Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ МАГЧЫМАЕ ЗЬЯЎЛЕНЬНЕ Ў БЕЛАРУСІ ІНСТЫТУТУ АМБУДЗМЭНА?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Ці ўзмацненьне ролі Польшчы ў праваабарончых структурах ААН можа паўплываць на павелічэньне цікаўнасьці міжнароднай супольнасьці да праблемаў з правамі чалавека ў Беларусі? Ці магчымае ў цяперашняй сытуацыі зьяўленьне ў Беларусі інстытуту амбудзмэна? На гэтыя пытаньні ў размове з нашым варшаўскім карэспандэнтам адказвае кіраўнік польскай Гельсынскай Фундацыі вядомы праваабаронца спадар Марк Навіцкі.

(Карэспандэнт: ) “Польшча – гэта краіна, якая бадай найлепш арыентуецца ў сытуацыі з парушэньнямі правоў чалавека ў суседняй Беларусі. Спадар Навіцкі, ці можна меркаваць, што роля Польшчы ў міжнародных праваабарончых структурах паўплывае на большую ўвагу да праблемаў Беларусі?”

(Навіцкі: ) “Так, Польшча, як ніводная іншая краіна, ну можа яшчэ Літва, вельмі адчувальная да таго, што робіцца з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі. Таму, мяркую, што тут ёсьць шанец і для Беларусі.

Мы бачым, як ставяцца беларускія ўлады, у прыватнасьці, да трэцяга сэктару. Яны не рэгіструюць новыя недзяржаўныя арганізацыі й ствараюць законы, якія дазваляюць зьліквідоўваць існыя (і ўжо ліквідуюць тыя, што добра працуюць, як, напрыклад берасьцейскую “Вежу”).

Увогуле на ўсё, што робіцца ў Беларусі ў справе свабоды аб’яднаньняў, стварэньня недзяржаўных арганізацыяў, Польшча рэагуе. Гэта разумее і польскі ўрад, і недзяржаўныя арганізацыі, і я ўпэўнены, што гэтая праблема будзе ўзьнятая і на паседжаньні Камісіі правоў чалавека ў Жэнэве. Магчыма, сытуацыя з правамі чалавека паўплывае і на двухбаковыя адносіны нашых краінаў.

Мы хочам зь беларускім грамадзтвам добрасуседзкіх адносінаў. Але гэта немагчыма, калі будзе зьнішчаная грамадзянская актыўнасьць. З цэнтралізаванай дзяржавай з моцнай уладай можна падтрымліваць стасункі дыпляматычныя, аднак нельга сябраваць. Бо сяброўства нашых грамадзтваў і людзей зробіцца вельмі цяжкім. А мы хочам мець сяброў за нашай усходняй мяжой”.

(Карэспандэнт: ) “На мінулым тыдні славацкі парлямэнт прызначыў першага ў сваёй краіне амбудзмэна. У Беларусі гэтай пасады дагэтуль няма. Ці можна меркаваць, што ў Беларусі ўрэшце зьявіцца інстытут амбудзмэна?”

(Навіцкі: ) “Я б не прысьпешваў увядзеньне гэтай пасады ў Беларусі. Бо амбудзмэн – гэта такая інстытуцыя ў структуры дзяржавы, сіла і значэньне якой залежыць у значнай ступені ад асобы, якая займае гэтае становішча. Калі на гэтай пасадзе будзе чалавек слабы, які ня мае волі да ўвядзеньня зьменаў, то ён нічога ня зробіць, а будзе толькі дэкарацыяй для ўладаў, якія будуць казаць – вось мы маем амбудзмэна. А ў жыцьці людзей нічога ня зьменіцца. Дарэчы, такая сытуацыя цяпер у многіх краінах Усходняй Эўропы.

Аднак калі гэта будзе чалавек, які адназначна стаіць на пазыцыі абароны правоў чалавека і ўмее добра працаваць з мэдыямі, дык нават ня маючы вялікіх паўнамоцтваў ён можа шмат зьмяніць, як калісьці ў Польшчы зьмяніла прафэсар Эва Лэнтовска – першы польскі амудзмэн.

Таму, калі б у Беларусі нават і зьявілася цяпер пасада амбудзмэна, дык ня думаю, каб яе заняў нехта, хто б меў волю, жаданьне і здольнасьці, каб бараніць правы беларусаў. Таму можа й лепш, што такога інстытуту няма. Прынамсі, беларускія ўлады ня могуць казаць, што яны маюць у сваёй краіне ўсе дэмакратычныя інстытуты”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ўвогуле ў цяперашняй палітычнай сытуацыі ўвядзеньне пасады амбудзмэна магчымае ў Беларусі?”

(Навіцкі: ) “Мяркую, што магчымае. Беларускія ўлады могуць стварыць пасаду, прызначыць на яе каго-небудзь з КГБ, і ён нікому не дапаможа. А ўлады будуць казаць, што краіна вельмі дэмакратычная, бо ёсьць нават амбудзмэн.

Я мяркую, што інстытут амбудзмэна мае значэньне толькі ў дзяржавах дэмакратычных. А ў дзяржавах недэмакратычных ён толькі стварае ўражаньне, што ўлады робяць нешта добрае”.
XS
SM
MD
LG