Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАЛАВЕК, НЕБЯСЬПЕЧНЫ ДЛЯ ПРАГРАМЫ “КАЛЫХАНКА”


Ірына Халіп, Менск

(Халіп: ) “Падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі было два кандыдаты, якія пасьпяхова займаліся клаўнадай. Адзін зь іх дайшоў да фіналу — гэта Сяргей Гайдукевіч, а другі — Яўген Крыжаноўскі — сышоў з дыстанцыі вельмі хутка. Чаму, Яўген?”

(Крыжаноўскі: ) "Пачнем з таго, што я ўжо ня раз чуў: гэта была кляўнада, рэклямная акцыя. Але я супраць гэтага. Я на поўным сур’ёзе ішоў у палітыку. Я хацеў, каб на нашым палітычным небасхіле зьявілася новая асоба, новы твар, новыя праграмы, ідэі. Я сапраўды хацеў стаць палітыкам. І прайграў не таму, што займаўся кляўнадай, а таму, што краіне я пакуль што не патрэбны”.

(Халіп: ) “Калі актор ідзе ў палітыку, заўсёды здаецца, што ён робіць гэта для дадатковай “раскруткі”, якая павінна прынесьці дадатковыя грошы. Але вы нічога, акрамя непрыемнасьцяў, не атрымалі ад сваёй прэзыдэнцкай кампаніі”.

(Крыжаноўскі: ) "Раскрутка не патрэбная была актору Рэйгану, калі ён ішоў на прэзыдэнцкія выбары. Раскрутка не патрэбная была драматургу Гаўлу, калі ён ішоў на выбары ў Чэхіі. Мне яна таксама не патрэбная. А наконт грошай — гэта сапраўды так. Я на сваю прэзыдэнцкую кампанію патраціў 300 ці 400 уласных даляраў. Але ніколькі не шкадую, бо за гэтыя грошы я набыў досьвед, які ні за якія грошы ня купіш”.

(Халіп: ) “Падзяліцеся досьведам, калі ласка”.

(Крыжаноўскі: ) "Я даведаўся, што такое апазыцыя, што такое ўлада, што такое народ. Для палітыка-пачаткоўца зразумець гэта за 400 даляраў — лічыце, бясплатна”.

(Халіп: ) “А вы зьбіраецеся працягваць свой шлях у палітыку?”

(Крыжаноўскі: ) "Абавязкова. Ужо падрыхтаваныя дакумэнты, якія будуць пададзеныя ў Міністэрства юстыцыі. Я хачу стварыць грамадзкую арганізацыю, якая будзе насіць назву “Менск — эўрапейская сталіца”. З такой мэтай, каб праз шмат гадоў гэтую арганізацыю называлі “Менск — сталіца Эўропы”.

(Халіп: ) “Вы тут узгадалі актора Рональда Рэйгана, якому ягоны акторскі імідж не перашкодзіў стаць прэзыдэнтам ЗША. Але ж Рэйган быў героем-любоўнікам, сапраўдным мачо — на кані, з рэвальвэрам, з высакароднай мэтай, які заўсёды перамагае...”

(Крыжаноўскі: ) "Я ведаю, пра што вы хочаце сказаць. Вы хочаце сказаць, што я — не такі? Гэта я, паважаныя слухачы, апрануў кашулю ды гальштук, каб спадабацца Ірыне, а яна кажа зараз, што я ня мачо. Добра, няхай я ня мачо! Але мне здаецца, што сёньня ў нашай палітыцы не хапае людзей, якія могуць усьміхнуцца, пажартаваць, распавесьці анэкдот — абаяльных людзей не хапае.

Калі глядзіш па тэлебачаньні якое-небудзь паседжаньне, на якое зьбіраюцца палітыкі, становіцца сумна. Такія ўсе сур’ёзныя! Я не сьцьвярджаю, што ўсе павінны быць падобнымі да Жырыноўскага ці майго любімага Васіля Шандыбіна, але ж хаця б усьміхаліся час ад часу!

Для мяне прыкладам зьяўляюцца палітыкі, якія ўзначальваюць СПС у Маскве — Барыс Нямцоў, напрыклад. Гэтыя людзі ўмеюць і працаваць, і жартаваць, і самі яшчэ абаяльныя. Вось я сябе лічу ня “мачом”, але абаяльным”.

(Халіп: ) “Згаджаюся з вамі наконт таго, што калі паглядзіш якую-небудзь урадавую нараду па тэлебачаньні, сапраўды робіцца сумна: твары, як на партрэтах Палітбюро — такія шэрыя, аднолькавыя...”

(Крыжаноўскі: ) “Я ўвогуле ня ведаю, чаму нашыя палітычныя дзеячы ня могуць усьміхацца — яны ж, напэўна, робяць гэта дома ці на нейкіх канцэртах... Чорт яго ведае!”

(Халіп: ) “Палітыкі ў нас не абаяльныя, усьміхацца ня ўмеюць, а вы, здавалася б, той самы чалавек, які гэта ўмее. Але кажуць, што комікі ў жыцьці — вельмі сумныя людзі”.

(Крыжаноўскі: ) “Так, я вельмі сумны чалавек, але ня ўнутрана, а звонку. Выгляд у мяне такі. Я калі іду па вуліцы, да мяне часам падыходзяць людзі й кажуць: “А што здарылася, у вас хто-небудзь памёр?” А я кажу: “Ды не, гэта выгляд такі”. Дарэчы, мой любімы комік Люі дэ Фюнэс быў вельмі сумным чалавекам, жыў у сваім замку на поўдні Францыі, ня меў зносінаў зь людзьмі... Але я ўнутрана вельмі вясёлы”.

(Халіп: ) “Яўген, чаму вы далучыліся менавіта да Сініцына, калі зьнялі ўласную кандыдатуру?”

(Крыжаноўскі: ) "Спачатку я хацеў бы патлумачыць, чаму я гэтую кандыдатуру зьняў. У палітыку мяне штурхнула мая прафэсія — прафэсія сатырыка, які жыве ў Беларусі. І вось што я маю на ўвазе. Сатырык Задорнаў, які жыве ў Маскве, ня можа быць палітыкам, таму што ў той Маскве ён можа жыць у доме з прэзыдэнтам. Ён сьмяецца з расейскіх недахопаў, але ж нічога зь ім ня робіцца. У мяне ж усё іншае.

Спачатку былі выклікі ў Міністэрства культуры, дзе мне ласкава казалі: ня трэба вам паказваць нашых палітыкаў, ня трэба вам паказваць наш парлямэнт, ня трэба вам паказваць нашага прэзыдэнта. Потым мяне зьнялі з галоўнае ролі на кінастудыі “Беларусьфільм”. Потым закрылі тэлепраграму “Панядзелак з “Хрыстафорам”, потым праграму “Пошта радыё Бі-Эй з “Хрыстафорам”. Усё гэта прымусіла мяне пайсьці ў палітыку.

Чаму я зьняў сваю кандыдатуру? Ведаеце, я малады палітык — не па ўзросту, а па досьведу. І я ня ведаў, што “хахол” ня можа быць прэзыдэнтам. Дакладней, не “хахол”, якім я зьяўляюся, а чалавек, які нарадзіўся ва Ўкраіне. Гэтага я ня ведаў, і калі мне сказалі, што ў любым выпадку я не змагу ўдзельнічаць у выбарах, я спыніў сваіх сяброў, якія зьбіралі подпісы, і сказаў: усё, больш ня трэба.

Калі на іншых кандыдатаў працавалі тысячы людзей, то на мяне — 96 чалавек. Яны працавалі за ідэю, а не за грошы. А потым я зьняў кандыдатуру і думаў, да якой каманды далучыцца. Мне вельмі падабаецца спадар Фядута, зь якім мы вельмі даўно знаёмыя. Калі ён пазнаёміў мяне зь Сініцыным, я падумаў: а чаму не Сініцын? Мне тады здавалася, што каманда Сініцына вельмі моцная, мае расейскую падтрымку. Але ж на самой справе нічога не было. І зараз Сініцын ідзе сваёй дарогай, а я — сваёй”.

(Халіп: ) “Вы вельмі пераканўча распавялі пра тое, як вас зьнялі з галоўнай ролі на “Беларусьфільме”, як выклікалі ў Мінкульт. Як закрывалі тэле- і радыёпраграмы з вашым удзелам. Але зараз, пасьля вашага ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі, можа, і тэатр “Хрыстафор” будзе закрыты, і вам прыйдзецца выступаць па сельскіх клюбах. Вы да гэтага гатовыя?”

(Крыжаноўскі: ) "Мы ўжо выступаем па сельскіх клюбах і ня лічым гэта нейкай абразай. Вяскоўцам таксама трэба сьмяяцца. Але я ня веру, што тэатр закрыюць, бо я — яшчэ не тэатар “Хрыстафор”, я толькі галоўны рэжысэр.

Калі я пайшоў у палітыку, тэатар мяне не падтрымаў — у нас пачаліся спрэчкі, зьявілася апазыцыя, нэўтральная частка і тыя, хто мяне падтрымліваў. Апазыцыю я адразу загнаў на Бангалор — у нас, у Палацы культуры МТЗ, Бангалор у прыбіральні. І яны толькі там маглі гаўкаць — у грымёрцы я ім не дазваляў гэтага рабіць. А нэўтральным я паабяцаў галоўныя ролі.

Я спадзяюся, што ўлады не закрыюць тэатр, тым больш што я не зьяўляюся знакавай фігурай, якая была б небясьпечнай для сёньняшняга кіраўніцтва”.

(Халіп: ) “А чаму ж вас тады нават на Беларускае радыё не пусьцілі?”

(Крыжаноўскі: ) "Гэта мне самому незразумела. Але я мяркую, што гэта нейкі загад. Ці няма Аляксандру Рыгоравічу чаго рабіць, і ён кажа: “А што гэта там Крыжаноўскі робіць? Забараніць яму ўваход нават у мэтро!”

Не, я думаю, што гэта ініцыятыва нашых чыноўнікаў: “Выйдзе на Беларускім радыё гумарыстычная праграма “Кава на траіх”, а там Крыжаноўскі. Хто яго туды запрасіў, ён жа ў прэзыдэнты пёр? Не, лепш ня будзем зьвязвацца!”

Тое ж самае было і з “Калыханкай”, на якую запрасілі мяне і маю дачку Жэнечку, каб мы там перад мульцікам аб нечым паразмаўлялі. Я напісаў сцэнар, усё было падрыхтаванае, а потым яны, напэўна, падумалі: “А раптам прэзыдэнт “Калыханку” глядзіць?” Мне здаецца, што менавіта так усё гэтае адбываецца. Загаду ніякага няма, але ёсьць наш страх, які яшчэ з камуністычных часоў існуе ў кожнага”.

(Халіп: ) “Каму вы паабяцалі міністэрскія партфэлі, калі ішлі на прэзыдэнта?”

(Крыжаноўскі: ) "О, міністэрскія партфэлі — гэта, вядома ж, галоўнае ў любой выбарчай кампаніі... Але я ня мог нікому абяцаць гэтыя партфэлі, таму што тыя, хто ішоў побач са мной, былі простыя людзі. У мяне на пэйджэры ёсьць запісы — я іх захаваў — калі людзі проста перадавалі: “Мы з вамі, мы будзем вас падтрымліваць, скажыце, куды нам прыйсьці...”

Гэтыя людзі ішлі не за грошы. Але вельмі мяне расчаравала, калі я сустракаўся з апазыцыяй, тое, што першае пытаньне абавязкова было: “Ці ёсьць у вас грошы?” Я разумею, што кожнае выбарчае дзеяньне патрабуе грошай, але мае людзі мяне пераканалі ў тым, што ёсьць ідэя, якая ўсіх аб’яднае. Такім чынам, партфэлі я не раздаваў”.

(Халіп: ) “А вы думалі сур’ёзна пра тое, што будзеце рабіць, калі раптам станеце прэзыдэнтам?”

(Крыжаноўскі: ) "Вядома ж! Дні тры краіна б сьвяткавала, я думаю, а потым, калі б усе прачнуліся, я б выдаў свой першы дэкрэт — аб разгуле свабоды слова ў Рэспубліцы Беларусь. Усе газэты, усе часопісы сталі б апазыцыйнымі — я б іх прызначыў. Апазыцыйная дзіцячая газэта “Зорька”. Апазыцыйная “Советская Белоруссия”...

Я думаю, нашая праблема ў тым, што незалежная прэса ў заняпадзе. Прэса сапраўды павінна быць чацьвёртай уладай! І калі мы зможам сьцьвярджаць, што незалежная прэса ня проста існуе, а стала чацьвёртай уладай, тады мы зможам сказаць: мы зрабілі ўсё, што маглі, і пачалося сапраўднае жыцьцё, сапраўдная дэмакратыя”.
XS
SM
MD
LG