Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІТОЎСКІЯ ДЭПУТАТЫ СПАДЗЯЮЦЦА НА ПЛЁННАСЬЦЬ БУДУЧЫХ ПЕРАМОВАЎ ЗЬ МЕНСКАМ


Валер Каліноўскі, Менск

Ёнас Чэколіс браў удзел у паседжаньнях кіраўнічых органаў Асамблеі ў Санкт-Пецярбургу і праводзіў там актыўныя перамовы наконт рэалізацыі ініцыятывы літоўскага прэм'ера Альгірдаса Бразаўскаса аб тым, каб Польшча і Літва выступілі пасярэднікамі ў перамовах Рады Эўропы з афіцыйным Менскам аб магчымасьцях дэмакратызацыі ў Беларусі і набліжэньня да эўрапейскіх старндартаў:

(Чэколіс: ) “Пра гэта мы гаварылі з калегамі і, як я магу пацьвердзіць, ёсьць вялікая зацікаўленасьць у тым, каб Беларусь была сябрам Рады Эўропы. Для гэтага трэба прайсьці немалы шлях, але гэта магчыма зрабіць. Аднак рух павінен зыходзіць зь Менску. Гэта трэба яшчэ раз патлумачыць менскім уладам, і усе магчымыя захады для гэтага могуць быць добрымі”.

Паводле спадара Чэколіса, эўрапейскія парлямэнтары разумеюць ініцыятыву Літвы як яшчэ адну спробу наладзіць дыялёг зь беларускімі кіраўнікамі. Такіх спробаў было ўжо нямала, і часта яны заканчваліся нічым. Ці можна спадзявацца, што літоўска-польскае пасярэдніцтва, нават на высокім узроўні, можа прынесьці плён? Гаворыць Ёнас Чэколіс:

(Чэколіс: ) “Мы самі задаем сабе тое самае пытаньне. І я думаю, што такі шанец ёсьць, проста таму, што мы, па-першае, суседзі, у нас шмат агульных эканамічных праектаў. І таму мы разумеем Беларусь і яе ўлады лепей, чым іншыя. Магчыма, нам будзе лягчэй знайсьці агульную мову, альбо хаця б будзе лягчэй патлумачыць тыя прынцыпы, тыя ўмовы, якія вылучаюцца Радай Эўропы на больш зразумелай мове, што прымусіць Менск даць адказ на пытаньне, як яны бачаць будучыню сваёй краіны ў Эўропе, што аб'ядноўваецца”.

Ёнас Чэколіс яшчэ ня можа сказаць дакладна, якая працэдура спатрэбіцца для зацьвярджэньня Радай Эўропы літоўскай ініцыятывы:

(Чэколіс: ) “Гэта адкрытае пытаньне, я думаю, што ў хуткай будучыні мы будзем мець канкрэтны адказ, але на сёньня прагназаваць, у якім кірунку ўсё пойдзе, складана. Я мяркую, што гэтая ідэя ня будзе адрынутая”.

На думку Ёнаса Чэколіса, верагодны тэрмін рашэньня Рады Эўропы па ініцыятыве Літвы — красавік. Аднак трэба дачакацца нейкай рэакцыі на гэтую ініцыятыву і зь Менску. Пакуль рэакцыі няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG