Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПОМНІК ЯНКУ КУПАЛУ Ў МАСКВЕ: ЦІ ПАСТАВЯЦЬ ЯГО ДА ЮБІЛЕЮ ПАЭТА?


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Антон Сабалеўскі, сябар Таварыства беларускай культуры імя Францішка Скарыны ў Маскве і Жана Дапкюнас, дырэктарка Літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Менску

Бягучы год – адметны ў беларускай культуры. Сёлета спаўняецца 120 гадоў ад нараджэньня славутых песьняроў – Янкі Купалы і Якуба Коласа. Адной з самых адметных сьвяточных падзеяў павінна было быць адкрыцьцё ў Маскве помніка Янку Купалу.

З расейскай сталіцай зьвязаныя як добрыя, так і трагічныя падзеі жыцьця паэта. У 1915 годзе малады Купала здабываў веды ў Народным унівэрсытэце імя Шаняўскага. У Маскве ён пабраўся шлюбам з Уладзіславаю Станкевічанкай. Урэшце, і ягонае жыцьцё ў 1942 годзе абарвалася ў гатэлі “Масква” пры загадкавых абставінах.

Ідэя ўшанаваньня памяці беларускага песьняра ў Маскве нарадзілася ў 1992 годзе. Успамінае Антон Сабалеўскі:

(Сабалеўскі: ) “Да 50-й гадавіны яго сьмерці нашы сябры Таварыства беларускай культуры імя Францішка Скарыны пайшлі да гатэля “Масква”, са сьвечкамі пастаялі там, а пасьля пайшлі ў касьцёл сьвятога Людовіка, дзе ксёндз на беларускай мове правёў імшу і выступіў з добрым казаньнем”.

(Карэспандэнт: ) “Тады ішла гаворка пра ўстаноўку мэмарыяльнай шыльды на гатэлі. Але з часам задума стала разьвівацца”.

(Сабалеўскі: ) “Ад шыльды потым высьпела ідэя – паставіць помнік. Ужо з гэтай ідэяй помніка мы выйшлі на маскоўскі ўрад, на маскоўскую Думу. Неяк знайшлося паразуменьне такое – у Лужкова, ва ўсіх, яны згадзіліся, каб быў такі помнік.

Мы выказалі пажаданьне, каб скульптарам быў Валяр’ян Янушкевіч, мы не хацелі, каб быў нейкі конкурс, бо завалілі б гэтую справу. І Валеры пачаў працаваць над гэтай ідэяй, прыяжджаў у Маскву. Мы хадзілі да Грыгор’ева – архітэктара нашага былога зь Менску. Многа было эскізаў накідана, і апошні, які ён прыслаў нам, ён пачаў рабіць у плястыліне, у гліне. Добры будзе помнік такі – рамантычны Купала, малады”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Антон, а як фінансуецца гэтая справа?”

(Сабалеўскі: ) “Фінансаваць помнік будуць праз Музэй Янкі Купалы ў Менску”.

(Карэспандэнт: ) “Вы кажаце, што сродкі будуць пераведзеныя музэю быццам бы зь бюджэту расейска-беларускага саюзу. Калі можна спадзявацца пабачыць помнік?”

(Сабалеўскі: ) “Задумка ёсьць такая, каб да 120-годзьдзя Янкі Купалы паставіць гэты помнік ў Маскве, але гэта праблематычна. Тое, што помнік будзе, гэта ўжо адназначна”.

Хочацца спадзявацца, але ўжо сёньня відавочна, што спадар Антон мае рацыю, калі ня верыць, што гэта ўдасца зрабіць да юбілею.

Каб высьветліць сытуацыю, мы зьвярнуліся да дырэктаркі Музэю Янкі Купалы з пытаньнем: ці атрымаў музэй сродкі на гэты помнік? Гаворыць спадарыня Жана Дапкюнас:

(Дапкюнас: ) “Фінансаваньня яшчэ ніякага няма, справа ідзе яшчэ толькі на ўзроўні перамоваў. Міністэрства культуры падае каштарыс і ліст да Паўла Барадзіна, каб з гэтага саюзнага бюджэту выдзеліць. Дарэчы, гаварылі, што там ужо вызначаная гэтая сума, палова якой пойдзе на Менск – на аплату скульптару і каб адліць скульптуру, усё падрыхтаваць, а другая палова – на ўпарадкаваньне тэрыторыі ў Маскве, дзе будзе пастаўлены помнік.

Цяпер чакаем, якое будзе канчатковае рашэньне. Але, наколькі я ведаю, з саюзнага бюджэту ня вельмі лёгка будзе атрымаць гэтыя грошы.

Юбілейны год, нейкая частка яго ўжо прайшла. Хацелася б, каб хутчэй былі гэтыя грошы. Сапраўды, гэта будзе самае вялікае мерапрыемства да юбілею, трэба ўстанавіць помнік хаця б да канца году”.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Жана, Вы сказалі, што каштарыс расходаў ужо падалі. Хто яго складаў? Якія прыкладна сродкі патрабуюцца?”

(Дапкюнас: ) “Мы зьвярнуліся на Менскі мастацкі вытворчы камбінат. Гэта вельмі дакладны каштарыс, за меншы кошт помнік немагчыма зрабіць, набягае недзе каля 4 мільёнаў расейскіх рублёў. Мастак кажа, што за гэтую суму рэальна можна зрабіць усё, што трэба па адліўцы, па пастамэнту гранітнаму (дарэчы, гэта будзе вялікая глыба, якую прывязуць з Украіны)”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ставілі пытаньне гэтак, каб сама Беларусь фінансавала ўстаноўку помніка?”

(Дапкюнас: ) “Сама Беларусь? Ня ведаю, але ад пачатку пытаньне стаяла, што з саюзнага бюджэту. Я так разумею, што там грошы і нашыя, беларускія, найперш пойдуць”.

(Карэспандэнт: ) “Ад каго залежыць, каб грошы былі нарэшце атрыманыя?”

(Дапкюнас: ) “Рашэньне залежыць, я думаю, найперш ад таго, каб урад наш зьвярнуўся да ўраду Масквы й дамовіліся, вырашылі – і гэтая справа пайшла б хутчэй”.

(Карэспандэнт: ) “Як справы з расейскага боку, ці там робіцца нешта канкрэтнае ў падрыхтоўцы, напрыклад, пляцоўкі?”

(Дапкюнас: ) “Там таксама да канца яшчэ нічога не вядома – якая арганізацыя будзе гэтым займацца і архітэктар невядомы. Мабыць, усё ж чакаюць канкрэтнага рашэньня ад Лужкова. Вядома, распараджэньне Лужкова паставіць усё на сваё месца, і справа будзе канкрэтна вызначаная”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Сабалеўскі выказаў тут цьвёрдую ўпэўненасьць, што помнік будзе пастаўлены. А як вы, спадарыня Жана, лічыце?”

(Дапкюнас: ) “Разумееце, па настрою адчуваецца, абсалютна ўсіх, што будзе помнік. Другая справа – ці пасьпеем мы ў гэтым годзе?”

(Карэспандэнт: ) “Дзе мяркуецца паставіць помнік Купалу ў Маскве?”

(Сабалеўскі: ) “Будзе ставіцца ў Міускім сквэры, насупраць Унівэрсытэту Шаняўскага, там, дзе ён быў – цяпер гэта Дзяржаўны гуманітарны ўнівэрсытэт. Там вучыўся некалі Купала, вельмі блізка ад Беларускага вакзалу”.

Лічыцца, што гэта будзе першы беларускі помнік у расейскай сталіцы. Але тут варта згадаць, што ўжо шмат гадоў у самым цэнтры Масквы стаіць помнік расейскаму першадрукару Івану Фёдараву, якога беларусы таксама могуць лічыць сваім, бо ягоныя карані былі ў землях Вялікага Княства Літоўскага.

Працягнем размову з дырэктаркай Музэю Янкі Купалы Жанай Дапкюнас.

(Карэспандэнт: ) “Вядома, што сьляды славутага песьняра ёсьць ня толькі ў Маскве. Дзе яшчэ, спадарыня Жана, можна было б ушанаваць імя Купалы?”

(Дапкюнас: ) “Ня меншыя кантакты ў Купалы былі зь Пецярбургам, гэта і чатырохгадовая вучоба на курсах Чарняева, і паездкі. З Прагай вельмі многае зьвязана ў Купалы, з Братыславай таксама, ёсьць многа матэрыялаў, сьведчаньняў, фотаздымкаў. Многае зьвязвае Купалу і зь Беластокам, зь Літвою, з Латвіяй”.

(Карэспандэнт: ) “Ваш музэй ужо рабіў захады, каб і там засталіся нейкія памяткі пра паэта, выходзілі зь нейкімі прапановамі?”

(Дапкюнас: ) “Не, мы яшчэ не выходзілі, бо калі выходзіш на кантакт, трэба мець нейкія сродкі, за якія можна рэалізаваць праект, а ў нас пакуль што гэта вельмі складана”.

(Карэспандэнт: ) “З нашай сёньняшняй перадачы вынікае, што помнік Купалу ў Маскве ініцыявалі тамтэйшыя беларусы. Магчыма, што вы мелі б у гэтай справе падтрымку беларускай дыяспары ў іншых краінах. Ці ня хочаце зьвярнуцца да нашых суполак у замежжы з канкрэтнымі прапановамі?”

(Дапкюнас: ) “Гэта можна. Добрая думка, сапраўды. Мы можам усю інфармацыю сабраць, можам шырока падаць усё, што патрэбна, каб неяк абгрунтаваць прапанову.

Гэта ж ня толькі музэю патрэбна. Я думаю, што гэта трэба многім беларусам, і каб гэта больш грунтоўна гучала, мабыць, сапраўды, да справы павінны далучыцца і нашы суполкі”.
XS
SM
MD
LG