Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА НАВЕДАЎ МАГІЛЁЎСКІ ЗАВОД ШТУЧНАГА ВАЛАКНА, КАБ ВЫЗНАЧЫЦЬ ПЭРСПЭКТЫВЫ ЯГОНАГА РАЗЬДЗЯРЖАЎЛЕНЬНЯ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што возьме пад свой кантроль працэс акцыяваньня нафтахімічных прадпрыемстваў, да якіх на Магілёўшчыне належаць магілёўскае аб’яднаньне “Хімвалакно”, бабруйскі камбінат “Белшына” і завод штучнага валакна.

Швайцарская фірма “United Technology Corporation”, якая зацікавілася заводам, запатрабавала кантрольны пакет акцый, што і выклікала незадавальненьне Лукашэнкі. На сустрэчы зь ім кіраўнікі прадпрыемства спрабавалі пераканаць, што завод могуць выратаваць толькі інвэстыцыі. Завод, які летась меў вялікія страты і 80% фондаў якога зношаныя, ня мае пэрспэктывы. Гэта яшчэ горш, чым на камбінаце “Белшына”, дзе зношаныя 60% фондаў. Таму кіраўнікі заводу пагаджаліся з прапановамі швайцарскай фірмы “United Technology Corporation”.

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з рабочымі выказаўся супраць такой прыватызацыі. Ён заявіў, што акцыяваньне — гэта ня значыць адразу перадаць завод у прыватную уласнасьць. Усю віну за дрэннае становішча заводу ён усклаў на ягоную дырэкцыю. Паводле ягонага меркаваньня, кіраўнікі прадпрыемстваў праводзяць утрыманскую палітыку і ідуць на простыя меры, каб выправіць становішча.

Ён лічыць, што дырэкцыя ня ўмее зарабляць грошы. Пабачыўшы ў заводзкіх памяшканьнях пацукоў, ён патрабаваў да 5 траўня навесьці парадак:

(Лукашэнка: ) “Навядзіце на заводзе парадак і тады прасіце грошы. Як толькі мне паведамяць, што вы палавілі пацукоў, прыходзьце па грошы”.

Гаспадар Чырвонага дому не выключае, што швайцарская фірма можа атрымаць пэўны пакет акцый праз год, два, тры, а можа і больш, але пры пэўных умовах:

(Лукашэнка: ) “Калі праца пойдзе і бакі пакажуць сумленнасьць і прыстойнасьць адзін да аднаго”.

Каб выканаць гэтыя ўмовы, інвэстарам трэба да наступнага году павялічыць колькасьць рабочых з трох да чатырох тысяч, забясьпечыць сацыяльную інфраструктуру, арганізаваць маркетынг і разьвіваць абаротныя сродкі.

Інвэстары будуць мець права ўдзельнічаць у кіраваньні заводам, але толькі ў якасьці каардынацыйнай рады. Такія ўмовы супрацоўніцтва прадугледжаныя інвэстыцыйным праектам, які на загад Лукашэнкі мусіць быць распрацаваны на працягу дзесяці дзён. Невядома, ці падпіша “United Technology Corporation” такое пагадненьне.

Вядома, што незадавальненьне ўмовамі беларускай прыватызацыі выказалі і патэнцыйныя замежныя інвэстары аб’яднаньня “Хімвалакно”. Лукашэнка сказаў, што акцыяваньне працягваецца, а прыватызацыі пакуль што ня будзе.
XS
SM
MD
LG