Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВЯРТАНЬНЕ ЗАХІР-ШАХА


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Прадстаўніца міністэрства замежных справаў Італіі, якая займаецца пытаньнямі Афганістану, Маргарыта Банівэр сказала, што італьянская вайсковая выведка таксама мела трывожныя паведамленьні адносна бясьпекі Захір-Шаха. Таму пасьля размовы Буша з Бэрлюсконі Італія ўзяла на сябе адказнасьць за бясьпеку караля пасьля ягонага вяртаньня на радзіму.

Пра адтэрміноўку вяртаньня Захір-Шаха было афіцыйна абвешчана праз два дні пасьля згаданай тэлефоннай размовы і празь дзень пасьля таго, як пасол Злучаных Штатаў у Італіі Мэльвін Сэнблер наведаў у гэтай справе Бэрлюсконі й выказаў яму сваю заклапочанасьць. І Захір-Шах, і лідэр часовай афганскай адміністрацыі Хамід Карзай былі зьдзіўленыя такой незвычайнай пастановай італьянскіх уладаў. Паводле газэты “Chicago Tribune”, прадстаўнікі кабінэту Карзая адчуваюць сябе няёмка. Найбольш яны не задаволеныя тым, што пастанова пра затрымку караля была прынятая без кансультацыяў зь імі й фактычна навязаная ім.

Выглядае, што Захір-Шах, які ад часу перавароту ў Афганістане ў 1973 годзе жыве ў Рыме, ня вернецца ў Афганістан да сярэдзіны красавіка.

“Мы адчуваем адказнасьць ня толькі за вяртаньне караля, але і за ягоную бясьпеку пасьля вяртаньня”, – сказала Маргарыта Банівэр.

Захір-Шах кіраваў Афганістанам 40 гадоў, і гэта быў пэрыяд міру ў краіне. Многія афганцы спадзяюцца, што пасьля вяртаньня былы кароль стане асобай, вакол якой усе аб’яднаюцца. Мяркуецца, што ў чэрвені ён скліча нацыянальную асамблею “Лое Джырга”, якая абярэ новы ўрад.

На мінулым тыдні Захір-Шах сказаў, што яго цалкам задавальняюць гарантыі бясьпекі, якія яму дала часовая адміністрацыя краіны, але дадаў, што яму зразумелыя падставы затрымкі ягонага вяртаньня.

Тым часам у самім Афганістане да праблемаў вайны дадаліся праблемы іншага кшталту. Масавая паніка ахапіла жыхароў паўночнага раёну Баглан, пасьля таго як уначы ў панядзелак і раніцай у аўторак, з інтэрвалам восем гадзінаў, там адбыліся два магутныя землятрусы. Як найменш 10 тысяч чалавек страцілі дах над галавой, 1800 чалавек загінулі й 3 тысячы параненыя. Падрабязнасьці трагедыі невядомыя, бо выратавальныя групы толькі цяпер пачалі дасягаць гэтага раёну на верталётах.

З-за землятрусаў лідэр часовай адміністрацыі Хамід Карзай адмяніў паездку ў Турэччыну і сёньня на верталёце разам з урадавай групай прыляцеў у раён катастрофы, дзе ўжо пачалі дзейнічаць міжнародныя арганізацыі гуманітарнай дапамогі.
XS
SM
MD
LG