Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЗЬЯВІЦЦА Ў МЕНСКУ ПРАДСТАЎНІК ТЫРАСПАЛЮ?


Уладзімер Глод, Менск

Пасада паўнамоцнага прадстаўніка ў Беларусі ўключаная ў штатны расклад Адміністрацыі прэзыдэнта Прыднястроўя. Яна прыраўняная да рангу міністра. Аднак, каб спадар Караман мог пачаць сваю працу ў Беларусі афіцыйна, яго паўнамоцтвы спачатку мусіць прызнаць беларускі ўрад. Наколькі такая пэрспэктыва верагодная? На гэтае пытаньне адказвае прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь Павал Латушка:

(Латушка: ) "Мы пацьвярджаем нашыя папярэднія падыходы — Прыднястроўе зьяўляецца часткаю Малдовы. Без афіцыйнай згоды Малдовы і размовы ня можа ісьці аб адкрыцьці прадстаўніцтва Прыднястроўя ў Беларусі".

У Кішынэве таксама ня лічаць магчымым прызнаньне пасланьніка Прыднястроўя ў Менску. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Малдовы Юрые Віціён:

(Віціён: ) "У гэтым у нас ужо ёсьць, так сказаць, пэўны досьвед. Да гэтага Тыраспаль прызначыў свайго прадстаўніка ў Кіеў, які там ня быў прыняты. Нічога новага новае прызначэньне нам не адкрыла. Прынамсі, такі досьвед супрацьдзеяньня Тыраспалю ў ягоных спробах паказвае, што ёсьць узаемаразуменьне ў афіцыйных структурах усіх краінаў СНД".

Аднак афіцыйны Менск неаднаразова падкрэсьліваў свае сымпатыі да Тыраспалю. Восеньню 2000 году, калі там сьвяткавалі дзясятыя ўгодкі самаабвешчанай рэспублікі, на трыбуне знаходзіўся старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Васіль Даўгалёў. Дыпляматычны скандал тады зь вялікай цяжкасьцю ўрэгулявалі, спаслаўшыся на тое, што берасьцейская дэлегацыя прыяжджала ўстанаўліваць сувязі на ўзроўні суб'ектаў гаспадараньня.

Прыднястроўе не аднойчы наведвалі дэлегацыі так званай палаты прадстаўнікоў. Апошнім разам там пабывала намесьніца старшыні чарнобыльскай камісіі Марыя Худая. Яна ня толькі назірала там за непрызнанымі малдоўскім урадам выбарамі, але і выступала з прамовамі.

Менскі журналіст Раман Якаўлеўскі, які бываў у Прыднястроўі, увогуле лічыць, што "з другой паловы 1990-х гадоў Прыднястроўе выкарыстоўвае Беларусь як вакно ў сьвет, у тым ліку і на рынку гандлю зброяй". А ў брытанскім друку зьявілася паведамленьне, што перавалачнай базай для транзіту беларускай зброі на Блізкі Ўсход стала Прыднястроўская рэспубліка.

Намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Ўладзімер Нісьцюк сьцьвярджае: беларускія ўлады зараз адмаўляюць прадстаўніку Ігара Сьмірнова ў акрэдытацыі таму, што яны баяцца сапсаваць адносіны з афіцыйным Кішынэвам. Але, на думку спадара Нісьцюка, так доўга цягнуцца ня будзе.

(Нісьцюк: ) "Можна прадбачыць, і гэта ўжо бачна зараз, што будуць прадстаўнікі беларускіх уладаў супрацоўнічаць з прадстаўнікамі непрызнанай Прыднястроўскай рэспублікі. Таму што аднолькавы мэнталітэт, аднолькавыя падыходы, аднолькавы прававы нігілізм. Гэта тыя паплечнікі, безь якіх вельмі цяжка абысьціся ў вырашэньні сваіх асабістых пытаньняў. Гэта будзе працягвацца. Але ўжо будзе працягвацца пад коўдрай".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG