Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДРУЧНІКІ ДЛЯ БЕЛАРУСКІХ ШКОЛАЎ СТАЮЦЬ НЕПАТРЭБНЫМІ


Галіна Абакунчык, Менск

Падручнікі па гісторыі, матэматыцы, літаратуры, мове й іншых дысцыплінах — усяго каля тысячы асобнікаў — яшчэ ня выкрасьленыя зь цяперашняй праграмы школьнага навучаньня ў сярэдніх клясах агульнаадукацыйнай школы. Многія зусім новыя й нават у фабрычнай упакоўцы. Пасьля скасаваньня беларускіх клясаў яны больш за два гады праляжалі у адной са сталічных школаў, незапатрабаваныя ні гарадзкім, ні раённым аддзеламі адукацыі.

Чаму падручнікі не былі перададзеныя ў іншыя беларускія школы, дзіцячыя дамы-інтэрнаты ці іншыя навучальныя ўстановы, стала зразумелым, калі гэтае пытаньне я задала спэцыялісту па падручніках аддзелу адукацыі Фрунзэнскага раёну сталіцы Тамары Аўчыньнікавай:

(Аўчыньнікава: ) "Прабачце, калі ласка, я не вывучала беларускую мову. Размаўляце на рускай. Я не зусім вас разумею”.

(Карэспандэнтка: ) "Вы працуеце ў сыстэме адукацыі й не валодаеце беларускай мовай?"

(Аўчыньнікава: ) "Ну і што? Гэта не гаворыць пра тое, што я ня маю права тут працаваць. Я жыла ў Расеі. Дык што цяпер? У нашым раёне 43 школы й хіба можа адзін чалавек ведаць, каму ў якой школе што ўзбрыдзе ў галаву. Будзем разьбірацца цяпер".

Цяпер дырэктар разам з настаўнікамі напрамілы бог просяць ня згадваць нумар іхнай школы й праяўленую ініцыятыву. Замест падзякі за тое, што навюткія кнігі ня трапілі на сьметнік, яны асьцерагаюцца адміністрацыйных пакараньняў.

Звычайна лёс падручнікаў у такіх выпадках залежыць ад стаўленьня да беларускай мовы адміністрацыяў школаў. Ня выключана, што бальшыня зь іх трапляе ў макулятуру. Статыстыка ж сьведчыць, што пасьля сумнавядомага рэфэрэндуму 1996 году колькасьць беларускіх клясаў зьменшылася не на адну сотню, і гэты працэс яшчэ працягваецца. Паводле сакратара Таварыства беларускай мовы Сяргея Кручкова, такім чынам улады вызваляюць месца для новых падручнікаў, перавыданьне якіх узяў пад асабісты кантроль Аляксандар Лукашэнка.

(Кручкоў: ) "Гэта родная мова, родная літаратура, гісторыя — там, дзе ёсьць роднае беларускае слова. Гэта гаворыць пра тое, што прыйшоў час камусьці мяняць падручнікі. І беларускім падручнікам у новай сыстэме адукацыі, арыентаванай на ўніфікацыю з расейскай сыстэмай адукацыі, месца ня будзе. Гэта поўнае зьнішчэньне беларускай адметнасьці й стварэньне адзінай адукацыйнай прасторы. І таму ад іх пазбаўляюцца. І гэта адзіны выпадак, калі падручнікі ня выкінулі, а яны патрапілі да нас".

Яшчэ летась Міністэрства адукацыі прыняло праграму дадатковых захадаў для пашырэньня сфэры выкарыстаньня беларускай мовы. Паводле гэтай праграмы, прадугледжваецца адкрыцьцё беларускамоўных дзіцячых садкоў, навучальных установаў, у тым ліку сярэдніх спэцыяльных і нават вышэйшых. Тым часам Таварыства беларускай мовы канстатуе, што скарачэньне беларускамоўнага навучаньня працягваецца. А тысячу новых падручнікаў мяркуе падараваць беларускім школам Беластоку, бо дома яны непатрэбныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG