Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ЗАДУШЫЛІ ДЭМАНСТРАЦЫЮ Ў МЕНСКУ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Польская прэсавая агенцыя ў матэрыяле “Беларусь. Дзясяткі затрыманых у Дзень Волі” падрабязна распавядае пра ўчорашнія падзеі ў Менску. “Найбольш актыўных удзельнікаў дэманстрацыі, якія хацелі рушыць да помніка Якубу Коласу, каб ускласьці кветкі, міліцыянты жорстка павалілі на зямлю, а потым пацягнулі ў міліцэйскія аўтобусы. АМОНаўцы не пашкадавалі і журналістаў. Рэпартэру агенцтва “Reuters” міліцыянты парвалі прэсавае пасьведчаньне і білет на самалёт да Афганістану”, — піша Польская прэсавая агенцыя і падкрэсьлівае, што сьвяткаваньне было абсалютна мірным.

“Рэпрэсіі ў Дзень Незалежнасьці” — так называецца артыкул у сёньняшнім нумары “Gazety Wyborczej”, якая паведамляе, што міліцыянты наладзілі сапраўднае паляваньне на ўдзельнікаў акцыі ў Менску, якія хацелі прайсьці да плошчы Якуба Коласа. “Некалькі дзясяткаў асобаў затрыманыя. У наступныя дні іх чакаюць вялізныя штрафы альбо арышт”, — піша “Gazetа Wyborczа”.

Іншы ўплывовы польскі штодзёньньік, “Rzeczpospolita”, у артыкуле “Арышты на Дзень Волі” распавядае таксама пра апазыцыйную акцыю ў Горадні, дзе міліцыянты заблякавалі увесь цэнтар гораду.

“Беларускія ўлады не прызнаюць ні традыцыяў Беларускай Народнай Рэспублікі, ані гімну “Магутны Божа”. Працягваецца праца дзяржаўнай камісіі, якая мусіць вызначыць, які твор будзе гімнам Беларусі. Хутчэй за ўсё ім застанецца савецкі гімн з новымі словамі”, — адзначае “Rzeczpospolita”.

Пра ўчорашнія падзеі ў Менску сёньня распавядае таксама агульнапольская газэта “Nasz dziennik” ды іншыя мэдыі.

Варта адзначыць, што некаторыя польскія сродкі масавай інфармацыі сёньня паведамілі пра выхад з турмы дэпутата Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, палітычнага вязьня Андрэя Клімава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG