Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВУКОЎЦЫ ПРАПАНУЮЦЬ ЗРАБІЦЬ КУРАПАТЫ МЕСЦАМ СМУТКУ Й АДКУПЛЕНЬНЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Грамадзкае абмеркаваньне праблемы сымболікі курапацкага мэмарыялу наладзілі грамадзкія арганізацыі Архіў найноўшае гісторыі, "Дыярыюш" і Рэлігійнае аб'яднаньне прагрэсіўнага юдаізму. У дыскусіі бралі ўдзел прэзыдэнт гэтага аб'яднаньня Якаў Басін, гісторык культуры Вацлаў Арэшка, мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч, намесьнік старшыні БНФ прафэсар Юры Хадыка ды іншыя вядомыя асобы, што ўваходзяць у грамадзкую ініцыятыву "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты".

Гаворыць прэзыдэнт рэлігійнага аб'яднаньня прагрэсіўнага юдаізму Якаў Басін:

(Басін: ) "Праблема ў тым, што няма ніякіх сур'ёзных крытэраў, каб нейкім чынам вызначыцца па гэтай тэме. Гэта праз тое, што да нашага часу рэлігійныя сымбалі дамінуюць у масавай сьвядомасьці. Напрыклад, крыж — гэта хрысьціянскі сымбаль. Наўрад ці юдэі пагадзяцца, каб іхныя пахаваньні апынуліся пад крыжам. А што рабіць з мусульманамі?"

Такую думку падзяляе й гісторык Ігар Кузьняцоў, які доўгі час займаецца тэмай масавых бальшавіцкіх рэпрэсіяў у Беларусі. Паводле Кузьняцова, праблема сымболікі курапацкіх пахаваньняў вельмі сур'ёзная, бо акрамя хрысьціянаў, юдэяў і мусульманаў у тых магілах ляжаць і атэісты-камуністы, і якім чынам ушаноўваць іхную памяць — ставіць чырвоную зорку, ці што?

Прафэсар Юры Хадыка прапаноўвае свой варыянт агульнаграмадзянскага помніку ахвярам Курапатаў:

(Хадыка: ) "Павінен быць сьціплы, ляканічны сымбаль. І з улікам таго, што загінулі людзі розных веравызнаньняў і нацыянальнасьцяў, праблема ёсьць складанай. Я думаю, што ўсіх бы задаволіў роўнаканцовы грэцкі крыж. Ён быў сымбалем не ўкрыжаваньня, не хрысьціянства, а быў сымбалем агню, уваскрашэньня й вечнасьці. Першыя хрысьціяне яго выкарыстоўвалі не ў зьвязку з укрыжаваньнем, а якраз у зьвязку з канцэпцыяй уваскрашэньня".

Думку пра тое, што цэнтральны курапацкі помнік мусіць быць пазбаўлены выразнай канфэсійнай сымболікі, падзяляюць і іншыя навукоўцы. Нават пастар царквы Эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў Зьміцер Мамойка лічыць, што мэмарыял найперш мусіць нагадваць пра кароткае зямное жыцьцё чалавека.

Аднак удзельнікі грамадзкага абмеркаваньня уважаюць, што мэмарыял ня мусіць быць і знакам прымірэньня паміж ахвярамі й катамі, бо каты дагэтуль не пакаяліся ў сваіх злачынствах. Гаворыць Вацлаў Арэшка:

(Арэшка: ) "Памяць пра тых, хто забіваў, пра катаў — гэта яшчэ адна важная частка мэмарыялу. І нацыянальны помнік ахвярам рэпрэсіяў ня можа быць бяз гэтага напаміну. Без таго, што ня будзе названы сам факт існаваньня гэтых катаў. Катаў, якія не былі ніколі пакараныя і ў пэўнай ступені засталіся сымбалем дзяржаўнай палітыкі".

Хаця ўдзельнікі абмеркаваньня й адзначалі, што ў беларусаў дагэтуль няма агульнанацыянальнага грамадзянскага сымбалю, тым ня менш, усе яны прызналі, што галоўнай ідэяй будучага помніку мусяць стаць паняцьці "смутак і адкупленьне".

Удзельнікі абмеркаваньня таксама пагадзіліся, што пасьля таго як мэмарыял будзе збудаваны, трэба спыніць стыхійнае ўсталяваньне ў Курапатах крыжоў, каб ня ўносіць у цэльны ансамбаль элемэнты эклектыкі. Грамадзкае абмеркаваньне канцэпцыі мэмарыялу будзе працягвацца.
XS
SM
MD
LG