Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КУРДЫ ГАТОВЫЯ СТАЦЬ НОВЫМ ПАЎНОЧНЫМ АЛЬЯНСАМ – ЦЯПЕР УЖО НА ПОЎНАЧЫ ІРАКУ Ў ВАЙНЕ СУПРАЦЬ САДАМА ХУСЭЙНА


Юры Сьвірко, Прага

Ці сапраўды ірацкія курды гатовыя стаць другім у гісторыі Паўночным альянсам? Вайна супраць талібаў у Афганістане таксама пачыналася з поўначы краіны, пры падтрымцы апазыцыйных сілаў.

Паводле газэты “Christian Science Monitor”, ірацкія курды натхніліся афганскім прыкладам – калі група паўстанцаў з нацыянальных мяншыняў здолела захапіць Кабул на тле авіяўдараў ЗША. Цяпер курдзкія лідэры перакананыя, што шлях да іхнай бясьпекі ў будучыні ляжыць праз ірацкую сталіцу Багдад.

“Christian Science Monitor” дадае, што гэтая новая стратэгія супадае з мысьленьнем некаторых стратэгаў у Пэнтагоне, якія хочуць выкарыстаць курдзкія сілы разам з амэрыканскімі вайскоўцамі ў любым наступе на Садама Хусэйна.

Газэта цытуе шэйха Джафара Мустафу, аднаго з камандзіраў Патрыятычнага саюзу Курдыстану, які заявіў: “Амэрыка ёсьць найлепшым сябрам курдзкага народу, каб дапамагчы нам атрымаць самакіраваньне й голас у Багдадзе. Калі Амэрыка атакуе Садама, мы можам дапамагчы Злучаным Штатам дасягнуць посьпеху ў гэтай бітве”.

Вядома, што Садам Хусэйн мае вельмі сур’ёзны апарат бясьпекі ды магутную армію, а курды не валодаюць танкамі й бронемашынамі. Лідэр Дэмакратычнае партыі Курдыстану Масуд Барзані сказаў літаральна наступнае: “Мы ня можам скапіяваць афганскую справу”. Але ён зазначыў, што курды атрымалі ўрок ад Кабулу, і гэты ўрок палягае ў тым, што этнічныя мяншыні могуць узяць пад свой кантроль сытуацыю ды стаць гаспадарамі гэтай сытуацыі. Паводле спадара Барзані, цяпер курды сфакусуюцца найперш на разьвязаньні ірацкіх праблемаў.

Што да адрозьненьняў, дык амэрыканскія аналітыкі зазначаюць, што ў Афганістане ваенны балянс паміж Талібанам і апазыцыяй быў прыблізна роўны. А нават курдзкія прадстаўнікі прызнаюць, што могуць выставіць ад 60 да 70 тысяч чалавек супраць ірацкага аойска, якое налічвае 400 тысяч.

Праўда, калі параўноўваць сытуацыю з 1991 годам і тагачаснай вайной ЗША супраць Іраку, дык амэрыканскія мажлівасьці павялічыліся, ірацкая супрацьпаветраная абарона стала слабейшаю, і да таго ж цэлі для авіяўдараў у Іраку адшукаць лягчэй, чым у Афганістане.
XS
SM
MD
LG