Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАМЕСЬНІЦУ ПРАКУРОРА МЕНСКАГА РАЁНУ ТАМАРУ КНЯЗЕВУ МОГУЦЬ ПАЗБАВІЦЬ БАЦЬКОЎСКІХ ПРАВОЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Маральную й фізычную рэабілітацыю ў Рэспубліканскім дзіцячым санаторыі Мікіта Князеў праходзіць з 4 сакавіка. І за гэты час, паводле мэдыкаў, стаў улюбёнцам усяго пэрсаналу. Зь ім ахвотна сябруюць і дзеці.

11-гадовы хлопчык быў пераведзены сюды з хірургічнага цэнтру Менску, куды трапіў пасьля таго, як яго жорстка зьбіла ягоная прыёмная маці Тамара Князева — памочніца пракурора Менскага раёну. За гэты час жанчына двойчы спрабавала адведаць Мікіту, але той адмаўляецца зь ёй сустракацца. Гаворыць намесьніца галоўнага лекара санаторыя Ніна Петрачэнка:

(Петрачэнка: ) "Самая вялікая праблема ў нас зь ягонай мамай. Мама на дваццаты дзень прыехала, але пасьля гэтага візыту ён ня спаў дзьве ночы. Мама й яе сяброўка ўсё патрабавалі ад яго дараваньня, бо, нібыта, яны яму й не такое даравалі.

Другі раз ён сказаў, што ня хоча сустракацца з маці й ня выйшаў да яе. Я ня ведаю, якое можа быць злачынства ў дзіцяці, за што яго можна так катаваць. Бо гаворка йдзе не пра зьбіцьцё, а менавіта катаваньне. Магчыма гэта нейкія садысцкія схільнасьці.

Невядома, зь якой мэтай яна ўзяла хлопчыка, але, ва ўсялякім разе, не для таго, каб песьціць. Яе псыхічнае здароўе павінны сур’ёзна пракантраляваць спэцыялісты, бо яна працуе юрыстам і павінна мець нармалёвую псыхіку. Ва ўсялякім разе, мы, лекары, маем агульнае меркаваньне, што гэтая жанчына хворая".

Паводле словаў Ніны Петрачэнкі, хлопчык сам атрымаў сур’ёзную псыхічную траўму й яго нізавошта нельга пакідаць Тамары Князевай. Гэткага ж меркаваньня прытрымліваюцца настаўнікі школы, дзе вучыцца Мікіта, і бацькоўскі камітэт. Хадайніцтва з аддзелу апекі Маскоўскага раёну пра пазбаўленьне Тамары Князевай бацькоўскіх правоў было накіраванае ў суд яшчэ ў лютым. Але паседжаньне прызначанае толькі на 3 красавіка. Ды й тое дзякуючы актыўным патрабаваньням грамадзкасьці. Гаворыць загадчыца адзьдзелу апекі Вольга Барадзіна:

(Барадзіна: ) "З бацькоўскага камітэту тэлефанавалі, тэлефанавалі з "Камсамолкі", я тэлефанавала. Таму што дзіця павінна прыехаць, а яго няма куды дзець. Іх трэба было тузаць. Мы маем права хадайнічаць толькі пра скасаваньне бацькоўства. Але калі суд угледзіць дзеяньні, што падлягаюць крымінальнаму працэсу, то пракурор зробіць заяву й магчыма будзе яшчэ некалькі судоў".

У санаторыі, дзе Мікіта Князеў чакае вырашэньня свайго далейшага лёсу, зь сёньняшняга дня пачалася перазьменка. Наступны заезд дзяцей заплянаваны толькі на 1 красавіка. На гэты час практычна пакінутага на вуліцы хлопчыка прытуліла ва ўласным доме Кацярына Назаранка — кухар дзіцячага санаторыя "Астрашыцкі гарадок".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG