Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ЛІБАНСКАЙ СТАЛІЦЫ БЭЙРУЦЕ РАСПАЧАЎСЯ САМІТ ДЗЯРЖАВАЎ АРАБСКАЕ ЛІГІ


Юры Сьвірко, Прага

Як і чакалася, савудаўскі прынц Абдула сёньня заклікаў арабскі сьвет нармалізаваць стасункі з Ізраілем у абмен на сыход ізраільцаў з акупаваных імі тэрыторыяў. Прынц заклікаў да стварэньня палестынскае дзяржавы са сталіцай ва ўсходнім Ерусаліме й правам вяртаньня для ўцекачоў.

“Нягледзячы на ўсё тое, што адбылося – і што яшчэ можа адбыцца – найпершае пытаньне ў сэрцы ды розуме кожнай асобы ў нашай арабскай ды ісьлямскай нацыі – гэта аднаўленьне законных правоў у Палестыне, Сырыі ды Лібане”, – сказаў на саміце савудаўскі прынц Абдула.

Неўзабаве пасьля прамовы прынца Абдулы на саміце адбыўся скандал – палестынскаму лідэру Ясіру Арафату не дазволілі зьвярнуцца да саміту зь ягонае штаб-кватэры ў Рамале праз спадарожнікавую сувязь у жывым эфіры. Паводле галоўнага прадстаўніка палестынцаў на перамовах Саэба Эраката, прамова Арафата плянавалася адразу пасьля прынца Абдулы – у падтрымку ягонае мірнае ініцыятывы.

Аднак трансьляцыя выступу Арафата была заблякаваная, і гаспадар саміту лібанскі прэзыдэнт Эміль Лахуд абвесьціў перапынак у працы саміту. Сябры палестынскае дэлегацыі пакінулі залю паседжаньняў пасьля таго, як даведаліся, што лібанцы хацелі, каб Ясір Арафат зрабіў запіс сваёй прамовы для пазьнейшага паказу. Аднак, пакінуўшы паседжаньне, палестынцы заявілі, што не пакінулі саміт.

Але Арафатаву прамову перадаў арабскі тэлеканал “Аль-Джазіра”. Арафат заявіў пра ізраільска-палестынскі канфлікт: “Мы ёсьць ахвярамі акупацыі, паселішчаў і тэрору. Мы супраць забойстваў цывільных асобаў з абодвух бакоў. Але няўжо акупацыя, ізраільская акупацыя нашае зямлі й нашых сьвятыняў ня ёсьць пікам тэрору?”

У бэйруцкім саміце бярэ ўдзел і генэральны сакратар ААН Кофі Анан. На адкрыцьці саміту ён сказаў, што ізраільскі прэм’ер-міністар Арыэль Шарон і палестынскі лідэр Ясір Арафат “мусяць пацьвердзіць стратэгічны выбар на карысьць міру, які грунтуецца на справядлівым, трывалым і зразумелым урэгуляваньні”. Паводле Кофі Анана, іхная роля ды іхны абавязак – адвесьці свае народы ад краю прорвы, а гісторыя й народы рэзка асудзяць іх, калі яны гэтага ня зробяць.

Лібанскі прэзыдэнт, гаспадар саміту Эміль Лахуд зьвязаў ізраільскую палітыку з вайной на чале са Злучанымі Штатамі супраць тэрарызму. “Мы, арабы, першымі адрынулі й асудзілі тэрарызм, і мы кажам, што акупацыя ёсьць найгоршым тэрарызмам”.
XS
SM
MD
LG