Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГОМЕЛЬСКІ ЦЭНТАР ЗАНЯТАСЬЦІ НАСЕЛЬНІЦТВА ПРАПАНУЕ ГАРАДЖАНАМ ПЕРАСЯЛЯЦЦА Ў ВЁСКУ


Казімер Яноўскі, Гомель

Усяго за 4 гадзіны ў цэнтар занятасьці насельніцтва зьвярнуліся больш 60 сем’яў гамельчукоў. Яны пажадалі атрымаць інфармацыю пра магчымасьць перасяленьня ў вёску.

За ўсе гады свайго існаваньня цэнтар яшчэ ня бачыў такога наплыву гараджанаў, якія хочуць пакінуць горад і перабрацца ў сельскую мясцовасьць. Намесьніца дырэктара цэнтру Алена Зямлянік тлумачыць:

(Зямлянік: ) “Цяжка зараз знайсьці працу ў горадзе. Многія прадпрыемствы прастойваюць. Надзвычай нізкія заробкі. Усё ідзе на харчаваньне. Болей сабе чалавек нічога дазволіць ня можа. У той жа час у вёсцы людзі спадзяюцца штосьці вырасьціць і нават прадаць”.

Аднак у вёсках сытуацыя ня лепшая за гарадзкую. Уладзімер Лазараў, жыхар Запясочнай Буды Гомельскага раёну, прыехаў у цэнтар занятасьці з надзеяй перасяліцца зь сям’ёй куды-небудзь у іншае месца:

(Лазараў: ) “Сям’я, дом ёсьць, але няма прымальных умоваў працы. Заробкі вельмі нізкія. У вёсцы ні клюбу, ні школы побач няма. Дзяцей возяць вучыцца за 7 кілямэтраў, і то зараз адмаўляюцца іх вазіць”.

Беспрацоўны гамяльчук, які назваўся Адамам Мікалаевічам, кажа пра марнасць пошукаў:

(Адамам Мікалаевіч: ) “Ката ў мяху табе могуць прапанаваць. Ты прыедзеш, а там пенсіянэраў 3 — 4 будзе жыць, і ты будзеш ім дапамагаць паміраць”.

Гэта, натуральна, надзвычай пэсымістычны пункт гледжаньня. Але лёс перасяленцаў часьцяком выглядае зусім не вясёлым.

Гараджанін Міхаіл Баранаў з жонкай і двума дзецьмі паводле накіраваньня цэнтру перасяліўся летась у саўгас “Каплічы” Калінкавіцкага раёну. Атрымаў дом, працу у вёсцы Ставыя Навасёлкі. Улікоўцам уладкавалася і жонка.

Аднак ужо праз паўгоду дырэктару саўгасу Анатолю Пазьняку прынцыповасьць прыежджага гараджаніна не спадабалася, і ён прымусам выселіў спадара Баранава з прадастаўленага дому. Міхаіл Баранаў вымушаны быў вярнуцца назад у Гомель.

Цэнтр занятасьці судзіўся з кіраўніком саўгасу “Каплічы” і адваяваў у яго 455 тысяч рублёў, затрачаных на перасяленьне сям’і Баранава. Аднак грошы сельгаспрадпрыемства пакуль не вярнула — іх у саўгасе проста няма.
XS
SM
MD
LG