Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МОЖНА ЗАХАВАЦЬ КУЛЬТУРУ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ Ў КАНТЭКСЬЦЕ ГЛЯБАЛІЗАЦЫІ?


Уладзімер Глод, Менск

Глябалізацыя лічыцца праблемай сучаснага грамадзтва, аднак, як лічаць некаторыя дзеячы беларускай культуры, новым гэты працэс можна назваць толькі ўмоўна. Так, доктар філязёфіі Мікола Крукоўскі мяркуе, што яго вытокі трэба шукаць яшчэ ў часах эўрапейскага рэнэсансу, які ня толькі не перашкодзіў, а нават паспрыяў развіцьцю нацыянальных культур.

(Крукоўскі: ) "Росквіт нацыянальных культураў, у тым ліку і Беларусі, у форме Вялікага Княства Літоўскага і яго культуры прыходзіцца менавіта на эпоху Адраджэньня. Прычым, эўрапейскага адраджэньня".

Ён жа нагадаў, што на савецка-польскай мяжы ў Негарэлым у свой час вісеў велізарны лёзунг: "Камунізм зьмяце ўсе межы". Аднак чым скончыўся камуністычны варыянт глябалізацыі — агульнавядома.

І цяпер, на думку большасьці выступоўцаў, у глябалізацыі больш адмоўнага, чым станоўчага. Спрашчэньне, стандартызацыя, унівэрсалізацыя размываюць спэцыфічныя асаблівасьці народаў, адкідаюць на пэрыфэрыю народную творчасьць, аддаляюць людзей ад іх гістарычнай памяці. Наколькі гэта небясьпечна для беларускай культуры? На пытаньне адказвае пісьменьнік Васіль Якавенка, які ёсьць каардынатарам гэтага праекту:

(Якавенка: ) "Тэма глябалізацыі важная для Беларусі, як і для ўсіх краінаў сьвету. Выпрацоўваецца як бы новая ідэялёгія жыцьця, новы лад жыцьця і гэтак далей. І гэта абарочваецца разбурэньнем культуры. А для нас, беларусаў, гэта і так балючая тэма — разбурэньне культуры, зьнікненьне мовы. Дэклярацыя ЮНЭСКА аб культурнай разнастайнасьці — гэта як раз тое, што нас хвалюе, што трапляе ў рэчышча гэтых агульных клопатаў у сьвеце".

Якім шляхам павінны ісьці дзеячы беларускай культуры: ваяваць з глябалізацыяй, не заўважаць яе, не перабольшваць яе наступствы? Калі паспрабаваць падсумаваць усе погляды, дык адказ у самым агульным выглядзе такі: нельга выпадаць зь міжнароднага кантэксту, трэба знайсьці ў ім сваё уласнае месца.
XS
SM
MD
LG