Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІХАІЛ ЧЫГІР ПАДАЎ ХАДАЙНІЦТВА АБ СПЫНЕНЬНІ КРЫМІНАЛЬНАЙ СПРАВЫ СУПРАЦЬ ЯГО


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Экс-прэм'ер назваў памылковымі зьвесткі пра тое, што другая крымінальная справа супраць яго перададзеная ў адзін з судоў Менску. Днямі такія зьвесткі паведамілі некаторыя СМІ, і Міхаіл Чыгір не выключае, што гэта сьвядомая дэзынфармацыя. Сам ён пэрспэктывы гэтай крымінальнай справы, якая ўжо больш году рассьледуецца ў сьледчым камітэце пры МУС Беларусі, называе вельмі няпэўнымі.

(Чыгір: ) "А справы ніякай няма, ёсьць толькі спроба апраўдаць маю адсідку, больш нічога. Гэтак званае дарасьсьледаваньне, якое праводзілася, па-першае, незаконнае, бо паводле новага кодэксу ніякага дарасьсьледаваньня быць ня можа. А па-другое, мае пазыцыі ў выніку толькі ўзмацніліся. Бо высьветлілася, што яны шэраг дакумэнтаў схавалі. Экспэрты занялі маю пазыцыю".

Нагадаю, што экс-прэм'ер быў затрыманы ў красавіку 1999 году паводле абвінавачаньняў у эканамічных злачынствах і правёў за кратамі 8 месяцаў. Праз паўгоду адбыўся суд, які прызнаў яго вінаватым толькі паводле аднаго эпізоду з шасьці, але і гэты прысуд быў неўзабаве скасаваны судом вышэйшай інстанцыі, а справу перадалі на новае расьсьледаваньне.

Пакуль яно цягнулася, сьледчыя распачалі яшчэ адну справу — цяпер Чыгіра абвінавацілі ў няўплаце падаткаў за час працы ў прадстаўніцтве нямецкага канцэрну "Гея" ў Маскве. Цікава, што, паводле Чыгіра, ён ўвогуле дарэмна сплаціў падаткі беларускай дзяржаве, бо паводле закону меў права гэтага не рабіць.

(Чыгір: ) "У 1998 годзе, калі я знаходзіўся за мяжой больш за 183 дні, я ўвогуле падаткаў плаціць не павінен быў. Таму я напісаў хадайніцтва, каб мне вярнулі падаткі, якія за гэты час я сплаціў".

Усяго за той пэрыяд Міхаіл Чыгір заплаціў суму, якая роўная прыблізна тром тысячам даляраў. Але сьледчыя спрабуюць даказаць, што ён яшчэ вінен 5 тысяч. Да гэтага абвінавачаньня яны дадалі эпізод зь першай крымінальнай справы пра вядомы мільён даляраў, які нібыта па віне Чыгіра зьнік у Канадзе. З гэтых дзьвюх частак і складаецца другая крымінальная справа супраць экс-прэм'ера.

Сёньня Міхаіл Чыгір накіраваў у Сьледчы камітэт МУС хадайніцтва аб скасаваньні гэтай справы, паколькі, як ён сьцвярджае, у ягоных дзеяньнях не было нічога злачыннага. Ці пагадзяцца з гэтым сьледчыя, стане вядома праз тыдзень. Калі не, тады гэтую крымінальную справу сапраўды перададуць у суд.

Сёньня ж я пацікавіўся ў Міхаіла Чыгіра лёсам ягонага сына Аляксандра, які нядаўна быў асуджаны на 7 гадоў турмы. Як высьветлілася, Аляксандар Чыгір дагэтуль знаходзіцца ў менскім сьледчым ізалятары, але ўмовы ягонага ўтрыманьня значна пагоршыліся. Ён пераведзены ў камэру, дзе знаходзяцца 26 вязьняў, а ложкаў толькі 15. Колькі часу ён прабудзе там — невядома.

Паводле Міхаіла Чыгіра, скарга на прысуд сыну яшчэ не разгледжаная, а значыць, і тэрмін касацыйнага разгляду справы не прызначаны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG