Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ДЛЯ МНОГІХ ЭЎРАПЕЙЦАЎ КАХАНЬНЕ ЦЯПЕР НЕ АЗНАЧАЕ ЖАНІЦЬБУ”


Віталь Цыганкоў, Прага

Б’ёрн Ліндал і Ніна К’ёлас не адчуваюць жаданьня абвяшчаць пра сваё каханьне перад нейкімі невядомымі ім чыноўнікамі ў муніцыпальным будынку альбо ў царкве. Таму яны не ажаніліся – ні калі пераехалі жыць разам, ні калі купілі свой першы дом, ні калі нарадзілі сына, якому зараз ужо 16 гадоў. “Мы вырашылі, што калі да нашага сына будуць чапляцца ў школе, мы падумаем пра жаніцьбу”, – кажа 45-гадовы Ліндал, які жыве з К’ёлас ужо 23 гады.

Аднак статыстыка паказвае, што цяпер каля паловы дзяцей у Нарвэгіі маюць няпоўную сям’ю альбо бацькоў, якія жывуць разам, не рэгіструючы свайго статусу. І ня толькі ў Нарвэгіі. Тэндэнцыя, што ўсё больш дзяцей нараджаецца ў нежанатых парах, найбольш выяўленая ў скандынаўскіх краінах, Францыі й Брытаніі, а найменш у Швайцарыі й паўднёвых краінах Эўропы.

У Нарвэгіі, напрыклад, 49% дзяцей нараджаецца цяпер ад нежанатых бацькоў. У Ісьляндыі гэтая лічба найбольшая – 62%. Нават у каталіцкай Ірляндыі, дзе разводы сталі легальнымі толькі сем гадоў таму, гэтая лічба складае 31%.

Статыстычныя зьвесткі ілюструюцца канкрэтнымі прыкладамі вядомых асобаў. У Брытаніі прэсавы сакратар прэм’ер-міністра Тоні Блэйра мае трох дзяцей разам са сваёй партнэршай. У Ірляндыі прэм’ер-міністар Бэрты Агерн ня першы год жыве з Цэлі Ларкін, дэ-факта першай лэдзі краіны, хаця дасюль афіцыйна не разьведзены са сваёй жонкай, маці ягоных дзяцей.

У Нарвэгіі Марыт Арнстад, незамужняя дэпутатка, стала цяжарнай, калі была міністрам паліва і гадуе свайго сына самастойна. Больш за тое, каранаваная асоба, нарвэскі прынц Хаакон, жыў са сваёй сяброўкай, маці-адзіночкай, і толькі летась ажаніўся зь ёй.

“Найбольш важная рэч, як мне здаецца, гэта якасьць дачыненьняў паміж удзельнікамі пары, а ня тое, жанатыя яны альбо не”, – кажа Клёд Мартын, сацыёляг, прафэсар францускага Інстытуту палітычных дасьледаваньняў. “У Францыі вельмі малая розьніца паміж жаніцьбай і сумесным пражываньнем, і малая розьніца паміж дзецьмі, народжанымі ў сям’і альбо па-за шлюбам”.

Такое стаўленьне да сям’і ў Эўропе значна адрозьніваецца ад амэрыканскага, дзе ўрад нядаўна абвесьціў, што будзе актыўна спрыяць інстытуту сям’і.

У Эўропе сацыяльная палітыка ў многіх краінах адмыслова накіраваная на тое, каб забясьпечыць усіх дзяцей аднолькавымі фінансавымі выгодамі, незалежна ад таго, у якой сям’і яны народжаныя. “Мы маем малую адданасьць інстытуту сям’і, гэта праўда, але мы маем адданасьць бацькоўскім абавязкам”, – кажа Кары Мохнэс, прафэсар сацыялёгіі з Нарвэгіі.

У Скандынавіі не прынята, нават не дапушчальна разрываць бацькоўскія дачыненьні. Прафэсар Мохнэс кажа, што ёсьць толькі адна прычына сумесна пражываючым парам ажаніцца афіцыйна. “Калі вы хочаце пажыць у ЗША, то вам лепш ажаніцца, бо гэта адзіная магчымасьць для вашых жонкі альбо мужа паехаць з вамі бясплатна”.

У Эўропе адзінокія жанчыны ўсё больш жадаюць мець добрую працу і адукацыю. У большасьці краінаў кантынэнту дзяржава выдаткоўвае маці-адзіночкам даволі значную дапамогу, нават калі яны працуюць і зарабляюць немалыя грошы. Дзякуючы дзяржаўнай палітыцы, незамужнія маці ў эўрапейскіх краінах матэрыяльна забясьпечаныя значна лепш, чым у ЗША, дзе каля паловы маці-адзіночак жывуць са сваімі дзецьмі за рысай беднасьці.

“Як маці-адзіночка ты больш ня мусіш саромецца”, – кажа 35-гадовая Катрын Лорэнцы, дзіцячы псыхоляг з Осьлё. Яна адна гадуе свайго 3-гадовага сына, яе былы партнэр, які ўжо мае трох дзяцей, пакінуў яе цяжарнай. Лорэнцы вырасла з маці, бо яе бацькі разьвяліся, калі ёй было 5 гадоў. Яе маці не працавала, а над Лорэнцы насьмяхаліся ў школе. “Але нашыя дзеці гэтага ўжо ня чуюць. Зараз гэта нашмат больш нармальна”, – сьцьвярджае яна.
XS
SM
MD
LG