Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНДРЭЙ КЛІМАЎ ЗЬБІРАЕЦЦА ПРАЦАВАЦЬ ВАРТАЎНІКОМ У АДНОЙ СА СВАІХ БЫЛЫХ ФІРМАЎ, А Ў ВОЛЬНЫ ЧАС ЗАЙМАЦЦА ПАЛІТЫКАЙ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Жонка Андрэя Тацяна паведаміла, што гаспадар ужо з 6 раніцы на нагах — прызвычаіўся да турэмнага распарадку. Тэлефон, па якім мы размаўлялі, хрыпеў і цмокаў — апарат стары і ня раз біты. Мабільнага тэлефону Клімаў пакуль ня мае. Як і тэлевізара, кампутара, рознай побытавай тэхнікі ды пяцісотага "Мэрсэдэсу", які купіў калісьці адным зь першых у Менску — ўся маёмасьць Клімава альбо канфіскаваная, альбо на яе накладзены арышт.

Калісьці Клімавы меркавалі, што пераселяцца ў шыкоўныя апартамэнты ў доме на Лодачнай вуліцы, які пабудавала фірма Андрэя для менскага істэблішмэнту. Там цяпер жывуць дэпутаты лукашэнкавага “парлямэнту”, дыпляматы ды розныя начальнікі, а Клімава ягонай часткі жытла пазбавілі. Праўда, ён і пра гэта ўжо не шкадуе. Кажа, з задавальненьнем будзе жыць у кватэры жонкі у звычайным панэльным доме на вуліцы Жукоўскага.

(Клімаў: ) "Скажу гэтак, што зараз для мяне любыя жытловыя ўмовы пададуцца пяцізоркавым гатэлем у параўнаньні з тым, дзе я нядаўна быў".

Гэтак жа абыякава паставіўся Клімаў да свайго былога пяцісотага "Мэрсэдэсу". Паводле пэўных зьвестак, аўтамабіль пасьля канфіскацыі нібыта трапіў у службу бясьпекі прэзыдэнта, але там ён ці дзе яшчэ — Клімаву ўсё роўна. А вось што сталася зь фірмамі — ён будзе высьвятляць. У тым ліку паспрабуе абскардзіць прысуд і нешта вярнуць.

У тое, што гэта ўдасца, ён мала верыць, аднак не хвалюецца. Ён страціў будаўнічую фірму, банк, газэту, але не згубіў ніводнага сябра — нават набыў новых. Нешта зь ягонага былога бізнэсу яшчэ магчыма аднавіць, але па-сапраўднаму займацца бізнэсам ён пакуль не зьбіраецца. Лічыць, дзеля гэтага няма палітычных умоваў. Апроч таго, яшчэ на 5 гадоў ён пазбаўлены права займаць кіраўнічыя пасады. Тое, што закон абавязвае яго працаўладкавацца і пералічваць 20% заробку дзяржаве, таксама для яго не катастрофа. "Пайду ў грузчыкі ці вартаўнікі на адну са сваіх былых фірмаў. Уладальнік, нават былы, "сваю" маёмасьць заўсёды будзе ахоўваць лепш" — жартуе Клімаў.

А ў вольны час ён будзе займацца палітыкай як актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Клімаў кажа, што цяпер трэба працаваць па-новаму, бо пасьля выбараў прынцыпова зьмяніліся палітычныя ўмовы.

(Клімаў: ) "Апазыцыя перастала існаваць, засталіся толькі партыі, асобныя фрагмэнты. Затое ніводная з партыяў цяпер ня можа заявіць, што выключна яе палітычныя амбіцыі варта задаволіць ў першую чаргу. Адначасова зьмяніўся электарат. Усё ж калі людзям кажуць, што 75% зь іх прагаласавала за гэты рэжым, то гэта ўспрымаецца ня толькі як падман, але як зьдзек. Нават тыя, хто жыве добра, а крыху ёсьць і такіх, сталі разумець, што зь імі ніхто ня будзе лічыцца і ў любы момант яны могуць страціць усё".

Андрэй Клімаў прапануе значна больш увагі зьвяртаць на сацыяльную і юрыдычную абарону людзей. На ягоную думку, найвялікшая слабасьць існуючага рэжыму у тым, што ягоныя прыхільнікі самі ня ў стане выконваць прынятыя законы і забясьпечыць дэкляраваныя правы грамадзянаў.

(Клімаў: ) "Трэба дайсьці да кожнага выбарца, каб кожны адчуваў, што нехта абараняе яго ад улады, якая спрабуе толькі прыціснуць. Калі будзе такая альтэрнатыва, то зьменіцца і стаўленьне простых людзей да апазыцыі".

Асабіста Клімаў плянуе працаваць з выбарцамі, якія сем гадоў таму абралі яго ў Вярхоўны Савет. Што да здароўя, то, мяркуе Клімаў, яму і пасьля турмы хопіць сілаў на гэтую працу. Зразумела, турма — не санаторый, але, паводле Клімава, ёсьць станоўчыя моманты і ў жыцьці за турэмнымі сьценамі:

(Клімаў: ) “Скажам так, гэта штосьці кшталту кляштара… Дазваляе весьці здаровы лад жыцьця”.
XS
SM
MD
LG