Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЕ НАВУКІ


Сяргей Шупа, Вільня

Праект “Галілей” будзе каштаваць 3 мільярды даляраў, на яго распрацоўку пойдзе чатыры гады. Сыстэма пачне працаваць у 2008 годзе. Яна будзе пасылаць сыгналы, прымаючы якія з дапамогай адмысловых прыймачоў, карыстальнікі змогуць імгненна вызначаць свае каардынаты. У адрозьненьне ад сыстэмы GPS, якая належыць амэрыканскаму войску, “Галілей” прызначаецца для цывільнага ўжытку і ня будзе выключацца нават падчас ваенных канфліктаў.

ВАШЫНГТОН. Камэту Ікея-Чжан, адкрытую ў лютым двума астраномамі-аматарамі, на працягу некалькіх наступных тыдняў можна будзе назіраць у паўночным паўшар’і. Камэту можа будзе пабачыць без тэлескопа, аднак навукоўцы раяць узброіцца біноклем. Камэта Ікея-Чжан будзе відна на захадзе на працягу некалькіх гадзін пасьля захаду сонца, недалёка ад плянэты Марс. Найбольшае набліжэньне камэты да сонца адбылося 18 сакавіка, цяпер яна зноў адлятае ў глыбіні космасу.

РЫМ. Усясьветная Мэтэаралягічная Арганізацыя адзначыла ў Рыме Ўсясьветны Дзень Вады. Паводле генэральнага сакратара гэтай арганізацыі Годвіна Абасі, нястача вады і пагаршэньне яе якасьці будуць аднымі з найбольшых праблемаў ХХІ стагодзьдзя. У пэрыяд ад 1900 да 1995 году патрэба насельніцтва Зямлі ў вадзе вырасла ў сем разоў, пры тым, што насельніцтва плянэты за гэты час павялічылася толькі ў тры разы. Галоўнай задачай на бліжэйшыя гады будзе вынайсьці – як вырабляць болей ежы, спажываючы меней вады. На сёньняшні дзень найбольшая колькасьць вады, 72%, ужываецца для патрэбаў сельскай гаспадаркі.

СЫДНЭЙ. Аўстралійскія дасьледнікі цьвердзяць, што чалавецтва ня здолела б засвоіць плянэту без сабакі. Прыручэньне ваўкоў дазволіла здабываць буйнейшую дзічыну і нават паспрыяла разьвіцьцю мастацтва. Доктар Пол Тэйкан з Аўстралійскага Музэю ў Сыднэі ў выніку дасьледаваньня археалягічных выкапняў і ДНК выявіў, што прыручэньне сабакі адбылося больш за 100 тысяч гадоў таму. Прыблізна тады людзі пачалі пазначаць сваю тэрыторыю, чаму маглі навучыцца ад сабакаў і што ў далейшым прывяло да ўзьнікненьня сымбалізму і мастацтва.

ПЭКІН. Кітай запусьціў з касмадрому Цьзюцюань свой трэці бесьпілётны карабель. Пры запуску карабля “Шэньчжоў-3” прысутнічаў прэзыдэнт Цьзян Цзэмінь. Ён павіншаваў навукоўцаў, вайскоўцаў і інжынэраў і выказаў гонар за “імкненьне кітайскага народу рабіцца штораз мацнейшым”. Кітай зьбіраецца да канца гэтага дзесяцігодзьдзя паслаць у космас свайго першага касманаўта. Два папярэднія палёты бесьпілётных караблёў Шэньчжоў адбыліся ў лістападзе 1999 і ў студзені 2001 году.
XS
SM
MD
LG