Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ АТРЫМАЎ 15 СУТАК АРЫШТУ ЗА ЎДЗЕЛ У СЬВЯТКАВАНЬНІ ДНЯ ВОЛІ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў Цэнтральны суд Менску прывезьлі затрыманых 24 сакавіка Алену Рашэтнікаву, Сяргея Барысава, Міколу Ігнатовіча, Ганну Сіўчык, Аркадзя Пярцоўскага і Сьвятлану Якушаву. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец прыйшоў у суд самастойна. Разгляд справы Алены Рашэтнікавай перанесьлі з прычыны заяўленага адводу судзьдзі. Сярод затрыманых апынуўся пэнсіянэр Аркадзь Пярцоўскі, які падчас так званай "зачысткі" меў неасьцярожнасьць выйсьці з крамы.

(Пярцоўскі: ) “У гэты момант тратуар быў ачэплены міліцыянтамі ў шлемах. Выйсьці не было куды, і я прытуліўся ля сьцяны. Меркаваў, што мяне наўрад ці схопяць, але чамусьці яны кінуліся на мяне. Два міліцыянты падхапілі мяне пад рукі і літаральна пацягнулі да аўтобусу і ўкінулі мяне туды. Я там ледзь не паваліўся. А потым склалі пратакол, дзе напісалі, што нібыта я крычаў лёзунгі, махаў рукамі... Я нават напісаў там у пратаколе, што маё затрыманьне — гэта грубае парушэньне закону й правоў чалавека".

Два дні запар у судзе разам з затрыманымі — людзі, якія таксама бралі ўдзел у акцыі. Сярод іх шмат моладзі. Учора яны прынесьлі бутэрброды з мінэральнай вадой і частавалі кожнага затрыманага, якога выводзілі з так званага "аўтазака". Упершыню журналісты пачулі крытычныя выказваньні на адрас кіраўнікоў БНФ.

(Маладафронтавец: ) "Столькі людзей было затрымана з гэтай арганізацыі, а ніводны кіраўнік ня толькі не прыйшоў на суды, але нават і на фінальнай стадыі акцыі не прысутнічалі. Гэта сьведчыць пра тое, што няма ўзаемападтрымкі і няма еднасьці".

(Прысутны ў судзе: ) "Суды над затрыманымі працягваюцца і сёньня, але ні сёньня, ні ўчора я не пабачыў тут ніводнага кіраўніка Фронту. Хаця тут судзілі ў тым ліку і намесьніка старшыні арганізацыі Паўла Севярынца".

Калі ў стасунку да іншых затрыманых суд абмежаваўся вынясеньнем папярэджаньняў, то лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца пакаралі арыштам на 15 сутак. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "15 сутак няволі — вось што можна атрымаць у нашай краіне за адзін сапраўдны Дзень Волі. За тое, што людзі сабраліся ўскласьці кветкі, прасьпяваць гімн "Магутны Божа" і прайсьціся пад нацынальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі па ходніках, культурна, па цэнтры беларускае сталіцы.

Я ацэньваю гэты прысуд як спробу запалохаць моладзь, таму што зараз падымаюцца веснавыя акцыі, працягваецца кампанія "Беларусь у Эўропу!". Абсалютна дакладна, што рэжым намагаецца запалохаць маладых людзей. Моладзь гэтым не запалохаць, Малады Фронт не запалохаць.

Малады Фронт нават падчас маёй "адсідкі" будзе дзейнічаць яшчэ больш актыўна. Мы пакажам і гэтаму рэжыму, і гэтай канкрэтнай судзьдзі, і міліцыянтам, і ўсяму сьвету, што беларуская моладзь будзе змагацца. Яна ўрэшце рэшт пераможа ў гэтай барацьбе і мы будзем жыць у вольнай дэмакратычнай Беларусі".

Пры канцы тыдня будуць судзіць астатніх затрыманых удзельнікаў шэсьця.
XS
SM
MD
LG