Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПОЛЬШЧЫ ПРАЦЯГВАЮЦЬ СЬВЯТКАВАЦЬ ДЗЕНЬ ВОЛІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Аплядысмэнтамі віталі прысутныя на ўчорашнім сьвяточным канцэрце ў варшаўскім клюбе “Апэтыт Архітэктаў” паведамленьне аб выхадзе зь менскай турмы дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі Андрэя Клімава.

Тых, хто прыйшоў учора на беларускае сьвята, зарганізаванае Інстытутам беларускай культуры, чакала яшчэ адна, гэтым разам непрыемная, неспадзяванка. Беларускія ўлады затрымалі выдачу пашпарту гомельскаму барду Андрэю Мельнікаву, якіў мусіў выступіць у Варшаве, таму замест спадара Мельнікава сьпяваў запрошаны ў апошні момант Cерж Мінскевіч.

Ахвотныя маглі таксама пазнаёміцца зь перакладам на беларускую мову “Дзядоў” Адама Міцкевіча, які зрабіў Серж Мінскевіч. Аднак сапраўднай зоркай канцэрту быў вядомы гарадзенскі актор і бард Віктар Шалкевіч, якога гледачы не адпускалі са сцэны больш як дзьве з паловай гадзіны.

У часе канцэрту ў клюбе можна было купіць значкі зь беларускай нацыянальнай сымболікай, а таксама беларускія кніжкі й касэты, што ў Варшаве вялікая рэдкасьць.

Прысутныя падпісалі таксама зварот да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, у якім выказалі пратэст супраць рэпрэсіяў, ад якіх пацярпелі ўдзельнікі сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску і Горадні. Гаворыць аўтарка звароту Людміла Гулякевіч:

(Гулякевіч: ) “Для кожнага нармальнага чалавека, які любіць сваю айчыну, яе гісторыя – гэта сапраўдная каштоўнасьць. Тым больш такія старонкі гісторыі, як Дзень Незалежнасьці. Мы выказваем свой пратэст супраць дзеяньняў беларускіх уладаў, якія пры дапамозе міліцыі ды АМОНу арыштавалі дзясяткі ўдзельнікаў мірных шэсьцяў у Менску і Горадні. Мы бачым у гэтым яшчэ адзін прыклад палітычных рэпрэсіяў беларусіх уладаў”.

У хуткім часе зварот будзе перададзены ў беларускую амбасаду ў Варшаве.

А сёньня ў Варшаўскім унівэрсытэце адбыліся першыя дзьве лекцыі з цыклю беларускіх чытаньняў, зарганізаваных празь Беларускае аб’яднаньне студэнтаў, Беластоцкую эўрапейскую ініцыятыву і навуковы цэнтар “Альбарутэніка”. Доктар Энгелькінг і доктар Чыквін зь Беластоцкага ўнівэрсітэту прачыталі лекцыі аб беларускай меншасьці ў Польшчы і польскай у Беларусі.

Беларускія чытаньні ў Варшаўскім унівэрсытэце працягнуцца яшчэ і заўтра.
XS
SM
MD
LG