаюць Зьміцер Бандарэнка, Уладзіслаў Ігнатовіч, Андрэй Ачапоўскі, Сяргей Новікаў, Зьміцер Карпенка і Цімафей Дранчук.

У спэцпрыёмніку пасьля суду трымаюць чатырох удзельнікаў акцыі. Гэта Зьміцер Дашкевіч, Віктар Кавешнікаў, Павал Севярынец і Вячаслаў Сіўчык.
XS
SM
MD
LG